Касцёл Святога Тадэвуша (Лучай)
Касцёл Святога Тадэвуша — помнік архітэктуры позняга барока і класіцызму. Пабудаваны ў 1766—1776 гадах у в. Лучай (Пастаўскі раён) па фундацыі Тадэвуша Агінскага. Часткова перабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя, была зменена ордарная пластыка і размаляваны інтэр’ер.
Славутасць | |
Касцёл Святога Тадэвуша | |
---|---|
55°05′23″ пн. ш. 27°07′05″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | каталіцтва |
Епархія | Віцебская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока і класіцызм |
Заснавальнік | Альжбета з Агінскіх і Тадэвуш Францішак Агінскі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьКасцёл быў зафундаваны ў 1766 г. Эльжбетай Пузынай у дзявоцтве Агінскай, для іезуіцкай місіі, але дабудаваны ў 1776 г. на сродкі Тадэвуша Агінскага, уладальніка Лучая. Падчас будовы ордэн іезуітаў забаранілі, таму лічыцца, што гэта быў апошні помнік іезуіцкай архітэктуры ў Беларусі. У 1777 годзе будынак быў асвечаны ў гонар патрона заснавальніка - апостала Юды Тадэвуша, і стаў парафіяльным. Асвяціў касцёл беларускі суфраган біскуп Фелікс Тавянскі. Першапачаткова касцёл быў пабудаваны ў стылі барока, у першай палове ХІХ стагоддзя быў крыху перабудаваны ў модным тады класіцыстычным (станіслаўскім) стылі.
Застаецца адкрытым пытанне асобы архітэктара. Паводле Мар’яна Марэлёўскага найбольш стылістычнага падабенства ў лучайскага касцёла назіраецца з «белай заляй» Віленскай абсерваторыі, якую пабудаваў Томаш Жаброўскі (выкладчык матэматыкі ў Віленскай акадэміі), а даводзіў да ладу італьянец Карла Спампані (выкладчык архітэктуры у той жа акадэміі). Менавіта італьянскі архітэктар і выглядае на найбольш верагодную кандыдатуру стваральніка касцёла святога Тадэвуша[1].
Аўтарства роспісаў паверхні сцен і скляпенняў храма ў тэхніцы грызэйль (якая імітуе скульптурную лепку) на фундацыю мінскага падчашага Тадэвуша Ваньковіча звязваюць з імем мастака Казіміра Анташэўскага[2].
Да 1972 года ў касцёле захоўваліся партрэты фундатараў Антонія Пузыны і Эльжбеты Пузыны, іх перадалі ў Полацкі краязнаўчы музей. Зараз партрэт Эльжбеты Пузыны экспануецца ў Мастацкай галерэі Полацкага музея-запаведніка[3]. Яшчэ два партрэты, Эльжбеты і Антонія Пузыны, з Полацка перадалі ў Віцебск, зараз яны знаходзяцца ў Віцебскім мастацкім музеі.
19 снежня 1821 года на дзень Святога Валерыя ў касцёле браў шлюб з Валерыяй Ваньковіч знакаміты вучоны і мецэнат Канстанцін Тызенгаўз.
У 1911 г. група жывапісцаў, выпускнікоў Варшаўскай школы прыгожых мастацтваў, на чале з яе дырэктарам Казімірам Стаброўскім, адрамантавала і рэканструявала ілюзіяністычныя насценныя роспісы.
Храм моцна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны. У 1946 г. касцёл быў зачынены і ператвораны ў склад, а ў 1971 г. — у майстроўню (паводле іншай звесткі, служыў гаражом для трактароў). У 1985 годзе па ініцыятыве дырэктара калгаса імя Суворава Алега Валодзькі распачата яго аднаўленне. 16 мая 1990 г. яго вярнулі католікам.
15 чэрвеня 2008 г. біскуп Уладзіслаў Блін адкрыў і благаславіў помнік Папы Бенедыкта XVI. Ён створаны па ініцыятыве пробашча парафіі (2006-17) кс. Мікалая Ліпскага. Помнік стварыў скульптар Леў Аганаў.
У 2016 годзе адзначалася 250-годдзе з дня заснавання касцёла.
Архітэктура
правіцьМураваная трохнефная двухвежавая купальная базіліка з паўцыркульнай апсідай і трансептам. Галоўны фасад фланкіруюць трох’ярусныя вежы, раскрапаваныя кутнімі пілястрамі і нішамі, прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі (часткова замураваныя). Пры перабудове вежы былі завершаны цыліндрычнымі аб’ёмамі з купаламі. Галоўны фасад, апсіду і трансепт увенчваюць трохвугольныя, лучковыя і фігурныя шчыты. Сцены касцёла раскрапаваныя пілястрамі. Па ўсім перыметры будынка праходзіць карнізны пояс дарычнага ордара. Інтэр’ер вырашаны ў насычанай архітэктарскай пластыцы. У цэнтральным нефе скляпенні цыліндрычныя з распалубкамі, у бакавых — крыжовыя, над сяродкрыжжам — сферычны купал. Над уваходам — хоры. Ордэрную пластыку дапаўняюць размалёўкі ў тэхніцы грызайль. Аснова купала запоўненая ілюзорна-перспектыўнай кампазіцыяй. У распалубках цэнтральнага нефа — чатыры размаляваныя васьмігранныя плафончыкі. На ветразях купала, тарцовых сценах трансептаў, консе апсіды — выявы скульптур евангелістаў, святых і анёлаў. Сцены бакавых нефаў дэкарыраваныя размалёўкай, якая імітуе скульптурны рэльеф. Гэтак жа выкананае размешчанае над уваходам пано-картуш з выявамі двух воінаў са шчытамі воінскіх атрыбутаў. Разнастайным арнаментальным дэкорам запоўненыя ўсе плоскасці сцен і перакрыццяў.
Зноскі
- ↑ Morelowski Marian. Zarysy sztuki wileńskiej. ― Wilno, 1939. S. 293.
- ↑ Michalczyk, Zbigniew. Kazimierz Antoszewski i grupa barokowo-klasycystycznych malowideł ściennych na terenie Wielkiego Księstwa Litewskiego, „Biuletyn Historii Sztuki”, 73: 2011, nr 3-4, s. 479-530.
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 студзеня 2022. Праверана 5 студзеня 2022.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. — ISBN 985-04-0499-X, с. 168—170.
- Луча́йскі касцёл езуітаў // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 439. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святога Тадэвуша (Лучай)
- Касцёл Святога Тадэвуша (Лучай) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святога Тадэвуша (Лучай) на сайце Глобус Беларусі (руск.)