Раман Якаўлевіч Салавей

(Пасля перасылкі з Р. Салавей)

Раман Якаўлевіч Салавей (1 (13) кастрычніка 1887, в. Падбагонікі, Гродзенскі павет, цяпер Бераставіцкі раён — 1943) — беларускі настаўнік, фатограф, старшы унтэр-афіцэр 85-га Выбаргскага пяхотнага палка, сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады (1926).

Раман Якаўлевіч Салавей
Дата нараджэння 1 (13) кастрычніка 1887
Месца нараджэння
Дата смерці 1943
Альма-матар
Грамадзянства
Званне унтэр-афіцэр
Бітвы/войны
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

 
Навучэнцы Рамана Салаўя на Раство Хрыстова ў Кляшчэлях. 1914

Нарадзіўся 1 кастрычніка 1887 г. у в. Падбагонікі Малабераставіцкай воласці Гродзенскага павета (цяпер у Бераставіцкім раёне Гродзенскай вобласці). Раман быў сынам шматдзетнай сям’і Якава Салаўя, у якога з 20-ці дзяцей да дарослага жыцця выжылі 6: чатыры дачкі і два сыны — Нікіфар і малодшы Раман. Бацька аддаў Рамана ў царкоўную школу Малой Бераставіцы, дзе ён вучыўся ў 1900—1902 гг. У 1906 г. скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і стаў выкладаць гісторыю, геаграфію, рускую мову і літаратуру ў навучальных установах Гродзенскай губерні. Гэта народныя вучылішчы ў Клепачах, Росі, Малой Бераставіцы, Кляшчэлях і Войтках на Падляшшы[1].

Падчас вучобы ў Свіслачы Раман Салавей зацікавіўся фатаграфіяй. Праз некалькі гадоў набыў сабе фотакамеру і пачаў здымаць краявіды Гродзеншчыны, сваіх вучняў, знаёмых, рабіў аўтапартрэты з жонкай у Падбагоніках. Цікавіўся архітэктурай Вялікай Бераставіцы[1].

 
Раман Салавей за работай. 1915
 
Артысты вайсковай самадзейнасці 85-га Выбаргскага палка. 1915

29 ліпеня 1914 г. Раман Салавей быў мабілізаваны ў Расійскую армію з Войтаўскага вучылішча Бельскага павета. Падчас Першай сусветнай вайны 1914—1918 гг. ён прымаў удзел у Лодзінскай аперацыі, ваяваў пад Варшавай, на Мазурскіх балотах. А летам 1915 г. Раман Салавей удзельнічаў у абароне Гродна. Разам са сваім палком ён прайшоў баявы шлях ад Заходняй Украіны да Латвіі і Эстоніі. У 1915 г. Раман Салавей — ужо унтэр-афіцэр, які быў прызначаны разведчыкам 85-га Выбаргскага пяхотнага палка[ru]. Там Раман Якаўлевіч пазнаёміўся з сапраўднай фотасправай, узначаліў палкавую фоталабараторыю, стаў выдатным фатографам-прафесіяналам[1].

Пасля дэмабілізацыі ў 1918 г. вяртаецца ў Падбагонікі. Але Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—1920 гг. у Заходняй Беларусі прымусілі сям’ю Салаўя пераехаць разам з дзецьмі ва Усходнюю Украіну. Там Раман Салавей настаўнічаў у Васільеўскай адзінай рабочай школе № 2 Кацярынаслаўскай губерні[1].

У 1923 г. Раман Салавей разам з сям’ёй зноў вяртаецца на радзіму. Тагачасная Бераставіччына ўваходзіла ў склад Польшчы, і настаўніцкая справа Салаўя была абмежаваная новай уладай[1].

У 1926 г. Раман Салавей стаў сябрам Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Гэта масавая легальная нацыянальна-вызваленчая арганізацыя працоўных Заходняй Беларусі, якая дзейнічала ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту. Члены Грамады патрабавалі самавызначэння Заходняй Беларусі і аб’яднання ўсіх зямель з БССР. У студзені 1927 г. польскія ўлады пачалі ліквідацыю гурткоў і камітэтаў БСРГ. Пад арышт трапіў і Раман Салавей, актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху[1].

Пасля вызвалення з турмы Салавей зноў настаўнічаў на Бераставіччыне, але вельмі абмежавана. Уз’яднанне з БССР прынесла паляпшэнне ў сямейны быт. 1 кастрычніка 1939 г. Гродзенскі школьны інспектар І. Мрачкоўскі прызначыў Р. Салаўя загадчыкам Алекшыцкай пачатковай школы. Пачалася работа па ліквідацыі непісьменнасці ў сельскай мясцовасці. У пачатку 1940 г. Раман Якаўлевіч здзейсніў пастаноўку п’есы беларускага драматурга Ф. Аляхновіча «Дзядзька Якуб» разам са сваімі выхаванцамі ў Алекшыцах. А 4 лютага 1940 г.  Салавей прывёз гэтую пастаноўку і ў Малую Бераставіцу[1].

Пасля нападу гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз у 1941 г. настаўнік Раман Салавей перайшоў у бок партызанскага руху, быў сувязным. Але па даносу арыштаваны немцамі 2 жніўня 1942 г. і зняволены ў канцлагеры Штутгоф[ru] каля Гданьска (Польшча), дзе і загінуў у 1943 г[1].

Творчасць правіць

 
Каля м. Паставы. У акопе на беразе Ксянзоўскага возера. 1916-1917

Фотаздымкі Рамана Салаўя сталі дакументальнай крыніцай падзей Першай сусветнай вайны на тэрыторыі Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны. Захавалася звыш 100 фотаздымкаў Р. Я. Салаўя, на якіх адбіліся як ваенныя часы, пакінутая зброя, разбураныя гарады і сядзібы, забітыя салдаты, так і мірнае жыццё пасля вайны. Сам Раман Салавей здзяйсняў фотаразведку палявых умацаванняў і ваенных аб’ектаў праціўніка, здымаў на плёнку баявыя дзеянні свайго палка, рабіў калектыўныя і асобныя партрэты вайскоўцаў, камандзіраў, фіксаваў мноства ваенных мерапрыемстваў. Напрыклад, агляд новай тэхнікі і зброі, месца баёў, вайсковыя пахаванні, паходную царкву, адпачынак, тэатральныя пастаноўкі вайсковай самадзейнасці 85-га Выбаргскага палка[1].

Унікальныя фотаздымкі і сямейны архіў Р. Я. Салаўя захоўвалі яго сыны Леанід і Якаў на працягу свайго жыцця. У 1967 г. Леанід Раманавіч перадаў у Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей фотаархіў свайго бацькі, яго асабістыя рэчы, у тым ліку і фотакамеру «Kodak». Другую частку фотаархіву сыны перадалі ў Цэнтральны музей рэвалюцыі[ru] (Масква). З таго часу шмат фотаздымкаў Рамана Салаўя трапіла ў сучасную навукова-даведачную літаратуру Беларусі і Расіі[1].

На радзіме Рамана Салаўя ў Музіе Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы адкрыта пастаянная экспазіцыя з 16-цю лічбавымі копіямі здымкаў выдатнага фотамайстра з Падбагонікаў[1].

Сям’я правіць

У Падбагоніках Раман Якаўлевіч стварыў сваю сям’ю. Жонка Надзея Мікалаеўна Салавей (1888—1967) нарадзіла трох сыноў: Барыса ў 1911 г., Леаніда ў 1918 г. і Якава ў 1921 г[1].

Зноскі

Спасылкі правіць