Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Ізабелін)
Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла — каталіцкі храм (былы кальвінскі збор), размяшчаецца ў цэнтры вёскі Ізабелін (Ваўкавыскі раён), помнік архітэктуры барока.
Каталіцкі храм | |
Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла | |
---|---|
53°05′39,55″ пн. ш. 24°33′06,62″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Ізабелін |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Тып будынка | збор |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Ян Юрый Грабоўскі |
Дата пабудовы | 1778 год |
Статус | дзейнічае |
Стан | страчаны ў 1968, адноўлены ў 1993 |
Гісторыя
правіцьУ 1669 годзе тут адзначаецца парафіяльны касцёл Ваўкавыскага дэканата, але потым звесткі аб ім губляюцца. У 1778 годзе (дата пазначана на фасадзе, але цяпер не бачная) па фундацыі графа Яна-Ежы Грабоўскага тут быў пабудаваны з цэглы кальвінскі збор. У Ізабеліне была нават рэзідэнцыя кальвінскага суперінтэнданта (біскупа), тут адбываліся кальвінскія сіноды ўсёй Літвы. У 1897 годзе ў звестках згадваецца царква і кальвінскі збор, касцёл не ўпамінаецца.
Каталіцкая суполка ў Ізабеліне вядома толькі з 1931 года. У 1934 на сродкі вернікаў пачалося будаўніцтва драўлянага касцёла ў цэнтры плошчы мястэчка. У наступным годзе ізабелінскія католікі атрымалі статус самастойнай парафіі, а ў 1936 новазбудаваны драўляны касцёл быў асвечаны пад тытулам Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
Драўляны касцёл у Ізабеліне ўяўляў сабою трохнававую аднавежавую базіліку з паніжанай пяціграннай апсідай. Чацверыковая вежа-званіца завяршалася шатровым спічаком. 23 чэрвеня 1941 драўляны касцёл згарэў. Акупацыйныя нямецкія ўлады тады дазволілі каталікам збірацца на набажэнствы ў мураваным кальвінскім зборы. А праз некалькі гадоў самі кальвіністы перайшлі ў каталіцтва і старажытны будынак з гэтага часу стаў рымска-каталіцкім касцёлам. Падмуркі ж драўлянага касцёла да гэтага часу бачныя ў цэнтры плошчы мястэчка.
Пасля вайны пробашч ксёндз Міхал Шэмковіч быў арыштаваны. Ён вызваліўся ў 1953 і працаваў у Ізабеліне да сваёй смерці ў 1968 годзе. Пасля гэтага ўлады зачынілі касцёл, а ў 1974 будынак згарэў і быў пакінуты ў руінах. Былая святыня атрымала статус помніка архітэктуры, але заставалася ў руінным стане. У 1980-я гады ўлады вырашылі рэстаўрыраваць былы касцёл пад музычную школу, але змен не адбылося. Нарэшце, у 1989 годзе руіны перадалі вернікам, рэстаўрацыйныя працы вяліся паводле праекта, распрацаванага «Мінскархпраектам» у 1988 г. (архітэктар Г. П. Босак). Касцёл быў асвечаны гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам 18 ліпеня 1992 года пад тытулам святых апосталаў Пятра і Паўла, але парафія мае тытул Маці Божай Нястомнай Дапамогі[1].
Будынак плябаніі, які ў 1930-я гады быў пабудаваны з дрэва па-за апсідай драўлянага касцёла, вярнулі парафіі пакуль толькі часткова, а частку па-ранейшаму займае мясцовая амбулаторыя.
Архітэктура
правіцьКасцёл вырашаны кампактным прамавугольным у плане аб’ёмам з паўкруглай апсідай, накрытымі агульным двухсхільным дахам. Архітэктура прадстаўлена масіўнымі формамі, спрошчанымі прапорцыямі, без сакрыстый. Над франтонам уваходнага фасада ўзвышаецца аднаярусная чацверыковая вежа-званіца са зрэзанымі вугламі (барокавае завяршэнне не захавалася) і пакатым шатровым пакрыццём. Сіметрыя галоўнага фасада падкрэслена нізкім прамавугольным уваходным праёмам і высокім арачным акном над ім (асвятляе хоры). Плоскасныя фасады амаль пазбаўлены дэкору, элементы якога (філёнгі, разетка, крыжовыя і прамавугольныя нішы, абломы) сканцэнтраваны на франтоне галоўнага фасада. Рэгулярную рытміку сцен бакавых фасадаў ствараюць арачныя вокны і буйныя лапаткі ў прасценках і па вуглах. Будынак апяразаны па перыметры карнізам спрошчанага профілю з цягай, адлівам нізкага цокаля.
Інтэр’ер
правіцьУ адназальнай прасторы храма пры ўваходзе вылучаны невялікі нартэкс, на двух гранёных слупах і крыжовым скляпенні якога размешчана галерэя хораў. Залавы інтэр’ер перакрыты плоскай драўлянай столлю. Калі касцёл у 1990-я гады зноў пачаў дзейнічаць, унутры быў галоўны алтар з тытульным абразом святых Пятра і Паўла і бакавыя алтарныя кампазіцыі: злева — з абразом св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, справа — з абразом Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Адбывецца рэканструкцыя. Над уваходам зроблены арганныя хоры на дзвюх масіўных калонах.
Зноскі
- ↑ Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Ізабелін) на сайце Catholic.by (бел.)
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.