Майшулі (археалагічныя помнікі)

Майшу́лі — археалагічныя помнікі — гарадзішча і курганны могільнік каля вёскі Майшулі Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці.

Гарадзішча-сховішча «Салдатава гара» правіць

Знаходзіцца за 0.3 км на ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Рацкі Бор. Належыць да культуры позняй штрыхаванай керамікі. Пляцоўка авальнай формы памерамі 52×40 м умацавана 3 шэрагамі валоў і равоў. З поўначы і ўсходу схілы стромкія, з захаду і поўдзеня маюць плаўны ўхіл. Шырыня вала каля асновы 4 м, па грэбені 2 м, шырыня рова 2 м.

Адкрыў і абследаваў у 1892 годзе Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1977 годзе В. І. Шадыра і Л. У. Дучыц. Культурны пласт не быў выяўлены. У 2003 годзе С. Дз. Дзярновіч і А. М. Плавінскі даследавалі 12 м² і выявілі культурны пласт 0.24—0.63 м, дзе былі выяўлены фрагменты жалезнага сярпа і ляпная штрыхаваная кераміка.

Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі.

Курганны могільнік правіць

Знаходзіцца за 0.5 км на поўдзень ад гарадзішча, у лесе Рацкі Бор. Належаў балта-славянскаму насельніцтву. Уяўляе сабой 20 курганоў (большасць з іх пашкоджаны) вышынёй 1 м, дыяметрам 5—6 м.

Адкрыў і абследаваў у 1892 годзе Ф. В. Пакроўскі. На той час могільнік складаўся з трох курганных груп, 113 круглых і авальных насыпаў дыяметрам да 11.4 м і вышынёй да 1.5 м.

У 1983 годзе Л. У. Дучыц і В. І. Шадыра раскапалі 3 насыпы, у 1990 годзе Л. У. Дучыц даследавала яшчэ 3 курганы. У аснаванні курганоў — попельная праслойка. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі курганоў у 16 насыпах, у трох насыпах — інгумацыя. Рэшткі крэмацый змешчаны ў мацерыковых ямках, на гарызонце, у насыпах і на вяршыне.

Адзін з курганоў, якія раскапаў Ф. В. Пакроўскі, належаў да культуры пскоўскіх доўгіх курганоў, датуецца па знойдзенай B-падобнай спражцы V—VI стагоддзямі. Астатнія курганы адносяцца да культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганоў IX — пачатку XI стагоддзяў.

Знойдзены В-падобная спражка, наканечнік дзіды, шкляныя пацеркі, падковападобная фібула, спіральныя пранізкі, трапецападобныя падвескі, бронзавыя бразготкі, срэбны пярсцёнак, жалезныя нажы і спражкі, ляпны посуд і інш.

Пры пахаваннях па абраду інгумацыі (канец X — пачатак XI стагоддзяў) былі знойдзены сякера, дзіды, нож, фрагмент крэсіва, бронзавыя падковападобныя фібулы, ляпны гаршчок.

Матэрыялы раскопак Ф. В. Пакроўскага захоўваюцца ў Нацыянальным музеі Літвы, Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі, Л. У. Дучыц і В. І. Шадыры — у Браслаўскім раённым аб’яднанні музеяў.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць