Педра III Вялікі
Педра III (катал.: Pietro III d'Aragón; 1239 — 2 ці 11 лістапада 1285, Вільяфранка-дэль-Пенедэс) — кароль Арагона і Валенсіі, граф Барселоны з 27 ліпеня 1276 года, кароль Сіцыліі (пад імем Педра I) з 4 верасня 1282 года. З Барселонскай дынастыі. Сын Хаймэ I Заваёўніка, караля Арагона, Валенсіі і Маёркі, графа Барселоны, і яго другой жонкі Іаланды Венгерскай.
Біяграфія
правіцьПершыя гады валадарання
правіцьУ маладосці Педра браў удзел у войнах бацькі супраць маўраў.
13 чэрвеня 1262 года Педра жаніўся на Канстанцыю, дочкі сіцылійскага караля Манфрэда.
У 1276 годзе ўспадкоўваў бацьку ў Арагоне, Валенсіі і Каталоніі. На базе Балеарскіх астравоў і паўднёвафранцузскіх графстваў Манпелье і Русільён, якія таксама належалі Арагонскаму дому, было створана каралеўства Маёрка, перададзенае Хаймэ II Маёркскаму — другому сыну Хаймэ I Заваёўніка.
У лістападзе 1276 года Педра III каранаваўся ў Сарагосе, адмовіўшыся ад прынясення васальнай прысягі Папе (яго дзед Педра II і бацька Хаймэ I былі васаламі Святога Прастола) і заклаўшы тым самым насенне канфлікту з папствам.
Першыя гады валадарання Педра III быў вымушаны ваяваць з незадаволенымі васаламі. Хаймэ I, скарыстаўшыся канфліктам вакол спадчыны графства Урхель, акупаваў большую частку гэтага графства. Педра III атрымаў у спадчыну ад бацькі Урхель і неўзабаве сутыкнуўся з сынам апошняга графа Арменголем IV. У 1278 годзе Педра III вярнуў Арменголю IV яго ўладанні ва Урхелі, а граф прызнаў сюзерэнітэт караля.
У 1280 годзе супраць караля паўстала каталонская знаць, якая патрабавала ад караля неадкладнага склікання мясцовых картэсаў і пацверджанні ранейшых вольнасцей — фуэрас. Педра III аблажыў мяцежнікаў у Балагеры і праз месяц вымусіў іх капітуляваць. Большасць мяцежнікаў былі арыштаваны, але неўзабаве амніставаны, а глава мецяжу Ражэр-Берэнгарый III дэ Фуа правёў у няволі чатыры гады.
Афрыканская кампанія
правіцьУ 1277 годзе памёр туніскі эмір, які прызнаў раней сюзерэнітэт арагонскага караля, а яго пераемнік адмовіўся ад прынясення васальнай прысягі. Педра III накіраваў у Туніс ваенную экспедыцыю ў 1280 годзе, а ў 1281—1282 гадах кароль сабраў флот са 140 караблёў, каб асабіста пакараць эміра. У 1282 годзе Педра III узяў алжырскі горад Алькойль і ператварыў яго ў базу для далейшага заваявання Паўночнай Афрыкі. Але распачатае на Сіцыліі паўстанне супраць Карла I Анжуйскага (Сіцылійская вячэрня) прымусіла Педра III змяніць планы.
Сіцылійская вячэрня і вайна з Карлам I Анжуйскім
правіцьЖыхары Сіцыліі, заваяванай Карлам I Анжуйскім у 1266 годзе, даўно праяўлялі незадаволенасць акупацыйным французскім рэжымам. Карл I Анжуйскі, у адрозненне ад папярэдніх сіцылійскіх каралёў Атвіляў і Гогенштаўфенаў, кіраваў краінай з Неапаля, не надаваў увагі патрэбам вострава, а яго намеснікі і васалы займаліся рабаванням і гвалтам.
Незадаволеныя сіцылійцы згуртаваліся вакол графа Джавані Прачыды, які пасля 1268 года быў вымушаны бегчы з краіны і наведаў Візантыю, Рым і Арагон, молячы пра падтрымку сіцылійскага вызваленчага руху. Папа Мікалай III, занепакоены незвычайным узмацненнем свайго намінальнага васала Карла I Анжуйскага, ухваліў планы Прачыды. Імператар Міхаіл VIII Палеалог, на чыю карону Карл I Анжуйскі замахваўся, аказаў сіцылійцам фінансавую дапамогу. Педра III, які як зяць апошняга Гогенштаўфена меў права на карону Сіцыліі, таксама быў гатовы ўступіць у барацьбу за востраў. Шматлікія даследчыкі лічаць, што афрыканскі паход Педра III быў нагодай для ўмацавання флоту і арміі для наступнай высадкі ў Сіцыліі.
