Жаба азёрная (Pelophylax ridibundus ці Rana ridibunda) — земнаводнае сямейства сапраўдных жаб.
Даўжыня цела 6-13 см, маса да 200 г. Цела падоўжанае, морда авальная, крыху завостраная. Зверху цела афарбавана ў буравата-зялёны колер розных адценняў з цёмнымі плямамі. Уздоўж галавы і хрыбта ў большасці асобін (да 90 %), якія пашыраны ў Беларусі, праходзіць светлая паласа рознай ступені выразнасці. Ніжняя частка цела афарбавана ў брудна-белы або злёгку жаўтаваты колер, у большасці выпадкаў са шматлікімі цёмнымі, часам чорнымі плямамі. Вочы ярка-залацістага колеру. Лічынка-апалонік, светла-аліўкавай афарбоўкі, грушападобнай формы.
Гэта самы буйны від сярод земнаводных Палеарктыкі. Трапляюцца гіганты даўжынёй да 17 см. Самкі звычайна буйнейшыя за самцоў.
Афарбоўка спіны дапамагае азёрнай жабе заставацца незаўважанай сярод прыбярэжнай і воднай расліннасці. Гэтаму ў немалой ступені садзейнічае і светлая выразная паласа, якая нібы расчляняе цела і парушае суцэльнае ўспрыманне яго абрысу. У вадзе гэта паласа вельмі падобная на сцёблы водных раслін, якія ярка зелянеюць на цёмным фоне дна.
Жыве азёрная жаба ў пастаянных, дастаткова глыбокіх (не менш за 20 см) вадаёмах. Часцей за ўсё гэта старыцы, азёры, сажалкі, равы, але нярэдка яе можна сустрэць і ўздоўж берагоў рэк. Актыўная амаль круглыя суткі. У выпадках небяспекі азёрная жаба звычайна хаваецца ў вадзе. Палюе яна пераважна на сушы, уздоўж берагоў вадаёмаў, тут яе часцей за ўсё можна сустрэць у самы цёплы час сутак — з 12 да 17 гадзін. Як і ўсе жабы, азёрная корміцца рознымі насякомымі: лічынкамі стракоз, воднымі жукамі і іх лічынкамі, малюскамі. Калі ж наземнага корму недастаткова, азёрныя жабы ў вялікай колькасці паядаюць апалонікаў свайго віду, яны нават здольныя карміцца маляўкамі рыб. Але ў прыродных вадаёмах роля рыбы ў кармленні азёрных жаб мінімальная. Часта здабычай азёрнай жабы становяцца і маладыя жабяняты як свайго, так і іншых відаў. У адрозненне ад іншых земнаводных гэта буйная жаба часам нападае на дробных млекакормячых (палёвак, землярыек), дробных птушак, птушанят, маладых змей (часцей вужанят). Азёрная жаба сама бывае ахвярай драпежных рыб і рэптылій, нярэдка становіцца здабычай многіх відаў птушак і млекакормячых. Зімуюць азёрныя жабы звычайна ў тых жа вадаёмах, дзе жывуць у цёплы перыяд года, аднак часам мігрыруюць у больш глыбокія месцы, дзе ёсць крыніцы. Адыходзяць на зімоўку, калі тэмпература вады зніжаецца да 8-10 °C. У незамярзаючых вадаёмах з цёплай вадой жабы бываюць актыўныя амаль усю зіму.
Для азёрнай жабы характэрна класічнае кваканне. У самцоў у шлюбны перыяд у час спеваў у ротавых кутках надзімаюцца шэрыя шарыкі — рэзанатары, якія служаць для ўзмацнення гуку. Цікава, што відавая навуковая назва Rana ridibunda у перакладзе з лацінскай на беларускую мову азначае «рагатуха». Першую спробу голасу самцы азёрнай жабы робяць, калі вада днём праграецца да 14-16 °C. Спароўванне і нераставанне пачынаецца толькі ў той час, калі вада праграецца мінімум да 16 °C. Нераставанне пачынаецца ў найбольш нагрэтых і абароненых ад ветру месцах вадаёмаў. Перыяд размнажэння займае не менш як 30-35 дзён. Большасць асобін выбірае для размнажэння даволі глыбокія вадаёмы, якія зараслі раслінамі.
- Земнаводныя. Паўзуны: Энцыклапедычны даведнік. — Мн., БелЭн, 1996. — ISBN 985-11-0067-6.
- Пікулік М. М. Навошта нам амфібіі? — Мн.: Навука і тэхніка, 1992. — ISBN 5-343-00383-4.
- Пикулик М. М. Земноводные Белоруссии. — Мн.: Наука и техника, 1985.
- Пикулик М. М. Знакомые незнакомцы: Об амфибиях Белоруссии. — Мн.: Наука и техника, 1981.