Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў
Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў — колішні рымска-каталіцкі сакральны комплекс у г.п. Бялынічы, Магілёўская вобласць. Адзін з найбагацейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. У кляштары знаходзіўся цудатворны абраз Божай Маці, шанаваны хрысціянамі розных канфесій. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтвы да яго Бялынічы зваліся «Беларускай Чэнстаховай»[1].
Славутасць | |
Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў | |
---|---|
| |
53°59′40″ пн. ш. 29°42′31″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | архітэктура барока[d] |
Дата заснавання | 1624 |
Будаўніцтва | 1742—1763 гады |
Стан | Знішчаны |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьЗаснаваны ў 1624 годзе канцлерам вялікім літоўскім Львом Сапегам. Пазней апекунамі кляштара былі ўладальнікі Бялынічаў Агінскія. У 1634 годзе невядомы мастак намаляваў тут абраз Маці Божай, які знік у Магілёве ў Вялікую Айчынную вайну. У сярэдзіне XVIII ст. першапачатковыя драўляныя будынкі заменены мураванымі. Касцёл y стылі позняга барока пабудаваны ў 1742—1763 гг[2].
-
1861 г.
-
1882 г.
-
2-я пал. XIX ст.
-
1900 г.
Улады Расійскай імперыі закрылі кляштар у 1832 годзе, статус касцёла быў паніжаны да парафіяльнага[2]. У 1877 годзе у будынках былога кармеліцкага кляштара быў размешчаны Бялыніцкі манастыр Раства Багародзіцы, які існаваў да 1918 года. Колькасць манахаў дасягала 40 чалавек (на пачатку XX ст). Да Бялыніцкага манастыра быў прыпісаны і пазаштатны Мсціслаўскі Тупічэўскі манастыр. У храме захоўваўся цудатворны абраз Маці Божай, які застаўся ад кармелітаў[3].
У 1930-я гады ператвораны ў клуб, пры гэтым разбураны купал і фасад. Пасля вайны выкарыстоўваўся як кінатэатр, потым — склад. Касцёл узарваны ў 1960-я гады[2]. У корпусе кляштара некаторы час была школа, узарваны ў 1970-я гады, каб пабудаваць на яго месцы гандлёвы цэнтр.
Архітэктура
правіцьУ комплекс уваходзілі Успенскі касцёл, Т-падобны ў плане корпус кляштара (размаляваны фрэскамі), мураваная агароджа з уваходнай брамай, званіца, вежа з гадзіннікамі[2].
Касцёл
правіцьКасцёл уяўляў сабой трохнефаную крыжова-купальную базіліку з трансептам, даўжынёй 43 м, шырынёй 22, вышыня да скляпення 18 м[2]. Багата дэкарыраваны ордарнымі элементамі і скульптурамі галоўны фасад падзяляўся па гарызанталі на тры ярусы, раскрапаваныя антаблементамі, па вертыкалі — на пяць частак вязкамі пілястраў. Сярэдняя частка завяршалася фігурным франтонам, бакавыя — масіўнымі валютамі, прамежкавыя — вежамі, накрытымі гранёнымі купалкамі. Над уваходам з вялікім арачным парталам быў балкон з балюстрадай і акно ў ляпным абрамленні[2].
Інтэр’ер касцёла быў багата аздоблены драўлянай і стукавай скульптурай, а таксама сюжэтнымі размалёўкамі[2].
-
1862 г.
-
да 1918 г.
-
да 1911 г.
-
да 1918 г.
-
1923 г.
-
А. Вінер, 1939 г.
Роспісы
правіцьАўтарства трох кармеліцкіх храмаў у Бялынічах, Магілёве і Мсціславе належыць адным і тым жа асобам. З кармеліцкіх фінансавых дакументаў вядома, што цыкл кампазіцый у бялыніцкім кляштары належыць пэндзлю мастака Юзафа, які пазней выправіўся на працу ў Магілёў. Аднесці роспісы мсціслаўскага касцёла да тых жа мастакоў можна на падставе стылістычнага падабенства жывапісу і аздаблення, супадзення па часе выканання[4].
