Дом Кудзіна

колішні будынак у Ігумене (Чэрвені)

Дом Кудзіна — колішні мураваны будынак у горадзе Чэрвені Мінскай вобласці, які месціўся на заходнім боку плошчы Свабоды (дом № 8), на рагу з вуліцай Урыцкага.

Грамадскі будынак
Дом Кудзіна
53°42′53″ пн. ш. 28°24′55″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне Чэрвень
Архітэктурны стыль рысы мадэрну[1]
Дата пабудовы пачатак XX стагоддзя
Стан знесены
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Будынак (злева) у 1925 годзе

Пасля пажару 1899 года, у часе якога быў цалкам знішчаны драўляны цэнтр Ігумена (цяпер Чэрвень), у горадзе з’явілася новая цагляная забудова, узведзеная ігуменскімі майстрамі з мясцовай цэглы. Яна мела агульнае архітэктурнае рашэнне, аднолькавую форму вокнаў, ляпніну[2].

Сярод гарадской забудовы вылучаўся дом, пабудаваны ў пачатку XX стагоддзя ўрачом Кудзіным. У доме з моманту ўзвядзення месцілася Ігуменская павятовая ўправа, а доктар Кудзін атрымліваў арэндную плату[2].

З балкона будынка жыхарам горада было абвешчана пра звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне Савецкай улады. Пасля рэвалюцыі дом Кудзіна шмат гадоў выкарыстоўваўся як адміністрацыйны будынак. У ім размяшчаліся рэўкам, Савет народных дэпутатаў, райкам партыі, райвыканкам. У 1984 годзе ў будынку размясцілася раённая бібліятэка, з 1992 года ў трох залах адкрыты Чэрвеньскі раённы краязнаўчы музей[2].

Знос правіць

У чэрвені 2018 года ТАА «Універсальныя будаўнічыя тэхналогіі» было праведзена абследаванне будаўнічых канструкцый будынка, паводле вынікаў якога было вырашана умацаваць падмуркі жалезабетоннымі абоймамі па ўсім перыметры апорных сцен, умацаваць цагляную кладку апорных сцен, цалкам замяніць міжпавярховае перакрыцце і гарышча, умацаваць вонкавыя сцены будынка і іншае. Аднак Чэрвенскі раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб зносе дома і ўзвядзенні новага будынка ў псеўдагістарычным стылі, які не мае нічога агульнага з арыгінальным будынкам[1][3].

 
Дом Кудзіна ў траўні 2015 года

Супраць знішчэння будынка і за наданне яму ды шэрагу іншых будынкаў у горадзе статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці актывістамі была складзена петыцыя, пад якой падпісаліся больш за 400 чалавек. Міністэрства культуры Беларусі, рэагуючы на калектыўны зварот грамадзян, звярнулася ў Мінскі аблвыканкам і Чэрвеньскі райвыканкам аб неабходнасці прыняцця мер па захаванні гістарычных будынкаў. Аднак, Мінскі аблвыканкам у сваім адказе падтрымаў разбурэнне гістарычнага дома Кудзіна дзеля ўзвядзення новабудоўлі, бо, на думку чыноўнікаў, гэта «не парушыць гістарычную аб’ёмна-планіровачную структуру, культурны гістарычны ландшафт будзе захаваны». Таксама аблвыканкам не ўбачыў падстаў надаваць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці гістарычным будынкам у горадзе, аргументуючы гэта тым, што яны ў ходзе шматлікіх рамонтаў былі значна змененыя і страцілі аўтэнтычнасць[ru][1].

Будынак быў знесены 3 снежня 2019 года[4].

Архітэктура правіць

Помнік архітэктуры з рысамі мадэрну[1]. Двухпавярховы цагляны будынак Г-падобнай у плане формы. На галоўным фасадзе вылучаліся тры неглыбокія рызаліты, завершаныя невялікімі атыкамі з паўсферычнымі навершшамі. Паверхі падзяляліся гарызантальным поясам. Сцены фасадаў былі расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкараванымі веернымі замкамі. Будынак быў завершаны прафіляваным карнізам з парэбрыкам.

Мемарыяльныя дошкі правіць

 
Мемарыяльныя дошкі справа і злева адпаведна

У гонар абвяшчэння савецкай улады правіць

Устаноўлена ў 1979 годзе на доме, у якім у 1917 годзе была абвешчана Савецкая ўлада ў горадзе. У сакавіку 1917 года ў Ігумен прыйшла вестка аб перамозе Лютаўскай рэвалюцыі. Працоўныя горада падтрымалі петраградскі і маскоўскі рэвалюцыйны пралетарыят стачкамі, дэманстрацыямі і мітынгамі. Быў створаны Ігуменскі павятовы Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, які ў лістападзе 1917 года абвясціў аб пераходзе ўсёй улады да Саветаў. Вялікую работу на ўсталяванні ў павеце Савецкай ўлады праводзіў бальшавік Барыс Гарбачоў. Ён арганізаваў і ўзначаліў чырвонагвардзейскі атрад, які вёў барацьбу з контррэвалюцыйнымі элементамі за ўсталяванне рэвалюцыйнага парадку ў горадзе і павеце. Былі праведзены першыя мерапрыемствы, накіраваныя на ўстанаўленне рабочага кантролю над грамадскай вытворчасцю і размеркаваннем прадукцыі, паляпшэнне ўмоў працы і побыту працоўных, на барацьбу з разрухай і спекуляцыяй[5].

У гонар Чэрвеньскага падпольнага райкама КП(б)Б правіць

Устаноўлена ў 1984 годзе ў гонар Чэрвеньскага падпольнага райкама КП(б)Б, які дзейнічаў у Вялікую Айчынную вайну з кастрычніка 1942 года да 3 ліпеня 1944 года[6].

Зноскі

  1. а б в г Абаронім гістарычную забудову Чэрвеня! . Petitions.by (6 чэрвеня 2019). Праверана 06.12.2019.
  2. а б в Славутасці Чэрвеньскага раёна (руск.)(недаступная спасылка). Чэрвеньскі раённы выканаўчы камітэт (24 жніўня 2018). Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2019. Праверана 06.12.2019.
  3. У Чэрвені зьнясуць сядзібу краязнаўчага музэю, які месьціцца ў будынку XIX стагодзьдзя . Радыё Свабода (30 ліпеня 2019). Праверана 06.12.2019.
  4. Дамы на Савецкай і іншыя значныя страты архітэктурнай спадчыны ў Беларусі за 2019 год. // natatnik.by, 3 студзеня 2020
  5. 3140. Мемарыяльная дошка ў гонар абвяшчэння ўлады.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл.
  6. 3141. Мемарыяльная дошка ў гонар Чэрвеньскага падпольнага Райкома КП(б)Б.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 2. — 308 с.: іл.

Спасылкі правіць