Прэмія імя Карласа Шэрмана
беларуская літаратурная прэмія за найлепшы мастацкі пераклад кнігі на беларускую мову
Прэмія імя Карласа Шэрмана — штогадовая літаратурная прэмія Беларускага ПЭН-цэнтра, Саюза беларускіх пісьменнікаў і дабрачыннага Фонду «Вяртанне». Заснаваная ў 2016 годзе. Уручаецца за найлепшы пераклад мастацкай кнігі на беларускую мову.

Мэты прэміі правіць
- вызначэнне найлепшых перакладаў кніг на беларускую мову;
- падтрымка школы мастацкага перакладу ў Беларусі;
- ушанаванне памяці выдатнага літаратурнага перакладчыка Карласа Шэрмана.
Умовы правіць
Прэмія прысуджаецца за мастацкую кнігу, перакладзеную на беларускую мову і выдадзеную ўпершыню ў папяровым ці электронным выглядзе ў годзе, што папярэднічае году намінацыі на гэтую прэмію. Выдадзенай упершыню лічыцца кніга, больш за 50 % зместу якой надрукавана ўпершыню. Кніга, якая намінуецца на конкурс, павінна быць выдадзеная ў папяровым або электронным варыянце паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс.
Этапы конкурсу правіць
Конкурс Прэміі складаецца з наступных этапаў:
- Першы этап: прыём заявак і кніг Аргкамітэтам на конкурс;
- Другі этап: публічнае абвяшчэнне Поўнага спісу кніг, прынятых да ўдзелу ў конкурсе;
- Трэці этап: публічнае абвяшчэнне Кароткага спісу кніг-фіналістаў конкурсу;
- Чацвёрты этап: абвяшчэнне і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэата/лаўрэатаў Прэміі.
Пераможцы правіць
- 2016 — Якуб Лапатка, пераклад карэла-фінскага эпасу «Калевала»
- 2017 — Андрэй Хадановіч, пераклад кнігі вершаў Шарля Бадлера
- 2018 — Вера Бурлак, пераклад кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка, і што ўбачыла там Аліса»
- 2019:
- Пераклад прозы: Сяргей Шупа — Мойшэ Кульбак «Панядзелак» (пераклад з ідышу)
- Пераклад паэзіі: Антон Францішак Брыль — Марк Валерый Марцыял «Выбраныя вершы» (пераклад з лацінскай мовы)
- Пераклад дзіцячай кнігі: Надзея Кандрусевіч — Юя Вісландэр «Ёрдзіс» (пераклад са шведскай мовы)
- 2020:
- Пераклад прозы — Кацярына Маціеўская, пераклад кнігі Анджэя Сапкоўскага «Вядзьмар. Апошняе жаданне».
- Пераклад паэзіі — Ігар Кулікоў, пераклад кнігі «Стараангельская паэзія».
- Пераклад дзіцячай кнігі — Сяргей Матырка, пераклад кнігі Эрвіна Мозэра «Неверагодныя гісторыі на дабранач».
- 2021: імёны пераможцаў прэміі былі абвешчаны 28 кастрычніка. Пераможцамі сталі:[1]
- Пераклад прозы — Вольга Гронская, пераклад з нямецкай — Даніэль Кельман «Тыль».
- Пераклад паэзіі — Юля Цімафеева, пераклад з англійскай — Стывен Крэйн «Выбраныя вершы».
- Пераклад дзіцячай кнігі — Алена Пятровіч, пераклад з англійскай — Дж. К. Роўлінг «Гары Потэр і таемная зала».