Барысаглебская царква (Накрышкі)
Свята-Барыса-Глебская царква — праваслаўны храм у вёсцы Накрышках Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі.
Праваслаўны храм | |
Барысаглебская царква | |
---|---|
53°29′26″ пн. ш. 25°13′09″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Накрышкі |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Навагрудская |
Благачынне | Дзятлаўскае |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Заснавальнік | Францішка Стравінская |
Будаўніцтва | 1790—1821 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 413Г000703 |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьХрам закладзены ў 1790 годзе як уніяцкі памешчыцай Францішкай Стравінскай з роду Валадковічаў з бутавага каменю замест колішняй драўлянай святыні, якая стаяла да 1788 года на захадзе ад цяперашняй. Узвядзеннем царквы кіраваў святар Мікалай Міхайлавіч Бароўскі. Царква была дабудавана і асвечана ў 1821 годзе[1].
У 1860 годзе была адкрыта царкоўнапрыходская школа. У 1881 годзе на сродкі прыхаджан быў пастаўлены новы іканастас, асвечаны ў 1883 годзе. Будынак адрамантаваны ў 1885—1886 гадах малодшым інжынерам Іванам Трубнікавым[2].
У 1902 годзе царкву наведаў з архіпастырскім візітам епіскап Гродзенскі і Брэсцкі Іаакім. У сустрэчы архірэя ўдзельнічалі 200 дзяцей і хор з 60 чалавек. У 1907 годзе айцец Міхаіл Дзяканаў заснаваў праваслаўнае брацтва. У прыходзе дзейнічалі два вучылішчы, дзве царкоўнапрыходскія школы і дзве школы граматы; ўзведзены плябаніі для святара і псаломшчыка, адрамантавана царква[1].
Будынак пацярпеў у часе Першай сусветнай вайны. Дзякуючы айцу Канстанціну Гайдукевічу царкоўнае начынне ў 1915 годзе было эвакуявана ў Расію. Да канца вайны плябанія і гаспадарчыя пабудовы знаходзіліся ў паўразбураным стане, а ў царкоўнай рызніцы захоўвалася толькі адно старое ўбранне[1].
Настаяцелем царквы ў 1924—1931 гадах быў Антон Сокал-Кутылоўскі. Навучанне ў прыходскай школе адбывалася на польскай мове, аднак намаганнямі святара ў вёсцы Хвінявічы адкрылася прыватная беларускамоўная школа.
У Другую сусветную вайну царкву адрамантавалі: замянілі цагляныя хоры на драўляныя, памянялі кроквы, перакрылі дах гонтам. На яе гарышчы дзейнічаў партызанскі лазарэт[3].
Пасля вайны храм дзейнічаў. У канцы 1980-х гадоў да яго быў прыбудаваны прытвор. У 2010 годзе царква была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.
Архітэктура
правіцьХрам вырашаны ў архітэктуры позняга класіцызму. Кампактны прамавугольны ў плане аб’ём накрыты двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай часткай, вільчык якога па цэнтры адзначаны цыбулепадобным купалам на гранёным барабане. Архітэктурная выразнасць збудавання дасягаецца спалучэннем мастацкай бутавай муроўкі сцен з атынкаванымі элементамі дэкору: шырокімі пілястрамі, карнізам і падкарнізным поясам, ліштвамі высокіх арачных праёмаў (першапачаткова былі арачныя люкарны). Да галоўнага фасада далучаны каркасны ашаляваны прытвор, над якім на галоўным фасадзе шырокая паўкруглая люкарна хораў.
У інтэр’еры пры ўваходзе хоры на 2 слупах і бакавая 2-маршавая лесвіца на іх. Драўляны 3-ярусны іканастас зроблены ў 1883 годзе.
Перад храмам у правым кутку бутавай агароджы пастаўлена таксама змураваная з бутавага каменю 1-ярусная шатровая званіца.
Святары
правіцьУ царкве служылі святары: Мікалай Міхайлавіч Бароўскі (1788—1821), Пётр Міхайлавіч Бароўскі (1821—1847), Мікалай Пятровіч Бароўскі (1847—1878), Мікалай Міхайлавіч Вяхіраў (1878—1899), Міхаіл Пятровіч Дзяканаў (1899—1907), Канстанцін Гайдукевіч (1907—1918), Андрэй Максімавіч Кучук (1918—1924), Антон Андрэевіч Сокал-Кутылоўскі (1924—1931), Дзмітрый Ільіч Гладкоў (1931—1958), Андрэй Емяльянавіч Зянюк (1958—2010).
У 1904—1905 гадах псаломшчыкам у царкве служыў Феафан (Семяняка), будучы архіепіскап Мінскі і Беларускі[3].
Зноскі
- ↑ а б в Георгій Рой.. Накрышкі (руск.)(недаступная спасылка). Мінская духоўная семінарыя: часопіс «Ступені» №3 (39) (11 верасня 2010). Архівавана з першакрыніцы 29 студзеня 2020. Праверана 26.05.2020.
- ↑ Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 24. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2018. — С. 79
- ↑ а б Георгій Рой.. Вёска Накрышкі — зямля авеяная легендамі сівой старажытнасці роду Стравінскіх (руск.). Dyatlovo.by (2 мая 2017). Праверана 26.05.2020.
Літаратура
правіць- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Гродзенская вобласць. — 371 с., іл.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
правіць- Барысаглебская царква (Накрышкі) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Барысаглебская царква (Накрышкі) на сайце Radzima.org
- Барысаглебская царква (Накрышкі) на сайце «Архіварта»