Гранд-Мэнан
Гранд-Мэнан (англ.: Grand Manan) — востраў у заліве Фандзі, частка канадскай правінцыі Нью-Брансуік. Плошча — 137 км². Насельніцтва (2016 г.) — 2360 чал.
Гранд-Мэнан | |
---|---|
англ. Grand Manan | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 137 км² |
Найвышэйшы пункт | 78 м |
Насельніцтва | 2 360 чал. (2016) |
Шчыльнасць насельніцтва | 17,23 чал./км² |
Размяшчэнне | |
44°41′49,60″ пн. ш. 66°46′38″ з. д.HGЯO | |
Акваторыя | Фандзі |
Краіна | |
Правінцыя | Нью-Брансуік |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Геаграфія
правіцьВостраў Гранд-Мэнан месціцца ў заходняй частцы заліва Фандзі за 75,9 км ад буйнога канадскага горада Сент-Джон і за 10,8 км ад ўзбярэжжа амерыканскага штата Мэн. Абрысы вострава нагадваюць трохкутнік. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 24,62 км. Найбольшая шырыня — 10,5 км.
Гранд-Мэнан мае доўгую і складаную геалагічную гісторыю. Асноўны масіў сушы сфарміраваўся ў выніку некалькіх серый вулканічнай актыўнасці, што пачалася ў дакембрыі, але асноўная серыя прыпала на юрскі перыяд. Заходні бераг з высокімі скаламі ўяўляе сабою тэктанічны разлом, які аддзяляе Гранд-Мэнан ад некалькіх драбнейшых астравоў з агульнай плошчай 5 км². На востраве сустракаюцца граніты, чырвоны пясчанік, асадкавыя пароды з узростам да 550 млн гадоў. Паўночная частка ў значнай ступені фарміравалася пад уздзеяннем апошняга ледавіковага перыяду. На яе паверхні шмат валуноў.
Клімат вільготны кантынентальны. Зіма прахалодная. У студзені сярэднія тэмпературы вагаюцца ад −4,6 °C да −0,3 °C. У жніўні сярэдняя тэмпература каля +18,7 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 1252,2 мм.
Прырода
правіцьДля вострава Гранд-Мэнан характэрна дамінаванне лугавой расліннасці з частымі зараснікамі хмызнякоў і лоз. У выніку ізаляцыі ад мацерыка фаўна сушы адносна бедная. Сустракаецца некалькі відаў грызуноў і кажаноў. У мінулым востраў таксама насялялі бабры, відавочна вынішчаныя ў XVII ст. Перасяленцы канца XVIII ст. іх ужо не сустрэлі. Зноў бабры з’явіліся на Гранд-Мэнане толькі ў сярэдзіне XX ст. дзякуючы дзейнасці чалавека. Сюды таксама былі завезены алені. Гранд-Мэнан знаходзіцца на шляху птушыных сезонных міграцый. Арнітолагі зарэгістравалі на ім болей за 360 відаў птушак. Марскія воды каля вострава населены кітамі, цюленямі, шматлікімі рыбамі і беспазванковымі.
Гісторыя
правіцьДа прыходу еўрапейцаў Гранд-Мэнан наведваўся індзейцамі. Сучасная назва паходзіць ад слова munanook («востраў» на мове пасамакуоды). У 1604 г. на ім спыняўся Самюэль дэ Шамплейн. Востраў быў фармальна ўключаны ў склад Новай Францыі. У выніку Сямігадовай вайны ўвайшоў у склад брытанскіх калоній. У 1784 г. на ім стала пасяліліся амерыканскія лаялісты. Захаваўся дом Мозэса Герыша, аднаго з першых пасяленцаў. У нашы дні ён пераўтвораны у музей.
Асноўным заняткам астравіцян з’яўлялася рыбалоўства. Гранд-Мэнан быў знакаміты ловам селядцоў, пазней — амараў. Да канца XX ст. прыродныя багацці марскіх вод былі ў значнай ступені вычарпаны, а таму лоў абмежавалі. Адносна новай эканамічнай галіной з’яўляецца турызм, але прыбыткі ад яго пакуль нязначныя. Астравіцяне насяляюць 3 прыбярэжныя вёскі. Дзейнічае сталая паромная пераправа.