Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (Рэпля)

Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі — каталіцкі храм у а. Рэпля (Ваўкавыскі раён). Помнік архітэктуры неаготыкі. Закладзены ў 1902 г. з цэглы, неатынкаваны.

Каталіцкі храм
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі
53°18′38″ пн. ш. 24°12′11″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Рэпля
Канфесія Рымска-каталіцкая царква
Епархія Гродзенская дыяцэзія
Архітэктурны стыль неаготыка
Архітэктар Іван Капітонавіч Плотнікаў
Будаўніцтва 19021908 гады
Стан дзейнічае
Map

Гісторыя

правіць

Першы касцёл быў заснаваны тут у 1632 годзе гродзенскім падкаморыем Сцыпіёнам. Новы драўляны касцёл пад тытулам св. Ганны пабудаваў у 1730 князь Міхал Юзаф Масальскі, кашталян віленскі і польны гетман ВКЛ. У святыні было тры алтары: галоўны — св. Ганны; левы бакавы — двух’ярусны алтар з абразом Найсвяцейшай Панны Марыі ў сярэбранай шаце ў цэнтры і з абразом Маці Божай Чанстахоўскай у другім ярусе; правы бакавы — св. Антонія Падуанскага з абразом св. Міхала Арханёла наверсе. Да таго ж, у 1783 генерал Ксаверый Масальскі ўзнёс тут яшчэ і капліцу.

У 1850 годзе старажытная свя­тыня была адноўлена: гэта быў прамавугольны ў плане драўляны дзвюхвежавы касцёл, памерамі 29 на 17 локцяў (каля 18,5 на 11 м), унутры якога размяшчалася пяць алтароў.

Пры канцы ХIХ ст. стала відавочна, што старажытная святыня ўжо не можа змясціць усіх сваіх вернікаў. Архітэктар Іван Плотнікаў у 1900 годзе склаў праект дзвюхвежавай неагатычнай святыні з цэглы, але праект не задаволіў парафіян, бо касцёл прызналі замалым. Дойлід перарабіў праект, памеры касцёла былі павялічаны, і ў 1902 пачалося будаўніцтва новай велічнай святыні. 15 верасня быў урачыста закладзены і асвечаны вуглавы камень.

 
Храм у пач. XX ст.

Будаўніцтва вялося дзякуючы ахвярнасці парафіян. У 1908 годзе будаўніцтва новага мураванага касцёла завяршылася. Стары касцёл быў арыентаваны алтаром на поўдзень, а новы пабудавалі перад усходнім фасадам старога і арыентавалі алтаром на ўсход. Новы касцёл быў кансэкраваны пад новым тытулам — Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Падчас I Сусветнай вайны касцёл быў пашкоджаны, але ў міжваенны час яго аднавілі.

Да рэплеўскай парафіі належала капліца ў Цярэшках і мураваная святыня на мясцовых парафіяльных могілках, а таксама філіяльны касцёл у Вярэйках (да 1864, з 1921 года — самастойная парафія). Пры касцёле дзейнічалі парафіяльная школа і шпіталь. У 1939 годзе колькасць вернікаў парафіі перавышала 4200.

Статус помніка архітэктуры касцёл атрымаў толькі ў 1990-я гады.

Архітэктура

правіць
 
Касцёл з боку апсіды

Касцёл уяўляе сабой дзвюхвежавы базілікальны храм з прамавугольнай апсідай і дзвюма сакрысціямі. Цэнтральная частка галоўнага заходняга фасада завершаная ступеньчатым шчытом з шэрагам пінакляў. Падобны шчыт размешчаны над апсідай. Вежы двух’ярусныя, першы чацверыковы, другі — васьмігранны, завершаныя шатром. У цэнтры фасада — галоўны ўваход, дэкарыраваны ступеньчатым франтонам, над уваходам акно-«ружа». Бакавыя фасады маюць стральчатыя аконныя праёмы, паміж імі размешчаныя контрфорсы. У інтэр’еры нефы падзеленыя стральчатымі арачнымі праёмамі, перакрыцце — цыліндрычныя скляпенні з крыжовымі нервюрамі.

Касцёльны ўчастак абнесены агароджай з бутавага каменю, галоўны ўваход пазначаны трохпралётнай брамай з вонкавай чырвонай цэглы. У паўднёвую лінію агароджы ўмуравана двухпакаёвая неагатычная костніца з чырвонай цэглы і буту.

Інтэр’ер

правіць
 
Інтэр’ер

Інтэр’ер касцёла, падзелены чатырма парамі апор на тры нефы і перакрыты сістэмай крыжастых скляпенняў на спічастых падпружных арках, упрыгожваюць тры алтары. Галоўны алтар створаны ў 1990-я гады, у яго цэнтры змешчана разьбяное Укрыжаванне, злева знаходзіцца абраз св. Фаўстыны, справа — Езуса Міласэрнага. Бакавыя алтары, разьбяныя і неагатычныя, створаны на пачатку ХХ ст.: у левым алтары змешчаны абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі з абразом св. Юзафа наверсе, а ў правым — абраз св. Антонія (яго манаграма змешчана ў верхняй частцы алтарнай нішы), наверсе — абраз Езуса, які нясе крыж. Цікавасць выклікаюць разьбяныя неагатычныя амбон і канфесіяналы. Падлога выкладзена керамічнымі пліткамі. Над нартэксам зроблены арганныя хоры, на якіх і цяпер размяшчаецца дзеючы старажытны барокавы арган.

Капліца-пахавальня

правіць
 
Капліца-пахавальня

Капліца на могілках з’яўлялася пахавальняй роду Гласераў-Залютыньскіх, якія мелі сядзібу ў суседняй в. Духаўляны. У ХIХ ст. была пабудавана неагатычная ратонда з бутавага каменю, круглая ў плане, перакрытая паўсферычным скляпеннем, з крыптай унізе. На пачатку ХХ ст. да алтарнай сцяны капліцы з чырвонай вонкавай цэглы дабудавалі крыты сход у крыпту, бакавыя сцены якога таксама мелі нішы для пахаванняў. Капліца была абнесена бутава-цаглянай агароджай.

У гады савецкай улады капліца была разрабавана і пакінута ў руіннах, яе адраджэнне пачалося толькі ў 1990-я гады. Праведзены кансервацыйныя працы — над ратондай адноўлены бетонны спічак 1930-х гадоў, заменены дах, устаўлены вокны.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць