У гэтай старонкі няма правераных версій, хутчэй за ўсё, яе якасць не ацэньвалася на адпаведнасць стандартам.

Латышы Беларусі — латышская нацыянальная меншасць, якае пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Па дадзеных нацыянальнага перапісу насельніцтва 2009 года ў краіне пражывала 1549 латышоў.

Латышы на Беларусі — пераважна жыхары сельскай мясцовасці. Асноўныя заняткі — земляробства і жывёлагадоўля. Было пашырана рамяство, асабліва піваварэнне і ткацтва. У дачыненні да рэлігіі большасць латышоў пратэстанты-лютэране, невялікая частка — праваслаўныя і католікі.

Гісторыя

правіць

Масавая міграцыя латышоў на тэрыторыю Беларусі пачалася ў XVIII ст. Найбольш інтэнсіўна працэс ішоў у 1860—1880-я гг.: у 1870 г. на Беларусі было 800—900 латышскіх перасяленцаў, у 1877—1883 гг. у Віцебскай губерні латышы ўжо складалі каля 50 % усіх перасяленцаў. Латышскія перасяленцы асядалі і ўтваралі асобныя вёскі на Магілёўшчыне, хутары на Віцебшчыне. У 1897 г. шмат латышоў жыло ў Віцебскім (каля 4 тыс.), Полацкім (1,7 тыс.), Аршанскім (да 3,7 тыс.) і Быхаўскім (каля 1 тыс.) паветах[1].

У перыяд існавання Расійскай імперыі ў латышскіх калоніях Віцебскай губерні (асабліва ў 1870-я гг.) значнае развіццё атрымала садоўніцтва, якое набыло таварны характар. Яблыкі, грушы, агрэст і слівы знаходзілі збыт нават у Пецярбургу. Гаспадаркі латышоў на Беларусі ў гэты час былі больш прагрэсіўнымі і тэхнічна дасканалымі. Так, у 1906 г. у Беларусі быў створаны першы сельскагаспадарчы кааператыў «Лашнёўскае таварыства сельскай гаспадаркі», які аб’ядноўваў у 1911 г. сорак пяць чалавек[1].

Падчас Першай сусветнай вайны колькасная структура латышоў на Беларусі мянялася. У пачатку вайны колькасць латышоў павялічылася, а пад канец зноў зменшылася, што можна патлумачыць міграцыйнымі хвалямі бежанцаў[ru][1].

Паводле перапісу 1926 г. у Беларусі пражывалі 14000 латышоў (0,28 % ад агульнага насельніцтва рэспублікі[2]), пераважна ў Віцебскай і Полацкай акругах. Кампактныя этнічныя групы (600—800 чалавек) існавалі ў Магілёўскай і Бабруйскай акругах[1].

У Беларусі ў той час існавала 6 латышскіх сельсаветаў (Вацлавоўскі, Галіцкамызскі, Грудзінаўскі 2-гі, Малькаўскі, Перакальскі і Унаўскі). Усе гэтыя самакіраванні жылі паўнавартасным культурным жыццём: латышская школа, латышская хата-чытальня, латышскія хоры і гурткі[2]. Культурна-асветніцкай працай сярод латышоў Беларусі кіравала Латышская секцыя Народнага камісарыята асветы БССР[1]. У Віцебску дзейнічаў латышскі клуб і бібліятэка, з 1931 года пры Беларускім радыёцэнтры пачало працу латышскае радыё. На латышскай мове выходзіла газета[2], друкавалася літаратура[1].

У 1920-я гг. пры ЦК КП(б)Б працавала латышскае бюро, пры Народным камісарыяце асветы БССР створана латышская секцыя, якая распрацоўвала ўласныя адукацыйныя праекты[1]. У 1930 годзе 77 % латышскіх дзяцей у Беларусі вучыліся ў школах з навучаннем на роднай мове. Латышскіх школ у рэспубліцы ў 1933 годзе было 32[2].

Пры Інбелкульце з 1927 г. (пазней пры АН БССР) таксама працавала Латышская камісія (з 1929 г. Латышскі сектар АН БССР, з 1933 г. — Латышская секцыя Істытута нацменшасцей АН БССР), якая вывучала гісторыю і культуру латышоў. Яе ўзначальваў Карл Шкільтэр. У 1929 г. была створана «Праграма даследавання латышскіх калоній», якая прадугледжвала збіранне і вывучэнне этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў. Згодна з ёй у 1929—1930 гг. у латышскія паселішчы Віцебскай акругі была наладжана даследчыцкая экспедыцыя. Вынікам працы экспедыцыі сталі два навуковыя даследаванні К. Шкільтэра: «Латышскія калоніі на Беларусі» (1931 г.) і «Latvju zemneeks Baltkreevijā pirms un pēc Oktobra revolucijas» (Латышскі селянін на Беларусі да і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі; 1935 г.). Падчас сталінскіх рэпрэсій 1930—1940-х гг. большасць культурна-асветніцкіх і навуковых праграм латышоў былі згорнуты. Большасць супрацоўнікаў культурна-асветніцкіх і навуковых устаноў былі рэпрэсаваны[1].

Колькасць латышоў на Беларусі значна зменшылася ў 1930—1940-я гг. Гэта тлумачыцца актыўнай міграцыяй латышоў у Латвійскую ССР. З канца 1950-х гг. колькасць латышоў у Беларусі стабілізавалася. Паводле перапісаў іх налічвалася: у 1959 г. — 2631 чал.; у 1970 г. — 2660 чал.; у 1979 г. — 2617 чал. У 1970-х гг. большасць латышоў жылі ў гарадах. Латышскую мову роднай называе прыкладна палова латышоў Беларусі, аднак у паўсядзённым жыцці выкарыстоўваецца пераважна руская мова, а сярод сельскага насельніцтва яшчэ і беларуская. Паводле перапісу 1999 г. на Беларусі пражывала каля 2,2 тыс. латышоў[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з Т. А. Навагродскі, С. А. Захаркевіч. ЭТНІЧНЫЯ МЕНШАСЦІ, ЯКІЯ ГІСТАРЫЧНА СКЛАЛІСЯ Ў БЕЛАРУСІ: ВОПЫТ ПРЫЯЗНАГА СУІСНАВАННЯ Ў ЕЎРАПЕЙСКАЙ КРАІНЕ. Этнічныя меншасці ў Еўрапейскім Саюзе: асноўныя прававыя крыніцы : вучэб.-метад. дапам. / навук. рэд., склад., пер. на беларус. мову : С. А. Захаркевіч, А. М. Назаранка; рэдкал. : А. Г. Каханоўскі (старш.) [і інш.]. — Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2017. — 295 с. ISBN 978-985-553-447-2
  2. а б в г Тугай, У. В. Латышскі этнас у сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці Беларусі / У. В. Тугай. Мінск, 2002

Літаратура

правіць
  • Тугай, У. В. Латышскі этнас у сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці Беларусі / У. В. Тугай. Мінск, 2002.

Спасылкі

правіць