Сядзібна-паркавы ансамбль Віславухаў (Пярковічы)

Сядзібна-паркавы ансамбль Віславухаў — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пачатку XIX стагоддзя на ўсходняй ускраіне вёскі Пярковічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Сядзібна-паркавы ансамбль
Сядзібна-паркавы ансамбль Віславухаў
52°10′38,43″ пн. ш. 25°01′37,60″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Пярковічы
Архітэктурны стыль класіцызм
Заснавальнік Зянон Казімір Віславух
Дата заснавання пачатак XIX сагоддзя
Дата пабудовы 1805 год
Будынкі
сядзібны дом • парк • лямус • вяндлярня • царква
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000214шыфр 113Г000214
Стан добры
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

У аснову планіроўкі ансамбля пакладзеная падоўжна-восевая кампазіцыя з гасподай у цэнтры рэгулярна-пейзажнага парку. Галоўная алея злучае павернутыя адзін да аднаго фасадамі мураваныя гасподу і царкву. Пейзажная частка парку разбітая за гасподай вакол ставу. Драўляны лямус і вяндлярня не зберагліся.

Гісторыя правіць

У 1756 годзе гаспадарамі Пярковічаў стаў род Віславухаў  (польск.) гербу «Адынец». У 1805 годзе падкаморы брэсцкі Зянон Віславух распачаў будаўніцтва двухпавярховага мураванага палаца, завяршэнне і аздобу якога выканаў яго сын Віктар, маршалак пружанскі. Палац знаходзіўся ў валоданні Віславухаў да пачатку Другой сусветнай вайны.

Паводле апісання Рамана Афтаназы, асноўны аб’ём будынка быў прамавугольнай формы і месціўся на 1.5-мятровым падмурку. Цэнтральны фасад вылучаўся высокім порцікам на чатырох масіўных калонах і шырокім балконам. У канцы XIX стагоддзя здарыўся няшчасны выпадак, калі фурман на чатырох парах коней зачапіўся за крайнюю калону і забіўся. Новы гаспадар разабраў порцік, замяніўшы яго на драўляную веранду з выхадам на балкон. З боку парка існаваў яшчэ адзін чатырохкалонны порцік, значна вышэй за франтальны.

У 1906 годзе палац грунтоўна абноўлены, гонтавае пакрыццё даху заменена на цынкоўку, франтальная веранда набыла выгляд мансарды ў рэнесансавым стылі. На яе шчыце была змешчана шыльда з надпісам на латыні: «CERTA PRO IUSTITA A. D. 1906» (бел.: «Закон праз згоду А. Д. 1906»).

У палацы было 17 пакояў. На першым паверху знаходзіліся рэпрэзентатыўны салон, спальня, сталовая, рабочы кабінет, буфетная, кладоўка, пярэдняя з выхадам на тэрасу.

 
Сядзібны дом, 1914—1918 гады.
 
Арыгінальны інтэр’ер палаца.

Каля 1914 года парадны салон меў каштоўны гарнітур са старой мэблі з ясеню, на сцяне віселі партрэты Вітольда і Язэпа Віславухаў, карціна XVIII стагоддзя з хорам манахаў. Пакой сталовай упрыгожваў вялікі стол, крэслы з дубу і бронзавы буфет 1-й паловы XIX стагоддзя з маёнтку Горкі роду Андрэйкавых. На сценах віселі партрэты Віктара Віславуха, двух нашчадках роду Андрэйкавых і Севярына Залескага, выкананых Юзафам Аляшкевічам.

У астатніх пакоях захоўваліся ясянёвы столік, сакратэр, жалезная скрыня XVI ст., крэслы, ложкі, фарфоравыя вырабы. У пярэдняй месцілася ясянёвая канапа і светлая шафа, вісеў дубовы крыж з выявай Хрыста, а па баках стаялі драўляныя скульптуры святых Язэпа і Дамініка, якія паходзілі з Янаўскага парафіяльнага касцёла.

На другім паверху былі два рэпрэзентатыўныя салоны: «попельны» і «белы», раздзеленыя дзвюма калонамі. У салонах стаялі 3 печы з белай кафлі, 3 фігуркі французскіх мушкецёраў і Напалеона Банапарта, мэбля з чырвонага дрэва, акруглы столік, зроблены ў стылі Людовіка XVI. На адной са сцен «попельнага» салона вісеў фламандскі габелен памерам 3×4 м, некалькі карцін: «Гульня ў шахаматы», «Паляшук у лодцы» і інш.

У «белым» салоне размяшчаліся антычныя гадзіннікі, мэбля, выкананая ў стылістыцы Людовіка XVI, некалькі партрэтаў з відам Каралеўскага палаца ў Варшаве аўтарства Юзафа Крашэўскага; пасярэдзіне вісела жырандоль. Побач месцілася бібліятэка, у якой стаяў дубовы стол Юзафа Крашэўскага, меўся стары крыж з чорнага дрэва, падараваны гаспадарам маёнтка Рамуальдам Траўгутам, калекцыя люлек, вялікі куфэрак з каштоўнымі рукапісамі, напісанымі кірыліцай.

Сярод іншага, у маёнтку захоўвалася гармата з Жаберскага замка, затопленая ў час яго захопу шведамі. У пачатку XX стагоддзя яна была знойдзена мясцовымі рыбакамі, а ў Першую сусветную вайну закапана і ўратавана ад немцаў. Пазней была вывезена ў варшаўскі музей Войска Польскага.

У Першую сусветную вайну двор моцна пацярпеў — згарэлі гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку лямус. Да 1935 года сядзіба была адноўлена. За савецкім часам у маёнтку размяшчалася школа-інтэрнат, потым — санаторна-лясная школа. Арыгінальная планіроўка сядзібы змянілася ў сувязі з пабудовай новых карпусоў школы.

Архітэктура правіць

 
Сядзібны дом у міжваенны час.
 
Сядзібны дом у міжваенны час.

Сядзібны дом правіць

Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Прамавугольны ў плане двухпавярховы будынак, накрыты вальмавым дахам. Мансарда на галоўным фасадзе падкрэслена фігурным франтонам, аформленым трохступеньчатым атыкам з рамбічнымі вокнамі (надбудаваны ў 1906 годзе ў стылі неабарока). Цэнтр галоўнага фасада вылучаны неглыбокім рызалітам з пілястрамі (раней меў чатырохслуповую тэрасу), дваровага — трохгранным эркерам. Вокны прамавугольныя.

Аўтэнтычная аздоба інтэр’еру не захавалася. Паверхі маюць калідорную планіроўку з двума лесвіцамі ў тарцах, у цэнтры — дзве парадныя залы.

Парк правіць

Парк плошчай 16 га (захавалася 3.5 га) фарміраваўся ў эпоху пейзажнага паркабудаўніцтва з рысамі рэгулярнай планіроўкі. Ён характарызуецца дакладна вызначанай падоўжанай воссю працягласцю каля 500 м і сіметрычным размяшчэннем асноўных кампазіцыйных элементаў. Па восі выбудаваны сядзібны дом, парадны і бакавы партэры, сажалка і канал. Вось замыкалася з аднаго боку ўніяцкай царквой, з іншага — альтанкай на выспе.

Перад галоўным уваходам у палац быў разбіты газон. Асноўны дрэвастой парку складалі ясені, каштаны, ліпы, серабрыстыя таполі, бэз. Да параднага партэра вядзе алея праз вялікі дрэвавы масіў (ясені, клёны, ліпы). У бардзюрах шматлікіх прамавугольнікаў выкарыстаны карагач, у лінейных пасадках — конскі каштан, туя, ліпа. У адзінкавых экзэмплярах трапляюцца таполя чорная італьянская, клён вастралісты і інш.

За палацам уздоўж партэра размешчана невялікая выцягнутая з двума выгнутымі рукавамі сажалка. Ад яе ўздоўж асноўнай восі пралягае канал, завершаны круглай выспай дыяметрам 26 м. Акцэнтам перспектывы з’яўлялася альтанка, да якой былі пракінуты два масткі. Прагулачны маршрут цягнуўся ўздоўж воднай сістэмы па насыпной сцежцы шырынёй 6 м, падкрэсленай аднараднай пасадкай ліпы. Тут расце найстарэйшы ў Беларусі экзэмпляр вярбы белай (вышыня — 20 м, дыяметр ствала — 1,23 м). З-за парушэння воднай сістэмы паўночная частка парка апынулася пераўвільготненай.

З правага боку ад палаца прымыкала рэгулярная частка парка, якую ўтваралі ліпы, елкі і дубы. Там знаходзілася альтанка, якая называлася каралеўскай. Стол у ёй быў выкананы з жорнаў на пне, за якім, паводле падання, снедаў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, завітаўшы да Зянона Віславуха па дарозе на сойм у Гродне.

Гаспадарчыя пабудовы (вяндлярня, лямус) былі вынесены за межы парку. Паркавы партэр захаваўся не цалкам, некалі ён меў форму прамавугольніка.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць