Канада, або канара (саманазва ಕನ್ನಡಿಗ канадыга) — дравідыйскі народ у Паўднёвай і Цэнтральнай Індыі, асноўныя насельнікі штата Карнатака. Агульная колькасць у Індыі - 38 млн (2001 г.).

Канада
(ಕನ್ನಡಿಗ )
Агульная колькасць 38 млн
Рэгіёны пражывання Індыя
Мова канада
Рэлігія індуізм, джайнізм, іслам
Блізкія этнічныя групы тэлугу, тамілы, бадага, тулу, кадава, курумба, гонды

Паходжанне правіць

Мова канада вылучылася з іншых дравідыйскіх моў у канцы 1 тысячагоддзя да н. э. Шырока выкарыстоўвалася ў джайнісцкай літаратуры. Аднак насельніцтва, якое размаўляла на ёй, не вылучалася як асобны народ да канца XIX ст. У працэсе нацыянальнага адраджэння Індыі пачалося даследаванне мовы канада. З'явіліся прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія лічылі сябе канада. Аднак нацыянальны рух быў развіты слаба. Сялянскі рух з'явіўся толькі ў гады II Сусветнай вайны.

У 1956 г. на аснове моўнага падзелу Індыі быў створаны штат Майсур, перайменаваны ў Карнатака ў 1973 г. Канада склалі ў ім большасць насельніцтва.

Культура правіць

Матэрыяльная культура правіць

Асноўным заняткам канада здаўна з'яўлялася сельская гаспадарка. Вырошчваюць рыс, проса, кукурузу, арахіс, бавоўну, цукровы трыснёг і інш. У далінах буйных рэк і ў засушлівых мясцовасцях практыкуецца ірыгацыйнае земляробства. У гарах былі створаны плантацыйныя гаспадаркі, на якіх вырошчваюць камерцыйныя культуры. Вынікам абеззямельвання сялян стала з'яўленне вялікай колькасці сельскагаспадарчых рабочых-мігрантаў.

Распаўсюджаныя рамёствы - гарбарнае, вытворчасць керамікі, разьба па дрэву, слановай косці, мастацкае ткацтва. Канада здаўна былі ўцягнуты ў прамысловую здабычу карысных выкапняў. У XIX ст. была створана сучасная на той момант цяжкая і лёгкая прамысловасць.

Вёскі канада - невялікія па памерах паселішчы. Раней яны канцэнтраваліся вакол сядзібы памешчыка. Колькасць жыхароў рэдка перавышае 500 чал. У гарах паселішчы яшчэ меншыя, распаўсюджаны хутары. Хаціны глінабітныя ці цагляныя. Часцяком для будаўніцтва ўжываюць гліну, змяшаную з каменнем. Дахі крыюць чарапіцай, але сустракаюцца дахі з лісця або плоскія гліняныя. Хаціны маюць у даўжыню 10 - 15 м. Перад хацінай узводзяць платформу для сушкі ўраджаю. Перадпакоі выкарыстоўваюцца для хатняй жывёлы і захавання збожжа. За імі ладзяць кухні і памяшканні для адпачынку. Памяшканні адной гаспадаркі будуюцца шчыльна адно да іншага або агароджваюцца гліняным мурам.

Жанчыны апранаюць сары, звычайна доўгія, прычым галаву затуляюць іх верхняй часткай. Мужчыны носяць кашулі і шырокія штаны. У сельскай мясцовасці і ў гарадах таксама папулярны шорты. Распаўсюджаны галаўны ўбор - цюрбан. Прадстаўнікі вышэйшых каст упрыгожваюць яго вузкім арнаментам па краях.

Сацыяльная арганізацыя правіць

Жыхары вёсак звычайна падзяляюцца на земляробаў, якія складаюць аснову насельніцтва, пастухоў і рамеснікаў. У сельскагаспадарчых абшчынах таксама маюцца свае сяляне-слугі (прыбіральнікі, лаўцы пацукоў, паляўнічыя) - звычайна прадстаўнікі ніжэйшых каст, а таксама святары. Багатыя землеўладальнікі ў мінулым мелі служак-парыяў халемага, якіх яшчэ называлі "старымі сынамі". Яны цалкам залежалі ад гаспадара, выконвалі розныя абавязкі ў яго гаспадарцы, у тым ліку рытуальныя, за што атрымоўвалі збожжа, салому, мяса загінулай жывёлы і г. д. Вясковай абшчынай кіруе рада з выбарных прадстаўнікоў. У другой палове XX ст. з'явіліся кааператывы, якія часткова адсунулі правамоцтвы радцаў.

Для канада характэрны каставы падзел грамадства. У межах кожнай касты вылучаюцца экзагамныя групы балі, што носяць назвы розных жывёл. Прычым, назвы балі перадаюцца па жаночай лініі.

У сельскай мясцовасці і гарадах распаўсюджаны вялікія пашыраныя сем'і, аднак усё большую распаўсюджанасць атрымоўваюць малыя нуклеарныя. У канада распаўсюджаны звычаі другаснае замужжа ўдоў, вяселле ў хаце нявесты, ўсынаўлення зяця. Палігамія сустракаецца рэдка.

Духоўная культура правіць

Распаўсюджаны тэатральныя відовішчы, спевы, музыка і танцы.

Народны тэатр якшагана прадстаўлены малымі трупамі з 2 акцёраў-мужчын, якія выконваюць адзін станоўчую, а другі адмоўную ролі. Відовішча суправаджаецца танцамі і пантамімай. У XIX - XX стст. яны адаптавалі не толькі індыйскія, але і еўрапейскія п'есы. Папулярнасць якшагана, а потым кіно прывяла да неразвітасці іншых форм тэатру.

На поўначы Карнатакі здаўна практыкуюць вывучэнне баявых мастацтваў.

Рэлігія правіць

Большасць вернікаў спавядае індуізм, але сярод канада распаўсюджаны розныя яго напрамкі. Сярод прыхільнікаў Шывы ў XII ст. узнік культ лінгамаў. Яго прадстаўнікі вірашайва з'яўляюцца прадстаўнікамі розных каст, не строга выконваюць каставыя звычаі, хаваюць нябожчыкаў у сядзячым становішчы, не ужываюць мяса і алкагольныя напоі.

Сярод канада ёсць таксама джайністы і мусульмане. У Майсуры знаходзіцца рэзідэнцыя главы ўсіх джайністаў Індыі. Іслам распаўсюджаны галоўным чынам сярод гараджан. У пабытавым жыцці мусульмане захоўваюць шматлікія індуісцкія звычаі.

Мова правіць

Мова канада адносіцца да дравідыйскай групы моў. Мае старажытныя традыцыі, аднак сучасная літаратура, ужыванне ў сродках масавай інфармацыі істотна абмежаваны. Многія прадстаўнікі сярэдняга класу і вышэйшых пластоў грамадства аддаюць перавагу англійскай мове і хіндзі, што выклікае занепакоенасць сярод інтэлектуалаў.

Літаратура правіць