Медыцынскі факультэт БДУ

Медыцынскі факультэт БДУ — колішні факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які існаваў у 1921—1930 гадах. Рэарганізаваны ў самастойны Менскі медыцынскі інстытут.

Медыцынскі факультэт БДУ
БДУ
Заснаваны 11 ліпеня 1921
Закрыты 1930
Месцазнаходжанне

Гісторыя правіць

Перадумовы правіць

Пасля нацыянальна-вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў расійскія ўлады ліквідавалі ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы на тэрыторыі Беларусі, дзе існавалі шматлікія дэмакратычныя гурткі і таварыствы, а студэнты і выкладчыкі адзначаліся нізкай з пункту гледжання ўладаў ступенню лаяльнасці. Не стаў выключэннем і Віленскі ўніверсітэт, які ў 1832 годзе быў закрыты, а яго медыцынскі факультэт ператвораны ў Віленскую медыка-хірургічную акадэмію, якую праз 10 гадоў таксама закрылі[1]:177 [2].

Беларусь пазбавілі адзінага цэнтра развіцця вышэйшай медыцынскай адукацыі. Вынікі гэтай палітыкі амаль на 80 гадоў уперад прадвызначылі, што лекары, якія паходзілі з Беларусі і практыкавалі на яе тэрыторыі, вучыліся ў Дэрпце, Казані, Кіеве, Маскве, Пецярбургу, а таксама ў Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Швейцарыі[2].

На мяжы XIX і ХХ стагоддзяў ідэю развіцця вышэйшай медыцынскай адукацыі ў Беларусі актыўна прасоўвалі згуртаванні мясцовых дактароў — Мінскае, Магілёўскае і Віцебскае лекарскія таварыствы, аднак да ўсталявання савецкай улады гэта ідэя не атрымала практычнага ўвасаблення[3]. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года савецкія ўлады надавалі вялікую ўвагу развіццю адукацыі і вылучалі сродкі ў тым ліку на нацыянальныя праекты навучальных устаноў[2].

У прыватнасці, на тэрыторыі Беларусі абмяркоўвалася ідэя адкрыцця паўнавартаснага ўніверсітэта з абавязковым медыцынскім факультэтам, але наступныя баявыя дзеянні і германская акупацыя не дазволілі яе ажыццявіць. Аднак нават падчас нямецкай акупацыі Беларусі выбітныя навукоўцы акадэмік Я. Карскі і прафесар М. Доўнар-Запольскі прасоўвалі ўласныя праекты стварэння беларускага ўніверсітэта, і паводле абедзвюх праграм у складзе будучай вышэйшай навучальнай установы (ВНУ) абавязкова прысутнічаў медыцынскі факультэт[4][2].

Рэалізаваць ідэю адкрыцця беларускай ВНУ ў Менску ў той час не атрымалася. Праект не быў забыты, да яго звярнуліся пасля адыходу нямецкіх войск падчас станаўлення Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ) у пачатку 1919 года. Праз наступствы ваеннай мабілізацыі і акупацыі ў Беларусі востра не хапала кваліфікаваных лекарскіх кадраў, таму паўстала пытанне аб неабходнасці неадкладнай арганізацыі вышэйшай медыцынскай адукацыі[2].

Падрыхтоўка да стварэння правіць

Савет народных камісараў РСФСР 21 студзеня 1919 года выдаў дэкрэт аб адкрыцці ўніверсітэтаў у Астрахані, Кастраме, Самары, Смаленску, Тамбове і Яраслаўлі. У той жа дзень старшыня Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі З. Жылуновіч атрымаў тэлеграму, у якой наркамат асветы РСФСР даручаў дэкану матэматычнага факультэта Ніжагародскага педагагічнага ўніверсітэта прафесару І. Брайцаву, які паходзіў з Магілёўскай губерні, распачаць арганізацыю ўніверсітэта ў Менску з шасцю факультэтамі: матэматычным, прыродазнаўчым, агранамічным, літаратурна-мастацкім, сацыяльна-гістарычным і медыцынскім[5]. 25 лютага 1919 года Цэнтральны выканаўчы камітэт (ЦВК) ССРБ выдаў дэкрэт аб адкрыцці ў Менску Дзяржаўнага ўніверсітэта, на што быў вылучаны 1 млн рублёў[6][2].

Былі створаны дзве камісіі — Менская (пры Менскім губернскім камісарыяце асветы) і Маскоўская (пры Народным камісарыяце асветы РСФСР). Роля апошняй — арганізацыйна і матэрыяльна падтрымаць праект, бо спустошаная войнамі і рэвалюцыйнай разрухай Беларусь не была ў стане самастойна акумуляваць неабходныя рэсурсы[7]. Адкрыццё ўніверсітэта мусіла быць здзейснена 1 траўня 1919 года, аднак праз імклівае наступленне польскіх войскаў, якія да жніўня 1919 года занялі большую частку тэрыторыі Беларусі, і непаразуменне паміж Менскай і Маскоўскай камісіямі гэтага не адбылося[2].

Дзейнасць па стварэнні Беларускага ўніверсітэта аднавілася толькі з наступленнем савецкіх войск улетку 1920 года. 7 жніўня 1920 года мандат упаўнаважанага па справах арганізацыі ўніверсітэта ў Менску атрымаў загадчык Аддзела аховы здароўя Ваенна-рэвалюцыйнага камітэта ССРБ С. Камінскі, які курыраваў стварэнне менавіта медыцынскага факультэта[8][2].

Менская і Маскоўская падрыхтоўчыя камісіі падбіралі кандыдатуры прафесараў для ўзначальвання кафедраў. Для працы на медфаку былі запрошаны вучоныя з Масквы, Петраграда, Кіева, Смаленска, Казані і іншых гарадоў. Паводле ўспамінаў вядомага неўрапатолага М. Кроля, які атрымаў запрашэнне ўвайсці ў склад Маскоўскай камісіі ў жніўні 1920 года, найбольш актыўны ўдзел у працы камісій прыняў прафесар Л. Мінор, якога М. Кроль назваў «духоўным бацькам» медфака БДУ[9][2].

Адкрыццю медыцынскага факультэта і БДУ перашкаджалі татальны дэфіцыт, беднасць і разбурэнні ў пасляваеннай Беларусі. М. Кроль, які прыбыў у Менск у складзе камісіі па арганізацыі БДУ ў канцы снежня 1920 года, згадваў[9][2]:

  У Менску нас здзівілі руіны будынкаў, спаленых палякамі пры адступленні. Усё сведчыла аб тым, што мы знаходзімся ў шматпацярпелай пагранічнай паласе, якая служыла арэнай непасрэдных ваенных дзеянняў.  

Акрамя таго, адсутнасць яснасці наконт меж Беларусі ва ўмовах фармальнага працягу польска-савецкай вайны абумовіла пастаяннае адкладанне пытання аб адкрыцці ўніверсітэта[2].

Пасля ад’езду чарговай дэлегацыі Маскоўскай камісіі ў студзені 1921 года выявіліся складанасці не толькі матэрыяльнага і арганізацыйнага, але і палітычнага характару — у Народным камісарыяце асветы РСФСР з’явілася прапанова не адкрываць медыцынскі факультэт у Менску, а пашырыць адпаведны ва ўніверсітэце ў Смаленску[10]. Асобныя арганізатары і нават наркамат асветы ССРБ звярталіся да чыноўнікаў з апарату кіравання РСФСР за пратэкцыяй. Так, Народны камісарыят асветы ССРБ звярнуўся да ўплывовага намесніка наркама аховы здароўя РСФСР З. Салаўёва (ураджэнца Гродна) з лістом, у якім абгрунтоўвалася неабходнасць захавання пры БДУ медыцынскага факультэта. Аўтары гаварылі аб ідэалагічнай значнасці адкрыцця факультэта ва ўмовах раздзялення беларускага народа пасля Рыжскага міру[10]:10-11 [2]:

  …Шматмільённыя масы беларускага народа маюць права мець уласны беларускі рассаднік вышэйшай адукацыі. Без медыцынскага факультэта ён згубіць значную ступень прывабнасці і цікавасці.  

