Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Рамні)

Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — страчаны каталіцкі храм, які знаходзіўся ў цэнтры вёскі Рамні Гарадоцкага раёна, Віцебскай вобласці.

Каталіцкі храм
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла
55°40′52,80″ пн. ш. 30°18′10,90″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Рамні
Канфесія Каталіцтва
Архітэктурны стыль эклектыка
Дата пабудовы 1896 год
Дата скасавання 2019
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000356шыфр 213Г000356
Стан страчаны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя

правіць
 
Бакавы фасад
 
Інтэр’ер

Пабудаваны ў 1896 годзе з дрэва на падмурку храма XVIII стагоддзя з захаваннем яго планіроўкі. Будаўніцтва вялі польскія дойліды пры ўдзеле мясцовых жыхароў. Прыхаджанамі храма былі латышы-перасяленцы, якія аселі ў ваколіцах Гарадка[1].

Першапачаткова вакол касцёла стаяла агароджа з бутавага каменю, за якой былі могілкі. За савецкім часам пахаванні былі разрабаваны, а ў самім касцёле знялі дах, вітражы, і ўладкавалі ў будынку калгасны склад[1].

У 1998 годзе будынак перадалі праваслаўнай царкве, якая пачала праводзіць аднаўленчыя працы ў храме, аднак гэтаму запярэчыла каталіцкая супольнасць, заявіўшы, што перабудовы парушаць гістарычную архітэктуру касцёла. Каталіцкая царква пагадзілася рэстаўраваць касцёл пры ўмове арганізацыі парафіі, аднак каталіцкага насельніцтва ў наваколлі няма, і ў выніку за рэканструкцыю ніхто не ўзяўся. З таго часу храм закансервавалі[1].

У 2007 годзе касцёл быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння — адзіны архітэктурны помнік у раёне.

Цалкам згарэў 17 красавіка 2019 года ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём пры спальванні смецця: полымя перайшло спачатку на сухую расліннасць, а потым на будынак храма, знішчыўшы большую яго частку[2]. У адносінах да 40-гадовага вяскоўца, па віне якога загарэўся касцёл, была распачата крымінальная справа па частцы 2 артыкула 345 «Знішчэнне гісторыка-культурных каштоўнасцей або культурных каштоўнасцей па неасцярожнасці». Страты былі ацэнены ў 70 тысяч беларускіх рублёў[3].

Архітэктура

правіць
 
Роспісы інтэр’ера

Помнік архітэктуры эклектыкі. Пластыка і кампазіцыя касцёла — прыклад характэрнага для канца XIX стагоддзя спалучэння элементаў класіцызму з рысамі мадэрну і псеўдарускага стылю.

Будынак адносіўся да тыпу адназрубных культавых збудаванняў. Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму з захаду прымыкаў бабінец, другі ярус якога з’яўляўся званіцай, з усходу — апсіда з 2 сакрысціямі. Да фасада далучаўся прыруб нартэкса, над вальмавым дахам якога была пастаўлена чатырохгранная шатровая званіца са спічастым шпілем.

Алтарная частка з рызніцамі складала адзіную плоскасць і стварала пры рознай вышыні аб’ёмаў і форме пакрыццяў ступеньчаты сілуэт. Крыжовы ў плане дах абмяжоўваўся на тарцах франтонамі, увянчанымі шлемападобнымі галоўкамі. Магутны карніз па ўсім перыметры будынка падтрымліваў вялікую навісь даху. Тымпаны франтонаў былі прарэзаны круглымі люкарнамі, сцены цэнтральнай часткі — спаранымі паўцыркульнымі вокнамі з разнымі ліштвамі. Касцёл быў пакрыты бляхай, ашаляваны: высокая цокальная частка, аддзеленая гарызантальнай цягай, — вертыкальна, верхняя — гарызантальна.

Цэнтральнае памяшканне ў інтэр’еры перакрывалася крыжовым скляпеннем, астатнія мелі плоскія перакрыцці. Сцены былі ўпрыгожаны роспісамі. Над нартэксам размяшчаліся антрэсолі хораў.

Зноскі

  1. а б в Інна Гарбаценка.. Ясности в судьбе старинного костела в Городокском районе по-прежнему нет (руск.). Мінск: Рэспубліка (20 верасня 2012). Праверана 2020-6-3.
  2. У Гарадоцкім раёне палілі смецце, а спалілі касцёл ХІХ стагоддзя. . Мінск: Наша ніва (17 красавіка 2019). Праверана 2020-6-3.
  3. Андрэй Рудзь.. Белорус нечаянно сжег костел 19-го века (руск.). Мінск: Onliner.by (23 кастрычніка 2019). Праверана 2020-6-3.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць