Стэнлі Кубрык (26 ліпеня 1928 — 7 сакавіка 1999) — амерыканскі кінарэжысёр, кінапрадзюсар, сцэнарыст і кінааператар. Творчасць Кубрыка вылучаецца жанравай разнастайнасцю — чорная камедыя, сямейная драма, фільмы жахаў, фільмы пра вайну, гістарычная драма і інш. Нягледзячы на скандальны падтэкст і самабытную рэжысёрскую манеру, яго кінастужкі амаль заўсёды мелі касавы поспех, хаця прызнанне крытыкаў прыходзіла да іх са спазненнем.

Стэнлі Кубрык
Stanley Kubrick
Аўтапартрэт
Імя пры нараджэнні Стэнлі Кубрык (англ.: Stanley Kubrick)
Дата нараджэння 26 ліпеня 1928(1928-07-26)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 7 сакавіка 1999(1999-03-07)[2][4][…] (70 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства Сцяг ЗША ЗША
Сцяг Вялікабрытаніі Вялікабрытанія
Жонка Ruth Sobotka[d][6] і Christiane Kubrick[d]
Дзеці Vivian Kubrick[d]
Адукацыя
Прафесія кінарэжысёр, аператар-пастаноўшчык, фатограф, кінапрадзюсар, сцэнарыст, мантажор, кінааператар, выканаўчы прадзюсар, сцэнограф, рэжысёр, прадзюсар
Кар’ера 19511999
Кірунак Новы Галівуд
Узнагароды
IMDb 0000040
The Kubrick Site.
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць

Дзяцінства і станаўленне кар’еры

правіць

Нарадзіўся ў сям’і яўрэяў — выхадцаў з Усходняй Еўропы. Яго бацька быў лекарам і цікавіўся шахматамі і фатаграфіяй, гэтыя зацікаўленасці падзяляў і хлопец.

У школе Кубрык не быў выдатным вучнем, не здолеў атрымаць вышэйшую адукацыю. У той час Стэнлі Кубрык вырашыў заняцца фатаграфіяй. У здымкі 17-гадовага Кубрыка былі надрукаваны ў часопісе «Look», і ён неўзабаве стаў сталым фотакарэспандэнтам.

У 1947 г. Стэнлі Кубрык ажаніўся са старой сяброўкай Тобай Мец.

Першы кароткаметражны фільм — «Дзень бітвы» з’явіўся ў 1951 годзе. Ён распавядаў пра баксёра Уолтэра Карцье, які быў калісьці героем аднаго з фотарэпартажаў Кубрыка.

Фільм «Сцежка славы» (1957) часам лічыцца (у прыватнасці Стывенам Спілбергам) найлепшай антываеннай стужкай у гісторыі, але сапраўдную папулярнасць і актуальнасць набыў толькі падчас вайны ў В’етнаме.

Фільм «Спартак» (1960), з Лоўрэнсам Аліўе і Кіркам Дугласам у галоўных ролях атрымаў 4 прэміі «Оскар». Але Стэнлі Кубрыку не спадабалася тое, што ён не меў магчымасці паўплываць на сцэнарый фільма.

Сцэнарый да наступнага фільма «Лаліта» (па аднайменнай кнізе У. Набокава) Кубрык амаль цалкам напісаў сам, адмовіўшыся ад сцэнарыя самога пісьменніка. Гледачы былі здзіўлены тым, што ў фільме, у адрозненні ад кнігі, амаль не закраналася сексуальная тэматыка.

«Доктар Стрэйнджлау, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу»

правіць

Чорная камедыя «Доктар Стрэйнджлау, або Як я навучыўся не хвалявацца і палюбіў бомбу» (1964) стала культавай. Яна высмейвала Халодную вайну і інтэлектуальную абмежаванасць кіраўніцтва па абодва бакі Жалезнай заслоны. Галоўны герой — вучоны-дзівак, злы геній доктар Стрэйнджлау, былы нацыст, які апынуўся на службе ў кіраўніцтва ЗША. На фоне сусветнай ядзернай вайны, якая пачынае разгортвацца, ён прапануе прэзідэнту план аб выратаванні невялічкай долі амерыканскага насельніцтва, выкарыстоўваючы ідэі яўгенікі аб паляпшэнні чалавечай расы.

«2001: касмічная адысея»

правіць

«2001: касмічная адысея» (1968, сцэнарыст — пісьменнік Артур Кларк) уразіла гледачоў незвычайнымі спецэфектамі і мела вялікі касавы поспех. Фільм быў прысвечаны веры ў магутнасць чалавечага духу і ў магчымасць мірнага, канструктыўнага кантакту з іншапланетнымі цывілізацыямі. Фільм увайшоў у спіс «50 фільмаў, якія неабходна паглядзець, перш чым памерці». Распавядаючы пра гэтую кінастужку, Кубрык прывёў словы беларускага вучонага В. Ф. Купрэвіча: «Я перакананы, што мы знойдзем спосаб адключыць механізмы старэння клетак».

«Завадны апельсін»

правіць

Пазней Кубрык распачаў экранізацыю рамана Энтані Бёрджэса «Завадны апельсін». Фільм шакіраваў незвычайнай да тагачаснага кінематографа колькасцю гвалту і нават выклікаў агрэсіўную імітацыю жорсткім учынкам галоўнага героя сярод англійскіх падлеткаў, з-за чаго быў забаронены ў Вялікабрытаніі. Аднак, фільм меў касавы поспех і скандальную славу. Частка персанажаў размаўляе на спецыфічнай мове — «надсат» — якая створана з англійскіх і рускіх словаў. Таму патрабаваннем Кубрыка было тое, каб у Расіі «Завадны апельсін выходзіў толькі з субцітрамі». Але яго воля не была выканана.

«Бары Ліндан»

правіць

Наступная стужка «Бары Ліндан» (1975) была вельмі дэтальна прапрацаванай: менавіта тут пачаў мацней праяўляцца перфекцыянізм Стэнлі Кубрыка. Але фільм праваліўся: у прыватнасці многіх гледачоў адхінула яго вялікая працягласць (каля 3 гадзін). Некаторым крытыкам не спадабалася вельмі вольная інтэрпрэтацыя кнігі Уільяма Тэкерэя «Запіскі Бары Ліндана», паводле якой быў зняты фільм.

Толькі пазней водгукі крытыкаў значна палепшыліся. Кампазіцыя большасці сцэн пільна пабудавана і выверана ў манеры жывапісу XVIII ст, у якім адбываюцца падзеі кінастужкі. Сам хронаметраж фільма падзелены на 2 роўныя і амаль што люстэркава сіметрычныя часткі. Бітвы Сямігадовай вайны, паказаныя ў першай, адпавядаюць сямейны канфліктам ў другой. У канцы першай часткі, як і ў пачатку другой, гледачы бачаць картачную гульню герояў. У пачатку першай часткі, як і ў канцы другой, адбываюцца дуэлі.

«Ззянне»

правіць

Пасля няўдалага «Бары Ліндана» тэмпы працы Кубрыка замарудзіліся. Наступны фільм «Ззянне» (паводле аднайменнага рамана Стывена Кінга) ён выдаў толькі ў 1980 г. Галоўную ролю сыграў Джэк Нікалсан і Шэлі Дзюваль. Паводле версіі часопіса Entertainment Weekly фільм з’яўляецца самай страшнай стужкай з усіх фільмаў жахаў у гісторыі. Але ў свой час «Ззянне» не спадабалася самому Стывену Кінгу, аўтару кнігі, які сцвярджаў, што Кубрык «надта шмат думае і надта мала адчувае». Апроч гэтага стужка атрымала адразу 2 намінацыі на «Залатую маліну»: за «горшую рэжысуру» (Стэнлі Кубрык) і «горшую жаночую ролю» (Шэлі Дзюваль). Крытык Полін Кейл, якая пісала негатыўныя рэцэнзіі на фільмы Кубрыка, выказалася пра «Ззянне»: «Хто хоча ўбачыць зло пры дзённым святле праз шыракавугольны аб’ектыў?».

Пры гэтым вядома, што Стэнлі Кубрык вельмі скрупулёзна падыходзіў да рэжысёрскай працы над гэтым фільмам, а Шэлі Дзюваль была фактычна была маральнага замардавана той стараннасцю, з якой яна выконвала сваю ролю. Трэба адзначыць, што амаль усе фільмы Кубрыка сустракалі поспех сярод гледачоў, але па большай частцы негатыўныя рэцэнзіі ад крытыкаў-сучаснікаў. Але з цягам часу меркаванне крытыкаў пра «Ззянне», як і пра іншыя працы Кубрыка, кардынальна палепшылася.

Апошнія працы

правіць

«Суцэльнаметалічная абалонка» (1987) была прысвечана жорсткасці і несправядлівасці В’етнамскай вайны. Праца над наступным фільмам («З шырока заплюшчанымі вачыма», 1999) паводле «Навелы аб снах» Артура Шніцлера заняла 12 гадоў. Галоўныя ролі выканалі Том Круз і Ніколь Кідман, тады муж і жонка. Лічыцца, што менавіта рэальна сыграныя ролі мужа і жонкі, якія стаміліся адзін ад другога, адмоўна паўплывалі на адносіны саміх акцёраў і былі прычынай распаду іх шлюбу. Вядомы перфекцыяніст, Кубрык займаўся мантажом стужкі цэлы год і памёр 7 сакавіка 1999 г., праз 4 дні пасля завяршэння работы. Ёсць меркаванне, што скончыць мантаж ён так і не паспеў, і фінальную стадыю мантажу выконвалі Стывен Спілберг і Сідні Полак.

У Кубрыка быў так і не здзейснены план экранізаваць гісторыю жыцця Напалеона Банапарта. Пазней за гэты праект хацеў узяцца Стывен Спілберг[7]. Ён жа ажыццявіў кінапраект Кубрыка «Штучны розум», які той распрацоўваў яшчэ ў 1970-я гады.

Нерэалізаваныя праекты

правіць

«Штучны розум»

правіць

«Штучны розум» быў адным з нямногіх праектаў Кубрыка, скончаных іншым рэжысёрам. На працягу 80-х і пачатку 90-х гадоў Кубрык разам з пісьменнікамі пачаў пісаць сцэнарый да фільма, на той момант які насіў назву «Пінокіа», або «Штучны розум». Сюжэт фільма засноўваўся на кароткім аповядзе Браяна Олдзісса «Суперцацак хапае на ўсё лета» (у іншым перакладзе — «Супер-робаты жывуць ўсё лета») (Super-Toys Last All Summer Long), які Кубрык ператварыў ў доўгі аповед, які складаецца з трох актаў. Сюжэт расказваў казку пра робата-андроіда, які спрабуе зразумець людзей, іх пачуцці і эмоцыі.

Кубрык паслаў тэлеграму Стывену Спілбергу з просьбай зняць фільм, на што Спілберг пагадзіўся. У 2001 годзе, пасля смерці Стэнлі Кубрыка, фільм быў выпушчаны на экраны і атрымаў мноства ухвальных водгукаў.

«Пякучая таямніца» і «Пазашлюбнае дзіця»

правіць

У 1956 годзе, калі MGM прыпыніла здымкі фільма «Сцежкі славы», Кубрык зацікавіўся раманам Стэфана Цвейга «Пякучая таямніца», які быў напісаны пасля першай сусветнай вайны. Кубрык абраў раман для наступнай экранізацыі. Ён наняў пісьменніка Колдэра Вілінгтана для напісання сцэнарыя па кнізе. Але кодэкс Хейса зрабіў экранізацыю гэтага рамана немагчымай[8].

Раней Кубрык хацеў экранізаваць раман Колдэра Вілінгтана «Пазашлюбнае дзіця», але хутка зразумеў, што фільм не можа быць зняты з-за вытворчага кодэкса.

«Вар’ят на волі»

правіць

У 2006 годзе было абвешчана, што Стэнлі Кубрык збіраўся паставіць фільм заснаваны на раману «Вар’ят на волі» пісьменніка Джыма Томпсана ў 1950-х гадах. Але праект не быў рэалізаваны ім аж да яго смерці ў 1999 годзе.

