Кнігі Царстваў
Кнігі Ца́рстваў — чатыры гістарычныя кнігі Старога Запавету ў Септуагінце і ў праваслаўным каноне. У іўдзейскім кодэксе святых кніг (Танаху) складаюць толькі дзве кнігі: Сефер Шмуэль і Сефер Млахім.
Кнігі Царстваў | |
---|---|
Кнігі Царстваў, выданне Францыска Скарыны, 1518 | |
Раздзел: | Гістарычныя |
Мова арыгінала: | старажытнаяўрэйская |
Мясцовасць: | Ізраіль |
Папярэдняя (Танах): | Сефер Шафтым |
Папярэдняя (праваслаўе): | Кніга Руф |
Наступная: | Параліпаменан |
Падзел на чатыры кнігі з’явіўся найперш у александрыйскіх перакладчыкаў. Зрэшты, праваслаўная царква ў кананічным злічэнні кніг захавала старажытны іўдзейскі падзел на дзве кнігі. У грэчаскай Бібліі (Септуагінце) усе чатыры кнігі носяць агульную назву «Βασιλέιωι», гэта значыць «кнігі Царстваў», таму што ў першай і другой кнігах выяўленыя падзеі непасрэдна-боскага (тэакратычнага) царства, якое было ўласціва народу Божаму, і царства чалавечага, якога пажадаў Ізраіль па прыкладзе паганскіх народаў, а ў трэцяй і чацвёртай адлюстраваны лёс Іўдзейскага і Ізраільскага царстваў.
Аўтарамі кніг Царстваў лічаць прарокаў, якія пераемна занатоўвалі падзеі свайго часу. Так, напрыклад, паводле сведчання іўдзейскага падання і першага раздзелу кнігі летапісаў, аўтарамі 1 і 2 кнігі Царстваў былі прарокі Самуіл (24 раздзелы), Нафан і Гад, а трэцяй і чацвёртай — Ахія Сіламлянін (3Цар. 11:29), Ада і Ісая (2Пар. 30:11, 2Пар. 33:32 і інш.). Верагодна, 3 і 4 кнігі Царстваў прыведзены ў цяперашні выгляд і склад пісьменнікам часоў Вавілонскага палону, як мяркуюць — Ездрам, які карыстаўся «Гісторыяй Саламона» (3Цар. 11:41), «Летапісам цароў іўдзейскіх» і «Летапісам цароў Ізраільскіх» (гл. 3Цар. 14:19, 29; 3Цар. 15:7; 3Цар. 16:5, 14; 4Цар. 1:18; 4Цар. 8:23; 4Цар. 10:34 і інш.). Летапісы гэтыя не варта змешваць з дзяржаўнымі актамі і афіцыйнымі запісамі, якія вяліся прыдворнымі чыноўнікамі ў Іўдзейскім царстве (гл. 3Цар. 4:3; 4Цар. 18:18, 37), аднак наўрад ці існавалі ў Ізраільскім.
Чыноўнікі ад ураду не маглі так строга крытычна і пагрозліва выкрывальна ставіцца да дзейнасці цароў, як гэта робяць складальнікі «летапісаў», што служылі крыніцай 3 і 4 кніг Царстваў. Ёсць меркаванне, заснаванае на іўдзейскім паданні, паводле якога 3 і 4 кнігі Царстваў складзеныя прарокам Ераміем, аднак гэту думку нельга прыняць: трэцяя і чацвёртая кнігі Царстваў складзеныя ў другі перыяд Вавілонскага палону (гл. 4Цар. 25:27 і наст.) і ў зямлі паланення, тым часам як прарок Ерамія апошнія гады жыцця правёў не ў Вавілоне, а ў Егіпце. Кнігі Царстваў ахопліваюць каля 600 гадоў жыцця яўрэйскага народа, ад нараджэння прарока Самуіла да вызвалення Іяхоніі з вязніцы ў 37-м годзе па яго перасяленні ў Вавілон (каля 1170—567 да н.э.).
Кніга першая, пачынаючы гісторыю яўрэйскага народа ад нараджэння Самуіла, даводзіць яе да смерці цара Саўла — 110 гадоў; другая апісвае валадаранне Давіда — 40 гадоў: трэцяя выкладае гісторыю ад Саламона да Іасафата — 120 гадоў, чацвёртая — ад смерці Ахава да палону вавілонскага — каля 335 гадоў.
Агульнай мэтай напісання ўсіх кніг Царстваў можна ўявіць выяўленне палітычнага стану (шчаснага ці благога) яўрэйскага народа ў сувязі з рэлігійна-маральным ягоным жыццём ці станам веры пры царах. У прыватнасці, аўтары 1 і 2 кніг падрабязным выкладаннем падзей з жыцця Самуіла і Давіда хацелі адлюстраваць па магчымасці дакладны вобраз іўдзейскага прарока — у асобе Самуіла, а цара — у асобе Давіда. Мэта складальнікаў 3 і 4 кніг Царстваў палягала ў тым, каб прадставіць карціну паступовага заняпаду іўдзейскага і ізраільскага царстваў у сувязі з прычынамі гэтай з’явы — пагардай да прароцкага слова і асабліва ідалапаклонствам.
Захаваўся 21 экзэмпляр кнігі Царстваў, з іх толькі 2 поўныя. Выданне ўпрыгожана 12 гравюрамі (па адной гравюры ў пачатку кожнай кнігі, а таксама 7 гравюраў у 3-й кнізе Царстваў), 5 застаўкамі і 115 ініцыяламі. У канцы кнігі змешчаны партрэт Скарыны з той жа формы, што і ў кнізе Ісуса Сірахава. Чатыры вялікія застаўкі папярэднічаюць тэксту кожнай кнігі, на іх выяўлены шчыт з зацьменнем сонца і дзікія людзі, якія апіраюцца на незапоўненыя гербавыя шчыты. У некаторых экзэмплярах у шчытах ад рукі дапісаны манаграмы «0СН». Малая застаўка змешчана перад тэкстам пасляслоўя. Ініцыялы вылучаюць пачаткі раздзелаў.
Літаратура
правіць- Епископ Михаил. Исторические книги Ветхого Завета (руск.). — Тула, 1899.
- Афанасьев Д. Руководство по предмету Свящ. Писания. Книги исторические Св. Писания Ветхого Завета. 4-е изд (руск.). — Ставрополь, 1896.