У пачатку студзеня 1921 года пытанне аб адкрыцці медфака было вырашана станоўча. На нарадах Маскоўскай камісіі па арганізацыі БДУ 22 і 29 сакавіка 1921 года прынялі вучэбныя планы медфака, распрацаваныя лекарамі і выкладчыкамі М. Кролем, Л. Мінорам і П. Карузіным пры ўдзеле М. Давыдава[9]. Першыя навучальныя планы БДУ былі вельмі простымі — указвалася толькі дысцыпліна і агульная колькасць гадзін на яе выкладанне ў кожным трыместры. Навучальны план медфака быў разлічаны на пяць гадоў, ці 13 трыместраў: шэсць трыместраў для асноўнага (малодшага) аддзялення і сем — для старшага. Аналіз навучальных дысцыплін, якія выкладаліся на медыцынскім факультэце, паказаў, што вялікая колькасць гадзін адводзілася на хірургію, хімію і анатомію. Значная ўвага надавалася прапедэўтыцы, гісталогіі з эмбрыялогіяй, а таксама нервовым хваробам[1]:198 [2].

Ва ўмовах катастрафічнага недахопу лекараў на месцах і звязанай з гэтым неабходнасці падрыхтоўкі перадусім спецыялістаў-практыкаў выключна тэарэтычныя курсы, накшталт грамадскай медыцыны і гісторыі медыцыны, чыталіся ў мінімальным памеры — чатыры і дзве гадзіны адпаведна. Але пры гэтым захоўвалася імкненне да належнага палітычнага выхавання — у навучальным плане медфака БДУ на «агульнаадукацыйныя палітычныя прадметы» было вылучана 19 гадзін — больш, чым на грамадскую медыцыну і гісторыю медыцыны разам[1]:196—198 [11][2].

Першым крокам для арганізацыі медфака стаў пошук будынка, што ва ўмовах разбурэнняў цяжка было зрабіць. У выніку для асноўнага корпуса медфака выдзелілі будынак былой духоўнай семінарыі, для анатамічнага тэатра — паўразбуранае памяшканне фабрыкі «Вікторыя», профільныя кафедры былі размеркаваны па адпаведных клініках[9][2].

 
Дом № 2 БДУ (былая фабрыка «Вікторыя», другі на здымку) на Універсітэцкай вуліцы (цяпер Кірава). 1927

Аднак праз гаспадарчую разруху нават узгодненыя тэхнічныя пытанні не заўсёды станоўча рашаліся: падчас камандзіроўкі з Масквы ў Менск дэлегацыя Часовага праўлення БДУ (8-15 красавіка 1921 года) канстатавала, што намечаныя для БДУ будынкі былі заняты іншымі ўстановамі. Духоўная семінарыя, якая разглядалася як асноўнае памяшканне медфака, была перададзена вайсковаму ведамству, дзе быў адкрыты прыёмны пункт для польскіх ваеннапалонных, а будынак фабрыкі «Вікторыя» (будучы анатамічны тэатр) заняла слясарная майстэрня[9][12][2].

 
Шпіталь № 1, у якім у 1920-х гг. знаходзіліся педагагічны і медыцынскі факультэты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Фота 1914—1916 гг.

Для канчатковага вырашэння ўніверсітэцкага пытання 17 красавіка 1921 года правялі злучаную нараду прадстаўнікоў СНК ды ЦВК ССРБ, а таксама камісій і калегій па стварэнні БДУ. У выніку ўсе вызначаныя раней будынкі, у тым ліку тры бальніцы і былы Менскі вайсковы шпіталь, перадалі ўніверсітэту[9].

Фактычна 1921 год прайшоў пад знакам арганізацыі вучэбнага працэсу новага ўніверсітэта. Яшчэ ў студзені ва ўмовах недахопу кадраў урад ССРБ звярнуўся да навукоўцаў — ураджэнцаў Беларусі з заклікам прыняць удзел у арганізацыі ўніверсітэта ў Менску. Адным з першых адгукнуўся будучы дэкан медыцынскага факультэта БДУ М. Кроль. У студзені 1921 года да медыцынскага факультэта былі прыпісаны таксама неўрапатолаг прафесар Л. Мінор, хірург прафесар В. Брайцаў, анатам прафесар П. Карузін. Нягледзячы на новыя бальшавіцкія стандарты і мэты адукацыі, выкладчыцкія кадры першых медыцынскіх факультэтаў як Беларусі, так і іншых саюзных рэспублік складаліся з прадстаўнікоў расійскіх дарэвалюцыйных медыцынскіх школ[13][2].

