Матака, віцы (саманазва Wichi, вымаўляецца wiˈci) — група малых індзейскіх народаў у паўднёваамерыканскім рэгіёне Гран-Чака. Жывуць пераважна ў Аргенціне і Балівіі. Да канца XX ст. таксама насялялі Парагвай. Агульная колькасць (2021 г.) — 142 600 чалавек[1][2][3].

Матака
(Wichi)
Агульная колькасць 142600 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання Аргенціна, Балівія
Мова матака (мовы)
Рэлігія анімізм, шаманізм, політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы гуайкуру

Асаблівасці правіць

Матака — абарыгены рэгіёна Гран-Чака, блізкія па паходжанню да індзейскіх народаў гуайкуру. Лічыцца, што першыя пісьмовыя ўзгадкі пра іх былі зроблены інкамі, якія называлі іх matagua («людзі хмызнякоў»). З кечуа гэтая назва трапіла ў іспанскую мову і трансфармавалася ў матака (ісп.: mataco). У нашы дні матака аддаюць перавагу асабістай назве Wichi («людзі»).

Матака не з'яўляюцца супольным этнасам, здаўна фарміравалі адносна аселыя тэрытарыяльныя групы. У Аргенціне раней было прынята вылучаць 2 буйныя супольнасці горцаў (ісп.: montaraces) і прыбярэжных (ісп.: ribereños), акрамя таго існаваў падзел на супольнасці вакол ракі Бермеха і ракі Пілкамаё. У нашы дні ўрад Аргенціны прызнае асобным этнасам тэрытарыяльную групу iogys у правінцыі Сальта. Але ў этналогіі прынята падзяляць матака не па геаграфічнай, а па моўнай прыкмеце. Яны вылучаюць балівійскіх матака weenhayek, wiznay з паўднёвага берага Пілкамаё і vejós з Бермеха.

Гісторыя правіць

Да прыходу іспанцаў у Паўднёвую Амерыку матака насялялі берагі рэк Бермеха і Пілкамаё. Першы кантакт паміж імі адбыўся ў 1628 г. Аднак сталымі яны сталі толькі ў канцы XVIII ст. дзякуючы адкрыццю францысканскіх місій. Затое матака здаўна кантактавалі з суседнімі народамі Анд, пазней — з чырыгуана. У сярэдзіне — канцы XIX ст. тэрыторыі матака трапілі пад кантроль Аргенціны і Балівіі. Пасля Чакскай вайны пэўная колькасць апынулася ў складзе Парагвая, але пасля перапісу 1981 г. матака ў гэтай краіне не фіксаваліся.

Культура правіць

 
Лялькі матака

Езуіты XVIIXVIII стст. называлі матака вандроўным народам. Аднак, як зараз вядома, яны будавалі сталыя паселішчы. Асноўным заняткам з'яўлялася падсечна-агнявое земляробства. Вырошчвалі кукурузу, гарбузы і маніёк. Важнымі заняткамі таксама былі рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Частка матака і ў сучаснасці займаецца камерцыйным рыбалоўствам, працуе на лесанарыхтоўках, здабывае мёд дзікіх пчол. У мінулым рамёствы забяспечвалі толькі хатнюю гаспадарку. У нашы дні рамеснікі вырабляюць плеценыя, касцяныя і драўляныя прылады на продаж.

Матака звычайна месцілі свае паселяшчы ўздоўж рэк або каля значных крыніц вады. Да Чакскай вайны былі распаўсюджаны каркасныя хаціны, крытыя саломай, якія еўрапейцы параўноўвалі з вуллямі. У кожнай жыла вялікая пашыраная сям'я. Усяго паселішчы ўмяшчалі ад 1 да 100 сем'яў. Пазней сталі стварацца хаціны з плеценымі сценамі, абмазанымі глінай, у гарадах — цагляныя пабудовы.

У мінулым некалькі паселішчаў з'яўляліся асобнай палітычнай адзінкай. Яна кіравалася радай, у склад якой уваходзілі ўсе дарослыя жыхары. На чале рады выбіраўся стараста niyat. Асноўнай сацыяльнай адзінкай была вялікая пашыраная сям'я. Яе стварэнню папярэднічаў доўгі перыяд заляцанняў жаніха да нявесты. Часцяком ён скончваўся сумеснымі ўцёкамі маладых. Пасля іх вяртання яны лічыліся жанатымі. Некаторы час маладая сям'я жыла са сваякамі, потым магла пабудаваць сваю хаціну. Вылучэнне сям'і адбывалася тады, калі яе чальцы мелі магчымасць самастойна стварыць і апрацоўваць земляробчы надзел.

Адсутнасць яўнага лідара ў сям'і прыводзіла да частых унутраных канфліктаў. Яшчэ часцей яны ўзнікалі паміж асобнымі сем'ямі і нават прыводзілі да ваенных дзеянняў. Разводы былі не рэдкай з'явай. Пасля разводу муж і жонка вярталіся ў сем'і бацькоў. Пасля смерці асабістыя рэчы чальца сям'і спальваліся. Яго імя не вымаўлялася ўслых.

Традыцыйная рэлігія матака засноўвалася на анімістычных уяўленнях пра сувязь усіх жывых істот у прыродзе. Яны верылі, што некалі існаваў бог-стваральнік, аднак у сучаснасці ён не аказвае ўплыў на паўседзённае жыццё. Больш важнымі лічыліся багі-гаспадары пэўных істот або з'яў, у тым ліку валадар бур вясёлкавы змей Lawo', сонца Ijwala, бог зла Ahââtaj і г. д. Арганізацыяй рытуалаў займаліся пераважна старэйшыны. Сярод матака вылучаліся шаманы, што займаліся лекаваннем і прароцтвамі.

Зноскі

Спасылкі правіць