Бой пры Сталовічах (1771)

(Пасля перасылкі з Сталавіцкая бітва)

Бой (бітва) пры Сталовічах (23 верасня 1771) — бітва каля мяст. Сталавічы ў час Барскай канфедэрацыі. Расійскае войска пад кам. Суворава разбіла войска канфедэратаў пад камандаваннем Агінскага.[1]

Бой пры Сталовічах
Асноўны канфлікт: Барская канфедэрацыя
Дата 23 верасня 1771
Месца Вялікае Княства Літоўскае, каля мяст. Сталовічы (цяпер — Брэсцкая вобласць, Беларусь)
Прычына Далучэнне гетмана М. К. Агінскага на Барскай канфедэрацыі
Вынік Перамога расійскіх войск
Праціўнікі
Барская канфедэрацыя Расійская імперыя
Камандуючыя
Міхал Казімір Агінскі Аляксандр Сувораў
Сілы бакоў
2 500 канфедэратаў, у т.л. 800 пяхоты і 1 700 пушкамі
Страты
1000 забітых і параненых, і страта артылерыйскіх гармат невядома
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Спачатку сілы канфедэратаў складаліся з атраду вялікага гетмана Міхал Агінскага (1000 ч., 10 гармат); пазней на дапамогу падышоў атрад кавалерыі Юзафа Бяляка (1000 ч.). Расійскі атрад генерал-маёра Суворава складаўся з 900 ч. з 8 гарматамі.[1]

Перад падзеямі

правіць

Яшчэ ў пачатку верасня 1771 г., пасля атрымання весткі пра бітву пад Бездзежам, А. Сувораў, насуперак загадам, 1 верасня выйшаў з 1000 чал. і 8 гарматамі з-пад Любліна. Тым часам, на землях ВКЛ вялікі гетман Агінскі спрабаваў не дапусціць злучэння расійскіх атрадаў і разбіць іх паасобку. У маі ён сабраў пад сваё камандаванне 2 тыс. чал. войска ВКЛ. 26 жніўня каля в. Рудзькі Пінскай эканоміі разбіў батальён з 500 салдат палкоўніка А. Альбічава. 30 жніўня (10 верасня) у мястэчку Хомск заклікаў разрозненыя сілы канфедэратаў злучыцца для абароны «веры, вольнасці і незалежнасці». Раніцай 22 верасня Сувораў знаходзіўся пад Косавам; войска Агінскага ў ноч з 22 на 23 верасня стаяла лагерам у Сталавічах. У ноч на 23 верасня атрад Суворава, зрабіўшы за суткі значны марш, падышоў да Сталавічаў з боку вёскі Сачыўка. Канфедэраты не выставілі варту, і таму з'яўленне расійскага войска не было заўважана.

Каля 2 гадзін у ноч на 23 верасня пяхота і кавалерыя А. Суворава пераправіліся па грэблі цераз балота і раптоўна ўварваліся ў Сталавічы з поўдню, атакуючы лагер канфедэратаў з ходу. Сувораў з ходу разгарнуў свае сілы ў дзве лініі — пярэдняя лінія пад гарматным агнём з мястэчка прайшла ў Сталавічы грэбляй, за ёю ўварвалася кавалерыя на чале з маёрам А. Рылеевым. Сярод канфедэратаў пачалася паніка. Агінскі спрабаваў наладзіць абарону, але яму не ўдалося сабраць ніводнага баяздольнага атрада. Першай уцякла кавалерыя канфедэратаў, якая начавала на рынку, за ёй — пяхота.

Пасля гадзіны вулічных баёў загінула каля 300 канфедэрацкіх жаўнераў, расійскае войска ўзяло ўсю канфедэрацкую артылерыю, сцягі, гетманскую булаву і скарб з 50 тыс. чырвоных злотых. Рэшта войска Агінскага ў 500 жаўнераў выйшла на захад ад Сталавічаў пад ахову галоўнага абозу. Каля 4 гадзінаў раніцы расійскае войска атакавала абоз гарматным агнём, а потым распачало наступ ўсім фронтам. Конніца змяла правае крыло войска Агінскага і пагнала яго жаўнераў у кірунку мяст. Моўчадзь. У гэты час на дапамогу Міхалу Агінскаму падаспелі 2 уланскія палкі татараў Юзафа Беляка, якія акружылі 3 расійскія эскадроны. У ходзе 8-гадзіннага бою Сувораў страціў 78 жаўнераў, а канфедэраты — 500 чалавек забітымі і каля 300 палоннымі[1].

Пасля падзей

правіць

Міхал Агінскі ратаваўся ўцёкамі ў Прусію. Сувораў накіраваўся на Пінск, каб захапіць штаб і світу вялікага гетмана. Юзаф Бяляк з уланамі адышоў на месца сваёй сталай[удакладніць] дыслакацыі ды адправіў вялікаму князю літоўскаму Станіславу паведамленне, якім тлумачыў свой удзел у дзеяннях войска ВКЛ на карысць Барскай канфедэрацыі, бо як вайсковец быў абавязаны загадамі вялікага гетмана літоўскага, а цяпер, калі вялікі гетман пакінуў Рэч Паспалітую, не перадаўшы камандаванне нікому, прызнае над сабою яго найвышэйшую і непасрэдную ўладу [2]. Вялікі князь выбачыў Юзафу Беляку яго правіны. Але Дрэвіч, робячы від, што не ведае пра каралёва выбачэнне, учыніў расправу над некалькімі сотнямі ўланаў Беляка[3].

Параза канфедэрацкага войска пры Сталовічах адыграла вырашальную ролю і ў лёсе кампаніі, якую праводзіў на поўначы ВКЛ Шыман Касакоўскі, бо супраць яго павярнуліся тыя расійскія войскі, якія дзейнічалі супраць Агінскага. 12 верасня ў Купішках Касакоўскі выдаў апошнюю адозву да абывацеляў ВКЛ і 25 верасня пакінуў межы краіны, каб злучыцца з канфедэратамі ў Польшчы, на чым барацьба канфедэратаў у ВКЛ скончылася.

Ацэнкі

правіць

Большасць польскіх даследчыкаў усю адказнасць ускладаюць на Міхала Агінскага. Лічыцца, што лічэбная перавага канфедэратаў, і іх баявы дух, прыўзняты пасля перамогі пад Бездзежам, маглі кампенсаваць ваеннае майстэрства, дысцыплінаванасць і вывучанасць расійскага войска. Асабліва крытычна выказваўся Ё. Крашэўскі, які назваў паразу пад Сталовічамі «ганебнай»:

«Дваццаць чалавек бараніла дом, у якім ён [М.-К. Агінскі] знаходзіўся з д'Асэ, сваёй каханкай. Гетман, якога прымусілі перарваць кампазіцыю оперы, ратаваўся ўцёкамі праз акно, — жаўнераў, службу, сакратароў, увесь двор, касу, канцылярыю, артылерыю забралі маскалі… Непрытомны, не могучы вымавіць ні слова, са шчэпаццю табакі, ўзятай механічна ў хвіліну нападу, трапіў Агінскі за мяжу…»[4]

Асуджае Агінскага і М. Старжэнскі, ён піша пра няўдалае месца размяшчэння лагера, пра п'янства афіцэраў, якое працягвалася ўсю ноч, пра недысцыплінаванасць у арміі, з-за якой, напрыклад, уланы Беляка, якім было загадана несці варту, не толькі не выканалі загаду, але не ўдзельнічалі і ў самым баі.[5]

Сам Агінскі абвінавачваў у здрадзе свайго даверанага сакратара Хамінскага, з гэтым меркаваннем згаджаліся і сучаснікі, ускладаючы на Хамінскага галоўную ролю ў сталовіцкіх падзеях[6]. Сучаснік падзей А. Кітовіч піша:

«Калі паведамлялі гетману, што расіяне на яго наступаюць, Хамінскі пярэчыў тым звесткам супрацьлеглымі, нібы найсвяжэйшымі, прынесенымі шпегамі, што нідзе паблізу непрыяцель не заўважаны. Калі прыбеглі да Хамінскага першыя дазоры, апавядаючы, што іх пераследуюць казакі, ён іх аблаяў, быццам баязліўцаў, настрашаных начнымі марамі. Калі па расіянах, якія ўжо набліжаліся, хацелі страляць з гарматаў, знайшлі тыя набітыя замест пораху і куляў гноем. І толькі тады, калі ўжо расіяне ўваходзілі ў лагер, Хамінскі пабег будзіць гетмана, які спаў моцным сном…»[7]

На адказнасці Агінскага ізаляванасць яго выступлення — не былі наладжаныя кантакты і ўзгоднены дзеянні з Шыманам Касакоўскім і з тэрытарыяльнымі шляхецкімі канфедэрацыямі на тэрыторыі ВКЛ. Праўда, якія б прычыны ні прывялі да сталовіцкага разгрому, выступленне войскаў ВКЛ у гістарычным плане нічога не вырашала[крыніца?]. Асноўная правіна Міхала Агінскага і яго паплечнікаў ў Генеральнасці[няпэўнае слова], што прычыніліся да паглыблення падзелу грамадства, замест таго, каб спрыяць аб'яднанню ўсіх сілаў. Сведчанне гэтаму і далучэнне Міхала Агінскага да акта канфедэрацыі, што штурхаў караля і «Фамілію» да Расіі, і вышэйказаная няўзгодненасць дзеянняў з тэрытарыяльнымі шляхецкімі канфедэрацыямі.

Зноскі

  1. а б в Сталавіцкая бітва // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 623—624. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
  2. Kitowicz A. Pamietniki do panowania Augusta III i Stanisława Augusta: Wydane przez A.Wojkowskiego, — Poznań, 1840. S. 240.
  3. Kryczynski S. Bielak Józef // Polski słownik biograficzny, — T.II. — Warszawa-Kraków-Łódź-etc., 1936. S. 32-33.
  4. Kraszewski J. Polska w czasie trzech rozbiorów (1772—1799): Studia do historyi ducha i obyczaju, — T.1. — Poznań, 1873. S. 47-48.
  5. Starzeński M. Na schyłku dni Rzeczypospolitej. Kartki z pamiętnika (1757—1795): Wydał H.Mościcki, — Warszawa, 1914. S. 27-28.
  6. Pamiętniki Józefa Kossakowskiego biskupa inflanckiego (1738—1788): Wydal A.Darowski, — Warszawa, 1891. S. 74.
  7. Kitowicz A. Pamiętniki do panowania Augusta III i Stanisława Augusta: Wydane przez A.Wojkowskiego, — Poznań, 1840. S. 240—241.

Літаратура

правіць
  • Arcimowicz W. Wielkie Księstwo Litewskie za czasów Stanisława Augusta, — Wilno, 1938.
  • Jasienica P. Rzeczpospolita Obojga Narodów: Dzieje agonii, — Warszawa, 1992.
  • Konopczyński, W. Konfederacja Barska / Władysław Konopczyński. T. 2. — Warszawa: Kasa im. Mianowskiego, 1938. — XII, 652, [1] s.
  • Michalski, J. Schyłek konfederacji barskiej / Jerzy Michalski; Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk. — Wrocław—Warszawa—Kraków: Zakład Narodowy im. Ossolińskich—Wydawnictwo Polskiej Akademii Nauk, 1970. — 205, [2] s.
  • Анішчанка, Я. Сталавіцкая бітва 1771 / Яўген Анішчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 395—396. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Гейсман, П. А. «Конец Польши» и Суворов: Сообщ., прочит. 26 февраля 1900 г. на 25 обыкновенном общественном собрании членов О-ва ревнителей военных знаний д. чл. О-ва, П. А. Гейсманом. — СПб.: Экономическая типо-литография, 1900. — 62 с., 1 л. карт.: граф.
  • Соловьев, С. История падения Польши; Восточный вопрос / Сергей Соловьев. — М.: АСТ — Астрель, 2003. — 365 с. — (Историческая библиотека). — ISBN 5-17-017713-5.
  • Анішчнка Я. К. Сталовіцкая бітва 1771 // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 135. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).