Адкрыццё факультэта правіць

Урачыстае адкрыццё ўніверсітэта адбылося 11 ліпеня 1921 года і было прымеркавана да гадавіны заняцця Чырвонай арміяй Менска. Але фактычна заняткі на медфаку пачаліся толькі 31 кастрычніка. Да гэтага часу актыўна вялася ўступная кампанія[14][2].

 
Фрагмент аб’явы з правіламі прыёму на медыцынскі факультэт БДУ з газеты «Звезда» ад 16 жніўня 1921 года

У межах ажыццяўлення культурнай рэвалюцыі савецкая адукацыйная палітыка заахвочвала атрыманне вышэйшай адукацыі прадстаўнікамі пралетарыяту дзеля стварэння новай інтэлігенцыі. 2 жніўня 1918 года СНК РСФСР прыняў «Пастанову аб пераважным прыёме ў вышэйшыя навуковыя ўстановы прадстаўнікоў пралетарыяту і бяднейшага сялянства», паводле якой студэнты з вышэйадзначаных пластоў насельніцтва атрымоўвалі значную перавагу пры залічэнні ў ВНУ (у тэксце дэкрэта літаральна вылучаліся «на першае месца») з абавязковым прызначэннем ім стыпендыі. Адначасова адмянялася і плата за навучанне ва ўсіх ВНУ. У 1921 годзе Народны камісар асветы ССРБ У. Ігнатоўскі адзначаў[15][2]:

  Утворыцца новы тып студэнцтва, што выйшла ад сахі і станка, для якога інтарэсы пралетарыяту і сялянства будуць ўласнымі інтарэсамі.  

Для адбору абітурыентаў на медфак БДУ былі выпрацаваны спецыяльныя правілы: узрост не меншы за 17 гадоў, адукацыя ў памеры працоўнага факультэта ці школы другой ступені і здача калёквіуму па матэматыцы, фізіцы і прыродазнаўстве[2].

У выпадку адсутнасці сярэдняй адукацыі абітурыент падлягаў пашыранаму іспыту. Варта адзначыць уплыў класавага падыходу да адукацыі ў савецкай дзяржаве, што выяўляўся ў вылучэнні пераваг пры паступленні для выпускнікоў працоўнага факультэта, медыцынскіх работнікаў са стажам не меней за год, чырвоных медсясцёр і санітараў, што былі на фронце не менш за год, асоб фізічнай працы, што не меней за год працавалі на адказных партыйных, прафесійных і савецкіх пасадах, а таксама абітурыентаў пралетарскага паходжання[16][2].

Пасля апублікавання правілаў прыёму за два тыдні на медфак было прынята 1300 заяў (на 250 месцаў), працягвалі паступаць новыя. Для параўнання: на грамадскім факультэце дзейнічала чатыры аддзяленні, заявы на паступленне туды падалі толькі 1000 абітурыентаў. Такім чынам, конкурс на медфак быў значна вышэйшы, чым на іншыя факультэты БДУ[2].

У сувязі з гэтым колькасць месцаў на медфаку пашырылі да 400, аднак у выніку на 1921/1922 навучальны год першапачаткова залічылі толькі 365 чалавек. Пасля шэрагу перарэгістрацый першы набор студэнтаў на ўсе курсы медфака склаў 239 чалавек, з якіх у выніку скончылі факультэт менш за 200[17][2].

Структура кіравання факультэта правіць
 
Дэканат медыцынскага факультэта БДУ, у цэнтры — дэкан М. Кроль. 1923

За лета — восень 1921 года была выпрацавана структура кіравання медыцынскім факультэтам. Працу факультэта ўзначальваў дэканат, які выбіраўся тэрмінам на адзін год. У склад першага дэканата медыцынскага факультэта ўвайшлі хімік Б. Беркенгейм (дэкан), неўрапатолаг М. Кроль (намеснік дэкана), біёлаг А. Фядзюшын (сакратар). Аднак Б. Беркенгейм пасаду не заняў, і факультэт часова ўзначаліў А. Фядзюшын, а неўзабаве дэканам стаў прафесар М. Кроль. Пры дэканаце дзейнічалі тры прадметныя камісіі: тэрапеўтычная, хірургічная і медыка-біялагічная[10]:10 [2].

У пачатку існавання БДУ яго факультэты будаваліся на калегіяльных і дэмакратычных прынцыпах самакіравання. Так, на медыцынскім факультэце быў створаны прэзідыум факультэта, у які да ліпеня 1921 года ўваходзілі дэкан М. Кроль, яго намеснік доктар Перэльман і сакратар А. Фядзюшын. Пазней былі ўключаны і прадстаўнікі студэнцтва. У прыватнасці, у пачатку 1920-х гадоў членам прэзідыума медфака стаў С. Баркусевіч, які пры сваім статусе студэнта адначасова ўзначальваў Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама займаў пасаду намесніка наркама аховы здароўя ССРБ[17][2].

На 31 кастрычніка 1921 года (момант пачатку заняткаў першага 1921/1922 вучэбнага года) на медфаку было пяць прафесараў і 28 выкладчыкаў[10]:27. Структурна факультэт складаўся з сямі кафедраў, якія фактычна сталі каардынацыйнымі цэнтрамі развіцця беларускай медыцынскай навукі і перанялі функцыі, якія да рэвалюцыі выконвалі лекарскія таварыствы[2].

Першыя кафедры медыцынскага факультэта БДУ (1921 год)[2]
Кафедра Загадчык
Анатоміі П. Карузін
Арганічнай хіміі Б. Беркенгейм
Батанікі В. Ляпёшкін
Заалогіі А. Фядзюшын
Нервовых хвароб М. Кроль
Паталагічнай анатоміі і гісталогіі А. Лунц
Фізікі Н. Андрэеў
Абсталяванне факультэта правіць

Для павышэння якасці навучання пры медыцынскім факультэце быў абсталяваны анатамічны тэатр. Ён размяшчаўся ў другім корпусе («доме») БДУ і лічыўся адным з найлепшых у СССР. Астатнія лабараторыі і кабінеты факультэта таксама абсталёўваліся паводле высокіх для таго часу стандартаў: прыборы для фізічнага кабінета былі атрыманы з Масквы, хімічная лабараторыя забяспечвалася ўсімі неабходнымі прэпаратамі, рэактывамі і прыборамі на 2-3 гады[18][2].

Набор студэнтаў і падрыхтоўка навуковых супрацоўнікаў правіць

У адпаведнасці з Палажэннем аб вышэйшых навучальных установах ад 1 верасня 1921 года савецкія ўніверсітэты мусілі самі рыхтаваць навуковых супрацоўнікаў для ўласных патрэб. Для гэтага ў 1924 годзе пры медфаку была адкрыта ардынатура, а ў 1926 годзе — аспірантура. Варта дадаць, што ў 1920-х гадах медыцынскі факультэт заставаўся адным з найбольш прэстыжных у БДУ: напрыклад, у 1924/1925 навучальным годзе было пададзена 249 заяў на 150 месцаў, па выніках іспытаў залічаны толькі 102 чалавекі і без іспытаў — 30[2].

Залічэнне студэнтаў на медыцынскі

факультэт БДУ ў 1921—1927 гадах[2]

Год залічэння Колькасць залічаных

студэнтаў

1921 330
1922 216
1923 239
1924 186
1925 132
1926 95
1927 114

Кадравы голад і рэарганізацыя правіць

Першапачатковыя арганізацыйныя складанасці адбіліся на далейшай дзейнасці медфака, асабліва ў першай палове 1920-х гадоў. Першы выпуск лекараў у 1925 годзе склаў усяго 21 чалавек, але ўжо ў 1926-м значна больш — 175, а да 1927 года медфак БДУ выпусціў 400 маладых спецыялістаў. З 1925 па 1930 год сярэднегадавы выпуск лекараў склаў 164 чалавекі[19]. Аднак гэтага было недастаткова для медыцынскай сеткі БССР, якая пакутавала ад «кадравага голаду», таму на працягу 1920-х гадоў кваліфікаваных медыкаў не хапала. Нягледзячы на пэўныя поспехі, БССР адставала ад астатніх рэспублік СССР па забеспячэнню лекарскімі кадрамі: на 1924 год на 10 тыс. насельніцтва прыпадала толькі 1,6 лекара, у той час як у РСФСР — 3. Гэта тэндэнцыя захоўвалася і ў другой палове 1920-х гадоў, калі шмат выпускнікоў медфака БДУ не жадалі размяркоўвацца ў БССР, асабліва ў вясковую мясцовасць, і выязджалі на працу ў РСФСР, перадусім — у Маскву і Ленінград[2].