30 сакавіка 1282 года ў Палерма пачалося паўстанне супраць французаў — Сіцылійская вячэрня. Паўстанне неўзабаве ахапіла ўвесь востраў, французы былі перабіты. Карл I Анжуйскі, які збіраўся пачаць вайну супраць Візантыі, быў вымушаны змяніць планы і высадзіўся ў Месіне, абсадзіўшы яе з мора і сушы. Паўсталыя накіравалі дэлегацыю ў Алькойль, молячы Педра III прыняць карону Сіцыліі і абараніць яе ад Карла I Анжуйскага. Педра III, як відаць гатовы да такога павароту падзей, пагадзіўся. 30 жніўня 1282 года ён высадзіўся ў Трапані, па шляху ў Палерма сіцылійцы віталі яго, і ўжо 4 верасня 1282 года ён каранаваўся ў Палерма як кароль Сіцыліі (Педра I).
18 лістапада 1282 года Папа Марцін IV, настроены прафранцузскі ў адрозненне ад Мікалая III, адлучыў Педра III ад Царквы. Пад анафему падпаў і новы візантыйскі імператар Андронік II Палеалог, які разам з бацькам нябачна стаяў за сіцылійскімі падзеямі, што азначала канец недаўгавечнай Ліёнскай уніі.
У верасні — кастрычніку 1282 года Педра ўзяў пад свой кантроль усю Сіцылію, а Карл I Анжуйскі быў вымушаны зняць аблогу з Месіны і адплысці на кантынент. У наступныя месяцы сіцылійскі флот пад камандаваннем Руджэра дзі Лаўрыа некалькі разоў разбіваў неапалітанцаў, а з лютага 1283 года Педра III заняў значную частку ўзбярэжжа Калабрыі.
Карл I Анжуйскі быў вымушаны пакінуць Неапаль і адправіцца ў Праванс, каб сабраць там новыя флот і армію. Намеснікам Карла ў Неапалі застаўся яго сын — будучы Карл II. У чэрвені 1284 года сіцылійцы на чале з Ражэрам дэ Лорыа прытворным адступленнем выбавілі неапалітанскі флот з Салерна і ўшчэнт разбілі яго. Будучы Карл II патрапіў у палон і быў выратаваны ад пакарання смерцю толькі ўмяшаннем Канстанцыі, жонкі Педра III. Сам Педра знаходзіўся тым часам у Арагоне, дзе сутыкнуўся з небывалым дагэтуль супраціўленнем знаці.
Барацьба з Уніяй. Генеральныя прывілеі
правіцьКанфлікт з Карлам I Анжуйскім і магчымая вайна з Францыяй вымусілі Педра III у 1283 годзе склікаць картэсы ў Тарагоне, каб атрымаць падтрымку знаці і гарадоў. Замест гэтага картэсы абвінавацілі караля ў тым, што ён неабачліва пачаў рызыкоўную вайну і абцяжарвае краіну незаконнымі паборамі. Педра III напышліва адпрэчыў крытыку картэсаў. У адказ прадстаўнікі знаці і гарадоў утварылі Унію — саюз для абароны традыцыйных вольнасцей — фуэрас. Новыя картэсы ў Сарагосе зноў запатрабавалі ад караля пацверджання фуэрас. Педра III, якому цяпер патрабна была падтрымка сваіх падданых, саступіў.
Вынікам картэсаў у Сарагосе стала падпісанне Педра III Privilegio General — Генеральных прывілеяў. Гэты дакумент меў асноватворнае значэнне для Арагона на працягу наступных чатырох валадаранняў, аж да кіравання Педра IV Цырымоннага.
Генеральнымі прывілеямі была ўзмоцнена ўлада хустысьі — суддзі-пасродніка паміж каралём і Уніяй. Па ўсіх спрэчных пытаннях рашэнне хустысьі было абавязковым. Кароль абавязаўся склікаць картэсы не радзей за адзін раз на год і раіцца з імі па ўсіх бягучых справах. У каралеўскі савет былі ўведзены прадстаўнікі ўсіх трох саслоўяў, без ухвалення гэтага савета кароль не мог ні аб’яўляць вайну, ні заключаць мір. Усе ўведзеныя Педра III падаткі былі скасаваны, увядзенне новых падаткаў без згоды савета і картэсаў не дапушчалася.
Крыжовы паход супраць Педра III
правіцьАдлучэнне Педра III ад Царквы аўтаматычна рабіла яго ізгоем сярод еўрапейскіх манархаў і вызваляла яго падданых ад прысягі. Першым гэта даў адчуць родны брат Педра III — Хаймэ II Маёркскі. У 1283 годзе ён прызнаў французскага караля Філіпа III Смелага сеньёрам графства Манпелье, а таксама дазволіў французскім арміі і флоту свабодны праход праз Русільён.
У маі 1284 года Папа Марцін IV абвясціў пра звяржэнне Педра III і падаў арагонскую карону Карлу Валуа, другому сыну Філіпа III Французскага (Карл Валуа даводзіўся па сваёй маці Ізабеле Арагонскай пляменнікам Педра III). Паколькі Педра III не збіраўся падпарадкоўвацца вердыкту Папы і не адмаўляўся ад арагонскай і сіцылійскай карон, Марцін IV абвясціў супраць караля крыжовы паход.
У 1284 годзе армія Філіпа III і Карла Валуа, якая прайшла Русільён і перавалілася праз Пірэнеі, уварвалася ў Каталонію Ў 1285 годзе французы пасля доўгай аблогі ўзялі Жэрону — першы буйны горад Каталоніі. Тут папскі легат каранаваў Карла Валуа ў якасці караля Арагона. Паколькі далёка не ўсе васалы падтрымалі Педра III, яго становішча было крытычным. Але неўзабаве ход вайны змяніўся: сіцылійскі флот пад камандаваннем Ражэра дэ Ларыа разбіў французаў, што пазбавіла Філіпа III магчымасці атрымліваць падмацаванні і харч з Францыі, а ў лагеры самой французскай арміі пачалася эпідэмія дызентэрыі.
Французы прасілі ў Педра III перамір’я, каб мець магчымасць адступіць за Пірэнеі. Але Педра III адмовіў у перамір’і і арганізаваў ворагам засаду ля перавала Панісар (Panissars), у якой французы былі разбіты. 5 кастрычніка 1285 года Філіп III памёр у Перпіньяне, яго сын Філіп IV Прыгожы аддаў перавагу спыніць баявыя дзеянні. Цяпер ужо Педра III перайшоў Пірэнеі і заняў Русільён, яго брат Хаймэ II Маёркскі зноў прызнаў сябе васалам Арагона і, асцерагаючыся брата, бег пад абарону французаў у Нарбон. Педра III пачаў падрыхтоўку да экспедыцыі на Маёрку, але падчас яе падрыхтоўкі памёр 2 (або 11) лістапада 1285 года.
Да моманту смерці Педра III небяспека, якая пагражала Арагонскаму дому, знікла. Філіп III памёр, яго сын Філіп IV, прагматычны палітык, адмовіўся працягваць авантурны крыжовы паход. 7 студзеня 1285 года памёр і Карл I Анжуйскі, а яго сын Карл II, хоць і абвешчаны ў Неапалі каралём, знаходзіўся з 1284 года ў арагонскім палоне.
Педра III — кароль-трубадур
правіцьПедра III, апроч палітычных і ваенных талентаў, валодаў яшчэ і паэтычным дарам. Ён не толькі заступаўся за трубадураў, але і сам быў паэтам. Вядомы два яго вершаваных творы. Нечаканым чынам гэты дар Педра III знайшоў адлюстраванне ў «Боскай камедыі». У Дантэ Педра III і яго выкляты вораг Карл I Анжуйскі разам спяваюць ля варот Чысцілішча.
Сям’я і дзеці
правіцьПедра III быў жанаты з 13 чэрвеня 1262 года на Канстанцыі, дачцэ Манфрэда Гогенштаўфена (1232 — 26 лютага 1266), караля Сіцыліі. Ад гэтага сапраўды венцаноснага шлюбу нарадзілася чацвёра сыноў (з якіх трое былі каралямі) і дзве дачкі (абедзве каралевы):
- Альфонса III (1265 — 18 ліпеня 1291), кароль Арагона з 1285 года
- Хаймэ (10 жніўня 1267 — 2 лістапада 1327), кароль Сіцыліі (Хаймэ I) у 1285—1295, кароль Арагона (Хаймэ II) з 1291 года.
