Осінг (саманазва: Lare Osing, індан.: Suku Osing) — аўстранезійскі народ, што насяляе ўсходні ўскраек вострава Ява ў Інданезіі. Агульная колькасць (2023 г.) — 345 000 чалавек[1].

Осінг
(Lare Osing)
Вясельнае шэсце
Агульная колькасць 345000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання Ява
Мова усінг
Рэлігія іслам
Блізкія этнічныя групы яванцы, тэнгеры, балійцы

Паходжанне правіць

Відавочна, осінг маюць агульнае паходжанне з яванцамі. Іх родная мова сфарміравалася на аснове старажытнай яванскай мовы. У другой палове XV ст. крызіс індуісцкай дзяржавы Маджапахіт выклікаў міграцыю часткі яванцаў на ўсход, дзе склалася індуісцкая дзяржава Бламбанган, якая праіснавала да 1743 г., пакуль не была ўключана ў склад султаната Матарам. Лічыцца, што назва осінг значыць на іх мове адмаўленне. Тым не меней, пасля заваявання мясцовае насельніцтва паступова прыняло іслам, хаця працягвала захоўваць некаторыя старажытныя звычаі, сувязі з суседнімі індуісцкімі дзяржавамі Балі, асобную гаворку і тоеснасць.

Асаблівасці культуры правіць

Асноўным заняткам осінг здаўна з’яўляецца сельская гаспадарка. Дзякуючы ўрадлівым глебам у рэгіёне, населеным гэтым народам, практыкуецца камерцыйнае вырошчванне кавы, гваздзіку, тытуню і іншых культур. Акрамя таго, жыхары прыбярэжных вёсак займаюцца рыбалоўствам, унутраных раёнаў — здабычай вулканічнай серы. У апошнія дзесяцігоддзі паступова развіваецца абслугоўванне турыстаў.

У мінулым вёскі асноўвалі на схілах гор. Яны мелі раскіданую планіроўку. Вясковай сацыяльнай і эканамічнай адзінкай была сямейная дворагаспадарка. У яе склад уваходзіла некалькі асобных будынкаў — гасцёўня і спальня, кухня, гаспадарчая пабудова. Часцяком будынкі ўяўлялі сабою па́лі без сцен і ўнутраных перагародак пад адзіным дахам. Спалі на цыноўках, агароджаных тонкімі тканінамі для захавання прыватнага жыцця асобных пар. У жылых пабудовах ладзілі чатырохнахільныя дахі, у гаспадарчых — трохнахільныя. Звычайна дворагаспадарка давала прытулак пашыранай сям’і на чале з мужчынам-гаспадаром, але існавалі і малыя нуклеарныя сем’і.

Осінг вядомы як выдатныя разьбяры па дрэву і вытворцы батыку з малюнкамі, якія адлюстроўваюць навакольную прыроду.

Мова правіць

Родная мова осінг паходзіць ад старажытнай яванскай мовы і часцяком разглядаецца як дыялект сучаснай яванскай мовы. Падзяляецца на некалькі мясцовых гаворак. Акрамя таго, вылучаюць 2 стылі гаворкі — паўсядзённы осінг і болей вытанчаны бесік. Апошні выкарыстоўваецца ў рэлігійных і рытуальных мэтах.

Рэлігія правіць

Большасць сучасных вернікаў спавядае іслам. Тым не меней, у осінг захаваліся старажытныя анімістычныя ўяўленні, шанаванне продкаў. Традыцыйныя вясковыя святы часцяком нагадваюць балійскія.

Зноскі

Спасылкі правіць