Вядома, што «мастак пан Юзаф» быў запрошаны кармелітамі ў Бялынічы менавіта для выканання дэкарацый з нагоды ўрачыстай каранацыі абраза[4].
З роспісаў кармеліцкага манастырскага комплексу да нашых дзён захаваліся толькі фрагменты жывапісу, знятыя рэстаўратарамі са сцен лесвічнай клеткі кляштара ў 1978 г. перад тым, як будынак быў узарваны[4].
Мастак-рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі так успамінаў пра выратаванне фрэсак[5]:
У Бялынічах была страшная гісторыя. Вось гэткімі днямі нас пасля Новага году выклікалі туды. Там данішчалі ўнікальны велізарны сабор і кляштар кармелітаў. Ён быў як цэлы горад… Мы хацелі пакінуць хоць гэтыя аскабалкі, закансерваваць, як напамін. Але зруйнавалі. Заставалася руіна, і ў ёй выявілі старасвецкія роспісы. Хацелі ўсё зносіць, але, нешта пабачыўшы на сценах, усё ж выклікалі нас. І вось мы паехалі туды ўзімку. Самае апошняе, што мы маглі зрабіць — гэта зняць жывапіс са сценаў ужо прысуджанага да знішчэння помніка дойлідства. Мы той жывапіс уратавалі. Знялі яго з чатырох сценаў і плафона й пераходу. Там была такая цікавая лесвіца, пераход ад кляштарных келляў у сабор. Там былі гэткія сюжэты пераўтварэння, як сон Якуба пра лесвіцу ў неба — нясенне Крыжа. Менавіта гэткія сюжэты, прыдатныя для выяваў па доўгім пераходзе, калі чалавек уздымаецца прыступка за прыступкай. І мы іх збераглі. |
Рэстаўратар Юрый Маліноўскі, які займаўся падрыхтоўкай да экспанавання знятых у Бялынічах роспісаў, адзначаў, што граф’я (след ад пераводу на тынк малюнка з папярэдне падрыхтаванага кардону) сустракаецца там выключна на фрагментах дэкаратыўнага аздаблення, самі ж выявы персанажаў намаляваны непасрэдна па тынку[4].
Сёння частка адрэстаўраваных фрэскавых кампазіцый з лесвічнай клеткі бялыніцкага кляштара захоўваецца ў музеі імя П. Масленікава ў Магілёве, частка — у Бялынічах[4].
На думку мастацтвазнаўца Катажыны Шаўрук кампазіцыя «Перамяненне Пана» з лесвічнай клеткі ў Бялынічах амаль цалкам супадае з вырашэннем таго ж сюжэта ў галоўным нефе архікафедральнага касцёла Святых Янаў у Любліне. Аўтарам роспісаў люблінскага касцёла з’яўляецца мараўскі мастак Юзаф Маер. У сваіх працах Ю. Маер выкарыстоўваў і надпісы на іўрыце, як і «мастак Юзаф», які распісваў бялыніцкую гадзіннікавую вежу. Шаўрук дапускае, што Ю. Маер быў тым самым запрошаным кармелітамі ў Бялынічы мастаком[4].
Зноскі
- ↑ Насевіч В. Бялынічы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 166.
- ↑ а б в г д е ё Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- ↑ а б в г д е Праблема вызначэння аўтарства кармеліцкіх роспісаў Магілёўшчыны: новыя звесткі / Шаўрук К. С. // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі : [зборнік артыкулаў] / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Дзяржаўная навуковая ўстанова «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры», філіял «Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы». — 2022. ― Вып. 32. ― С. 151―158
- ↑ Уладзімер Ракіцкі: «У Бялынічах была страшная гісторыя» . Наша Ніва (24 студзеня 2000). Праверана 16 красавіка 2024.
Літаратура
правіць- Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў // Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў