Свята-Успенская царква (Пярковічы)
Свята-Успенская царква — праваслаўны храм у в. Пярковічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі, у сядзібна-паркавым ансамбле Віславухаў.
Праваслаўны храм | |
Свята-Успенская царква | |
---|---|
![]() | |
52°10′28″ пн. ш. 25°01′41″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Вёска | Пярковічы |
Канфесія | Праваслаўе |
Епархія | Брэсцкая і Кобрынская |
Благачынне | Драгічынскае |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Заснавальнік | Зянон Казімір Віславух |
Першае згадванне | канец XVI стагоддзя |
Дата пабудовы | 1805 год |
Статус |
![]() |
Стан | дзейнічае |
![]() |
Гісторыя
правіцьПершая царква была пабудавана намаганнямі ўладальніка вёскі ўніяцкага епіскапа луцкага і астрожскага Кірылы Цярлецкага ў канцы XVI стагоддзя. Драўляная Свята-Успенская царква мела дзве невысокія вежы і купал над прэзбітэрыем. Храм стаяў на мураваным падмурку. Унутры меліся тры алтары, выкананыя ў мастацкай разьбе, царскія вароты і іншыя мастацкія каштоўнасці. У гэтай царкве ў 1607 (1605) годзе і быў пахаваны Кірыла Цярлецкі. Яго мошчы былі накрыты вялікай гранітнай плітою з надпісамі на латыні[1]. Пад час шматлікіх войнаў XVII стагоддзя царква была спалена.
Цяперашнюю царкву фундаваў як уніяцкую на месцы папярэдняй падкаморы брэсцкі Зянон Віславух каля 1770 года. Завяршыў будаўніцтва ў 1805 годзе і аздобіў храм ягоны сын Віктар. Былі прадугледжаны асобныя крыпты для роду Віславухаў, у якіх былі пахаваны ўладальнікі сядзібы Зянон і Віктар з жонкамі. Таксама ў крыпту перанеслі парэшткі Кірылы Цярлецкага[1].
Надпіс на надмагіллі К. Цярлецкага: |
У канцы XIX стагоддзя было зроблена падрабязнае апісанне надмагілля: «Магіла епіскапа Цярлецкага — з левага боку ад святога алтара, пад рызніцай, у склепе, наглуха закладзеным. Над ёю, у рызніцы змяшчаецца гарызантальна каменная пліта з зубчатай аздобай і з выразанымі на ёй словамі». На надмагіллі змешчаны кірылічны надпіс[2].
Рэшткі епіскапа захоўваліся ў крыпце да 1970-х гадоў. У наш час надмагілле Цярлецкага захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску[2].
Пасля скасавання уніі храм быў перададзены праваслаўным вернікам[1]. Пасля прыходу Савецкай улады ў 1939 годзе парэшткі пахаваных у крыпце былі параскіданы, а саму крыпту замуравалі. У 1961 годзе царкву зачынілі, аднак ў 1990 годзе намаганнямі мясцовых жыхароў яе аднавілі.
Архітэктура
правіцьПомнік архітэктуры позняга класіцызму. Храм вырашаны ў буйных манументальных формах. Аднанефны прамавугольны ў плане аб’ём пад двухсхільным дахам з вальмай над алтарнай сцяной. Дах па краях завершаны драўлянымі васьміграннымі барабанамі. Галоўны арачны ўваход вылучаны 4-паўкалонным порцікам з трохвугольным франтонам, які рытмічна спалучаецца з драўляным франтонам даху. Бакавыя фасады расчлянёны высока ўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі і масіўнымі спаранымі пілястрамі ў прасценках.
У інтэр’еры сцены малітоўнай залы раскрапаваны шырокімі спаранымі пілястрамі. У паўднёвай частцы хоры, якія падтрымліваюцца 2 масіўнымі пілонамі. У агульнай прасторы залы бакавыя прамавугольныя рызніцы вылучаюць квадратную апсіду, вылучаную трох’ярусным іканастасам.
Крыніцы
правіць- ↑ а б в Л. М. Несцярчук. Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны X — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы). — Мінск: БелТА, 2002. — С. 113. — 336 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-6302-37-4.
- ↑ а б Дзяніс Лісейчыкаў. Надмагільныя камяні з «рускімі» надпісамі XVI—XVII стст. каля вёскі Малькавічы Архівавана 1 чэрвеня 2020.
Літаратура
правіць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 408. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1984. — Брэсцкая вобласць. — С. 174. — 368 с., іл.
- Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Свята-Успенская царква (Пярковічы)
- Свята-Успенская царква (Пярковічы) на сайце Radzima.org
- Свята-Успенская царква (Пярковічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)