Маладзечанскі завод металаканструкцый
«Маладзечанскі завод металаканструкцый» (МЗМК) — найбольшы ў Еўропе завод будаўнічых матэрыялаў з металу, заснаваны ў снежні 1968 г. у Маладзечне (Мінская вобласць, Беларусь)[3]. На 2015 г. прадпрыемства мела звыш 560 прылад абсталявання магутнасцю звыш 30 тыс. тон металаканструкцый за год. Асноўным абсталяваннем былі: пракатны стан магутнасцю звыш 110 тыс. тон за год для выпуску гнутазварных профіляў квадратнага і прамавугольнага сячэння, электразварных труб і гнутых швелераў; пракатная лінія магутнасцю звыш 40 тыс. тон за год для вырабу стальных ліставых гнутых профіляў з трапецыяпадобнымі гофрамі з ацынкавана-афарбаванай сталі (профнасціл); аўтаматычная лінія вытворчасці трохслойных сценавых і дахавых сэндвіч-панэляў з напаўняльнікам з мінеральнай ваты. У 2012 г. вытворчасць завода перавысіла спажыванне будаўнічых металаканструкцый у Беларусі[4].
«Маладзечанскі завод металаканструкцый» | |
---|---|
Тып | Адкрытае акцыянернае таварыства |
Заснаванне | 29 снежня 1968 |
Краіна | |
Размяшчэнне | Маладзечна (Мінская вобласць, Беларусь) |
Адрас | |
Ключавыя постаці | Алег Меснік |
Галіна | Прамысловасць будаўнічых матэрыялаў |
Прадукцыя | Агароджа, вежа, сэндвіч-панэль, электразварная труба, цяпліца, швелер |
Абарот | ▼128,173 млрд рублёў[1] (2015; $7,994 млн)[2] |
Аперацыйны прыбытак | ▲-85,750 млрд руб. (2015; -$5,348 млн) |
Чысты прыбытак | ▲-85,774 млрд руб. (2015; -$5,349 млн) |
Дэвіз | Вашыя праекты ў рэчаіснасць |
Матчына кампанія | Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь |
Сайт | mzmk.by |
З 2000 г. завод быў асноўным пастаўніком металаканструкцый для шэрагу буйных будынкаў:
- у Беларусі: звыш 2000 вежаў сотавай сувязі па 70 метраў вышынёй (2000—2012), Нацыянальная бібліятэка Беларусі (2002—2006), завод газетнай паперы (Шклоў, Магілёўская вобласць, 2005—2008), Мінск-Арэна (2006—2008), Летні амфітэатр (Віцебск, 2007), Мінскі цэнтр фрыстайлу (2009—2015), «Крычаўцэментнашыфер» (Магілёўская вобласць, 2008—2013), Беларускі цэментны завод (Касцюковічы), «Ваўкавыскцэментнашыфер» (Гродзенская вобласць), завод цынкавання (Ліда, Гродзенская вобласць), 9 лядовых палацаў (Бабруйск, Баранавічы, Брэст, Віцебск, Орша, Гомель, Ліда, Маладзечна);
- за мяжой: завод металакорду (Ліпецк, Расія), завод паркетнай дошкі (Вінніца, Украіна), завод сухіх сумесяў (Астана, Казахстан), радыёмаякі ў партах Балтыйскага мора (Клайпеда, Літва; Балтыйск, Калінінградская вобласць, Расія), Калінінградская ЦЭЦ-2, Сланцаўскі цэментны завод (Ленінградская вобласць, Расія), Іжорскі трубны завод (Пецярбург, 2005), завод «Кірышынафтааргсінтэз» (Ленінградская вобласць)[4].
Зноскі
- ↑ "Справаздача аб дзейнасці ААТ за 2015 год"(руск.). Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь. 2016. Праверана 14 жніўня 2016.
- ↑ "Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 034,24 за долар)". Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. 2016. Праверана 14 жніўня 2016.
- ↑ Маладзечанскі завод металаканструкцый (Мінская вобласць) . Нацыянальная бібліятэка Беларусі (17 верасня 2015). Праверана 14 жніўня 2016.
- ↑ а б Іван Бараноўскі. Металаканструкцыі з Маладзечна: надзейнасць і бяспека // Звязда : газета. — 21 сакавіка 2012. — № 53 (27168). — С. 4-5. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)