Падобныя з’явы прадвызначылі неабходнасць павышэння колькасці студэнтаў-медыкаў і ператварэння медыцынскага факультэта БДУ ў самастойны Менскі медыцынскі інстытут, што адбылося ў 1930 годзе[2].

Зноскі

  1. а б в Турук, Ф. Университетская летопись / Ф. Турук // Труды Белорусского Государственного Университета в Минске. — 1922. — № 1. — С. 175—207.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг Аляксей Капліеў. Вытокі вышэйшай медыцынскай адукацыі ў Савецкай Беларусі ў 1920-я гады . «Беларуская думка», № 11 (25 красавіка 2021). Праверана 9 мая 2023.
  3. Крючок, Г. Р. К истории основания Минского медицинского института / Г. Р. Крючок, Е. И. Шишко // Научная сессия, посвященная 35-летию института (1921—1956): тезисы докладов / М-во здравоохранения БССР. Минский гос. мед. ин-т. — Минск: [б. и.], 1956. — С. 140—142.
  4. Пічэта, У. І. Пытаньне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым / У. І. Пічэта. — Менск: [б. в.], 1928. — 19 с.
  5. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (НАРБ). — Ф. 4. Воп. 1. Спр. 121. арк. 15.
  6. Декрет Центрального Исполнительного Комитета Рабочих, Крестьянских и Солдатских Депутатов С. С. Р. Белоруссии от 25 февраля 1919 г. // Звезда. — 1919. — 1 марта. — С. 4.
  7. НАРБ. — Ф. 4. Воп. 1. Спр. 131. Арк. 1, 3-4.
  8. НАРБ. — Ф. 8. Воп. 1. Спр. 25, арк. 19.
  9. а б в г д е Кроль, М. Б. Першыя крокі па арганізацыі мэдфаку Б. Дз. У. (Успаміны) / М. Б. Кроль // Беларускі дзяржаўны універсітэт, 1921—1927: Да 10-й гадавіны Кастрычнікавай рэвалюцыі. — Мінск: [б. в.], 1927. — С. 47-51.
  10. а б в г Шишко, Е. И. Минский ордена Трудового Красного Знамени государственный медицинский институт: (к 70-летию) / Е. И. Шишко, А. А. Ключарев, А. И. Курбако. — Минск : Вышэйшая школа, 1991. — 192 с.
  11. Pantiouk, I. К вопросу о становлении высшего медицинского образования в Белорусском государственном университете / I. Pantiouk // Histotiae Scientiatum Baltica: XXII Baltic conference on the history of science / Vilnius — Kaunas, 5-6 october 2006 / comp. A. Andriusis. — Vilnius — Kaunas : [s. n.], 2006. — P. 102—103.
  12. НАРБ. — Ф. 205. Воп. 1. Спр. 2, арк. 40-40 адв.
  13. Каминский, С. Быть-ли университету в Минске / С. Каминский // Звезда. — 1921. — 27 января. — С. 2
  14. НАРБ. — Ф. 205. Воп. 1. Спр. 1, арк. 86.
  15. Красный студент: Сборник Рабочего Факультета при Белорусском Государственном Университете. — Минск: [б. и.], 1922. — 60 с.
  16. Правила приема на медицинский факультет Белорусского Государственного Университета // Звезда. — 1921. — 16 августа. — С. 4.
  17. а б Белорусский Государственный Университет // Вестник Народного Комиссариата Просвещения С. С. Р. Б. — 1922. — Вып. 11-12. — С. 45-46.
  18. Белорусский Государственный Университет // Вестник Народного Комиссариата Просвещения С. С. Р. Б. — 1921. — № 2. — С. 39.
  19. Абраменко, М. Е. Высшее медицинское образование на Беларуси в ходе становления советской системы здравоохранения (1917—1941 гг.) / М. Е. Абраменко // Медицинское образование ХХI: сб. науч. тр.: (материалы междунар. конф.) — Витебск: ВГМУ, 2002. — С. 626—628.