Карчовае

вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Карчоў)

Карчо́вае[3] (трансліт.: Karčovaje, руск.: Корчёвое) — вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавета.

Вёска
Карчовае
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
1600 год
Вышыня цэнтра
127 м[1]
Насельніцтва
  • 113 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Паштовыя індэксы
247601[2]
Аўтамабільны код
3
Карчовае на карце Беларусі ±
Карчовае (Беларусь)
Карчовае
Карчовае (Гомельская вобласць)
Карчовае

Гісторыя

правіць

Карона Каралеўства Польскага

правіць
 
Герб «Бонча» роду Харлінскіх.

Найраней вёска Карчовае, прыналежная да Астраглядавіцкіх добраў пана Шчаснага Харлінскага, падкаморага кіеўскага, згаданая ў судовай справе ад 22 чэрвеня 1600 года. Тады колькі яе жыхароў збеглі да паселішчаў Брагінскага маёнтку князя Вішнявецкага, кіраванага адміністратарам Янам Бжыцкім[4]. Надалей ажно да рэформеннага ўжо ў Расійскай імперыі перыяду Карчовае належала тым самым уладальнікам, што і Астраглядавічы з Хойнікамі, г. зн. пасля Харлінскіх — Мікалаю Абрамовічу (Абрагамовічу), Максіміліяну Бжазоўскаму, князям Шуйскім, сямейству Прозараў[5].

12 чэрвеня 1618 года пан Мікалай Харлінскі, уладальнік Хойніцкіх добраў, паклікаў у суд панства Гальшку з Гулевічаў і Міхала Лозкаў за тое, што іх падданыя з маёнтку Загалле забралі валоў у яго падданых з Карчоўкі (Korczewka), Паселічаў, Малішава, Хвойнікаў і інш., ды ўвялі іх да добраў Рожава. 12 снежня 1618 года датаваная скарга рэчыцкага старасты Аляксандра Служкі на пана Лукаша Сапегу за непрызнанне яго паверанага ў справе размежавання маёнткаў Апачыцы і Чарнобыль асобай паўнапраўнай, бо, маўляў, той не меў аселасці ў Кіеўскім ваяводстве. І гэта нягледзячы на сведчанне вознага пад прысягай, што ён увёў названага паверанага, шляхціча Аляксандра Нелавецкага, у пажыццёвае валоданне сялом Карчоўка, згодна з запісам пана Мікалая Харлінскага[6]. 7 чэрвеня 1623 года ўдава Гальшка Харлінская судзілася з панамі Станіславам, Юрыем і іншымі Харлінскімі, роднымі братамі і сваякамі мужа Мікалая, за гвалтоўны наезд на замак і вёску Астраглядавічы, мястэчка Новы Харленж (Хойнікі), вёскі Хойнікі, Вялікі Бор, Гарошкаў, Рашаў, Карчоўка[A][7]. 8 ліпеня 1631 года запісам у актах Кіеўскага земскага суда[B] засведчана пагадненне на саступку часткі Астраглядаўскіх добраў (з Карчовым) Шчасным, сынам Станіслава, Харлінскім пану Лукашу Мадлішэўскаму, наступнаму мужу ўдавы Гальшкі, за суму ў 60 000 польскіх злотых[8].

 
Герб «Святы Юрый» (Георгій Перамаганосец) князёў Шуйскіх. Фота Анатоля Бензярука.

Магчыма, жыхары вёскі былі ў ліку тых 77 дымоў (×6 — каля 462 чалавек) Хойніцкага (раней Астраглядаўскага) маёнтку князя Канстанціна Яна Шуйскага, якія паводле звестак на восень 1686 года, з-за гвалту як ад казакоў, так і ад жаўнераў урадавых войск, адыйшлі ў больш спакойныя мясціны. У інвентары 1698 года добраў князя Дамініка Шуйскага, харунжага берасцейскага, Карчовае, а таксама Малішаў, Гарошкаў ды неіснуючыя сёння Мікалаеўка і Клешчаўка пазначаныя як запусцелыя (wsi puste). У інвентары 1721 года, калі ад пасэсара ксяндза-біскупа Юзафата Парышэвіча, пробашча астраглядаўскага, абцяжараныя даўгамі добры Хойнікі перайшлі да князя Мікалая Шуйскага, старэйшага сына папярэдняга дзедзіча, у Карчовым згаданы хіба адзін з трох вясковых млыноў[9]. Адсутнічае інфармацыя пра паселішча ў тарыфах падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства 1734 і 1754 гадоў. Тады Хойнікамі валодалі малодшы сын Дамініка князь Ігнацы Шуйскі, потым яго ўдава княгіня Людвіка (з роду Збароўскіх) з новым мужам панам Юзафам Быстрым, старостам ліноўскім.