- Федэрыга II (13 снежня 1272 — 25 ліпеня 1337), кароль Сіцыліі з 1295 года.
- Педра (1275 — 25 жніўня 1296)
- Святая Ізабела Партугальская (1271—1336) — жонка караля Партугаліі Дыніша, кананізавана Рымска-Каталіцкай Царквой у 1625 годзе.
- Іаланда (1273—1302) — жонка Роберта, караля Неапаля.
Вынікі валадарання
правіцьАдносна кароткае валадаранне Педра III у шмат у чым стала пераломным у гісторыі Еўропы і Міжземнамор’я.
Педра III стаў першым каралём пасля Гогенштаўфенаў, які адкрыта процістаяў папству, адмовіўся прызнаць сюзерэнітэт Папаў і перамог у гэтай барацьбе.
Педра III, апынуўшыся ў складанай замежнапалітычнай сітуацыі, быў вымушаны саступіць Уніі — саюзу арагонскай, валенсійскай і каталонскай знаці, накіраванаму на абарону фуэрас супраць караля. Пераемнікі Педра III атрымалі з яго рук абмежаваную картэсамі і Уніяй уладу. Скасаваць Унію і павярнуць арагонскую гісторыю ў бок абсалютызму ўдалося пасля жорсткай барацьбы толькі чацвёртаму пераемніку Педра III — Педра IV Цырымоннаму, які кіраваў у 1336—1387 гадах.
Педра III, умяшаўшыся ў барацьбу сіцылійцаў супраць Карла I Анжуйскага, дамогся распаду магутнага Сіцылійскага каралеўства. Гэтага не ўдалося дасягнуць ні Візантыі, ні папству, ні Свяшчэннай Рымскай імперыі. Пасля Педра III гегемонія на Міжземнамор’е паступова перайшла ад Анжуйскай дынастыі да Арагонскага дому. Пераемнікам Педра III удалося на працягу XIV стагоддзі далучыць да сваіх уладанняў Сардзінію, Корсіку, Афіны, а ў XV стагоддзі і Неапаль.
Разгром Педра III Карла I Анжуйскага выратаваў Візантыю ад паўтору Чацвёртага крыжовага паходу і дазволіў ёй прадоўжыць існаванне яшчэ на паўтара стагоддзя. Адначасова канфлікт Арагонскага і Анжуйскага дамоў аб’ектыўна адцягнуў Еўропу ад увагі да Усходняга Міжземнамор’я, што прывяло да хуткага падзення апошніх анклаваў, якія ўтрымліваліся крыжакамі на Усходзе.
Педра III, а па яго слядах і яго пераемнікі, для захавання кантролю над Сіцыліяй былі вымушаны зрабіць шэраг саступак сіцылійскай знаці. У выніку моцная цэнтралізаваная дзяржава Атвіляў і Гогенштаўфенаў саступіла месца слабой манархіі, якую раздзіралі міжўсобіцы.
У культуры
правіць- Кароль згадваецца ў адной з навел «Дэкамерона» (X, 7): Кароль П’етра, даведаўшыся пра гарачае каханне да яго хворай Лізы, суцяшае яе, выдае яе пасля за радавітага юнака і, пацалаваўшы яе ў лоб, назаўжды потым кліча сябе яе рыцарам
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ http://data.cervantesvirtual.com/person/9211 Праверана 3 жніўня 2018.
- ↑ а б в г д е Jaume Sobrequés i Callicó, Mercè Morales i Montoya Comtes, reis, comtesses i reines de Catalunya — Editorial Base, 2011. — ISBN 978-84-15267-24-9
- ↑ http://id.worldcat.org/fast/1898896 Праверана 3 жніўня 2018.
- ↑ Biblioteca Virtual Miguel de Cervantes — 1999. Праверана 3 жніўня 2018.
- ↑ а б в г д е ё Kindred Britain
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
- ↑ Lundy D. R. The Peerage
- ↑ Pas L. v. Genealogics — 2003.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Педра III Вялікі
- Біяграфія на сайце Бібліятэкі Іберыйскіх рэсурсаў (англ.). H. J. Chaytor. Архівавана з першакрыніцы 19 мая 2012. Праверана 7 чэрвеня 2009.
- Біяграфія на сайце «La Monarquia Hispanica» (ісп.). José Hinojosa Montalvo. Архівавана з першакрыніцы 19 мая 2012. Праверана 7 чэрвеня 2009.