Згодна з перапісамі яўрэйскага насельніцтва, у Карчовым на 1765 год пражывала 8 чалавек альбо głow — плацельшчыкаў пагалоўшчыны, на 1778 год у Карчовым — 3, у Малым Карчовым[C] — 2, на 1884 год у Карчовым — 2, у Малым Карчовым — хрысціянін (пагалоўшчыне не падлягаў). Іўдзеі належалі да Хойніцкага кагала[10]. Магчыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны 1768 года ў нейкай ступені паўплываў на колькасць яўрэяў у паселішчы, роўна як і на прыняцце адным з іх (напэўна, галавой сямейства) хрысціянства.

Расійская імперыя

правіць
 
Герб уласны роду Прозараў.
 
В. Карчова і М. Карчова на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) вёска Карчовае апынулася ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[11]. У крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 года, вёскі Вялікая і Малая Карчова згаданыя сярод уладанняў пана Людвіка[D] Прозара, якія былі перайшлі «в казну», але потым «по высочайшему повелению» вернутыя пані Луізе (з князёў Шуйскіх) Прозаравай, спадчыннай іх уладальніцы[12]. Тады ў першай з іх было 11 двароў з 32 душамі мужчынскага і 31 душой жаночага полу прыгонных, у другой — 3 двары. Абедзве, разам з Паселічамі, хутарам Рашаўцы і слабадой Рашаў, трымаў у трохгадовай (02.04.1793—02.04.1796) арэндзе за плату ў 4077 злотых мсціслаўскі стольнік Юстыніян, сын Юзафа, Фурс[13].

11 снежня 1802 года ў Рэчыцкім земскім судзе быў актыкаваны запіс Людвікі з князёў Шуйскіх Прозар, якім уласніца Хойніцкіх добраў узнагародзіла за службу Яна і Марыяну з Ляўкоўскіх Арліцкіх правам на валоданне фальваркам Малы Карчоў з вёскай Вялікі Карчоў[14]. Трымаў Ян Арліцкі, ротмістр берасцейскі, Карчоў з 60 душамі прыгонных мужчынскага полу і ў 1811 годзе. У шляхецкай рэвізіі 1816 года, Ян, сын Казіміра, Арліцкі (60 г.) запісаны ўдаўцом. Разам з ім у Карчове жылі сын Леон (5 г.), дочкі Людвіка (16 г.), Францішка (9 г.), Ёганна (7 г.). Сыны Пётр (14 г.), Людвік (14 г.), Дамінік (12 г.) навучаліся ў Мазыры[15].

Згодна з інвентаром, складзеным 10 снежня 1844 года, фальварак і вёска Карчовае з 22 дварамі і 144 жыхарамі былі ў складзе маёнтка Хойнікі пана Уладзіслава, сына Караля, Прозара[16]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 129 жыхароў абодвух полаў з вёскі Карчовае былі прыхаджанамі Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, 9 мужчын і 19 жанчын належалі да парафіі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[17].

У парэформенны перыяд Карчовае належала да Хойніцкай воласці. На пачатак 1870 года тут налічвалася 73 мужчынскія душы сялян-уласнікаў, прыпісаных да Карчоўскага сельскага таварыства[18]. Паводле звестак на 1876 і 1879 гады, Паселічы заставаліся ў прыходзе Хойніцкай царквы[19].

На 1897 год у вёсцы было 46 двароў, 331 жыхар, працавалі школа граматы і хлебазапасны магазін. У 1909 годзе ў вёсцы Карчоў (Карчев) налічвалася 64 двары, 413 жыхароў, побач у аднайменным урочышчы — адзін двор з 2 жыхарамі[20].

Найноўшы час

правіць

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Гарманія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Карчовае ў складзе Хойніцкай воласці, аднак, апынулася ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[21].

 
Вёска Карчоў, хутар Карчоў, Небытаў і станцыя Хойнікі на карце 1924—1926 гг.

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Хойніцкая воласць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі была далучаная да РСФСР. Паводле запіскі пад назвай «Сведения о количестве учащихся школ Хойникской волости Речицкого уезда», на 8 снежня 1920 года і на 15 красавіка 1921 года ў школе першай ступені (г. зн. пачатковай) вёскі Карчовае было адпаведна 12 і 20 вучняў[22].

 
Карчоў, Красны Пахар, Акцябр на карце генштаба РККА Беларусі і Літвы. 1935 г.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года вёска Карчовае — цэнтр Карчоўскага сельсавета ў Хойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года — у складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены праз далучэнне тэрыторыі скасаванага Гарошкаўскага сельсавета. На 1930 год у Карчовым налічвалася 56 двароў, 296 жыхароў, арганізаваны калгас «Сацыялізм», працавала кузня. З 20 лютага 1938 года — у складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры.

У Вялікую Айчынную вайну дзейнічала патрыятычнае падполле (кіраўнік — М. А. Колас).

16 ліпеня 1954 года Карчоўскі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Забалацкага сельсавета[23]. Тады ў вёсцы працавала сямігадовая школа[24]. З 8 студзеня 1954 года Карчовае — у Гомельскай вобласці. Згодна з перапісам 1959 года, у вёсцы было 386 жыхароў. У складзе калгаса «Світанне» (цэнтр вёска Паселічы.)

У 1959—1966 гадах — у складзе Небытаўскага сельсавета[25].

Насельніцтва

правіць
  • 2021 год — 44 двары, 96 жыхароў; яшчэ 24 гаспадаркі, 49 жыхароў у частцы Карчовага, якую па-вясковаму называлі Папоўшчынай, перайменаванай у 1920-я гады ў Акцябр[26]

Заўвагі

правіць
  1. Яшчэ названыя 18 паселішчаў, акрамя "inszych wsiów i przysiołków".
  2. 22 жніўня 1631 г. тое зроблена і ў Жытомірскім гродскім судзе.
  3. Відавочна, гэта — новаствораны фальварак. У савецкія часы меў назвы Двор, Красны Пахар.
  4. Так, бывала, скарыстоўваючы імя жонкі Людвікі, падпісваўся абозны Караль, каб браць удзел у справах павета альбо вырашаць маёнтковыя праблемы. Гэта былі яе добра, на яго тады яшчэ не запісаныя.

Зноскі

  1. http://www.geonames.org/627617/korchev.html
  2. http://belindex.ru/gomelskaya/khoynikskiy-raion.html
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).. Сустракаецца таксама варыянт Карчо́ў, м.
  4. Źródła dziejowe (далей: ZD). T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział II-gi. Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. S. 56
  5. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 12—18
  6. Опись актовой книги Киевского центрального архива. — № 13. / Сост. Л. В. Ильницкий. — Киев, 1882. С. 86
  7. ZD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. — S. 281, 637
  8. Archiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Prozorów i Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sygn. 1. S. 59
  9. НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 128, 133 адв.
  10. Архив Юго-Западной России. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  11. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  12. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  13. НГАБ. Ф. 333. Воп.9. Спр. 59. А. 136—136адв., 198—200адв.
  14. AGAD. APiJ. Sygn. 14. S. 7-8, 33
  15. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 244. А. 67. Спр. 263. А. 165
  16. НГАб. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 1-105
  17. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666
  18. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 69
  19. Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1876. № 10. С. 458; Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  20. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 82
  21. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  22. Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці. Ф. 68. Воп. 1. Спр. 16. А. 19
  23. Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  24. Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы. Ф. 3. Воп. 1. Спр. 10. А. 2
  25. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 30 чэрвеня 1966 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1966, № 22 (1142).
  26. Інфармацыя аб насельніцтве Паселіцкага сельсавета на 01.01.2021 г. Архівавана 19 кастрычніка 2021.

Спасылкі

правіць