«Напалеон»

правіць

Пасля поспеху фільма «2001» Кубрык запланаваў буйнамаштабныя падрыхтоўкі да экранізацыі біяграфіі Напалеона Банапарта. Ён зрабіў шматлікія даследаванні, чытаючы кнігі пра французскага імператара, і напісаў папярэдні сцэнарый. Для выгоды ён скрупулёзна стварыў карту-каталог асноўных наведаных месцаў і зробленых спраў Напалеона на працягу яго доўгага жыцця.

У заўвагах для яго фінансавых заступнікаў, якія захаваліся ў асабістым архіве, Кубрык сказаў, што не ўпэўнены ў тым, як яго фільм пра Напалеона будзе прыняты публікай, аднак, ён чакае, што гэты фільм стане лепшым з усіх, што ён рабіў. У канчатковым выніку, праект быў адменены па трох прычынах:

  • празмерна высокі кошт здымак
  • рэліз фільма Сяргея Бандарчука «Вайна і свет» на Захадзе (1968)
  • камерцыйны правал фільма Бандарчука на тэму Напалеона — «Ватэрлоа» (1970).

Сцэнарый Стэнлі Кубрыка для гэтага фільма быў апублікаваны ў Інтэрнэце. Значная частка яго гістарычных даследаванняў выявілася ў фільме «Бары Ліндан» (1975), падзеі якога адбываюцца ў канцы васемнаццатага стагоддзя, незадоўга да напалеонаўскіх войнаў.

На ролю Напалеона першапачаткова быў заяўлены Джэк Нікалсан, пасля таго, як Кубрык ўбачыў яго ў фільме «Бестурботны яздок». Кубрык і Нікалсан ў канчатковым выніку працавалі разам над фільмам «Ззянне».

«Кірмаш ганарыстасці»

правіць

Перад тым, як зняць фільм «Бары Ліндан», Кубрык быў зацікаўлены ў праекце па экранізацыі іншага рамана Тэкерея — «Кірмаш ганарыстасці». Але ён адмовіўся ад праекту ў 1967-м годзе, калі тэлеканалам BBC была выпушчаная тэлевізійная версія. Пазней Кубрык сказаў:

«Аднойчы „Кірмаш ганарыстасці“ зацікавіў мяне як магчымы фільм, але ў рэшце рэшт я вырашыў, што гісторыя не магла добра змясціцца ў поўнаметражны фільм… Неўзабаве я прачытаў „Запіскі Бары Ліндана, эсквайра, пісаныя ім самім“ і быў вельмі зацікаўлены ім»[9].

«Арыйскія дакументы» («Хлусня ваеннага часу»)

правіць

Ужо ў 1976-м годзе Стэнлі Кубрык хацеў зрабіць фільм пра халакост. Ён спрабаваў пераканаць Ісаака Башэвіца Зінгера ў садзейнічанні ў працы над сцэнарыем. У пачатку 1990-х гадоў Кубрык пачаў працаваць над фільмам. У аснову сцэнара лёг раман Луіса Беглі «Ваенная хлусня» — гісторыя хлопчыка і яго цёткі, якія хаваюцца падчас халакоста. Першы праект сцэнарыя пад назвай «Арыйскія дакументы» быў напісаны самім Кубрыкам.

Са-сцэнарыст фільма «Суцэльнаметалічная абалонка» Майкл Херр на кастынгах разглядаў кандыдатуры Джуліі Робертс і Умы Турман на ролю цёткі. У рэшце рэшт, на гэтую ролю была абраная Ёхана тэр Штэге, а на ролю хлопчыка — Джозэф Мазела. Таксама рэжысёр выбраў чэшскі горад Брно ў якасці магчымага месца для здымак ваенных дзеянняў у Варшаве.

Кубрык аддаў перавагу не рабіць фільм з-за выхаду фільма «Спіс Шындлера» Стывена Спілберга. Акрамя таго, сам Кубрык стаў занадта прыгнечаны цяжкай для рэжысёра працай. У канчатковым выніку ён кінуў праект у 1995-м годзе.

Сцэнарыі, што засталіся нерэалізаванымі

правіць

Вялікая колькасць ідэй і сцэнарыяў, якія не былі развітыя ў паўнавартасны кінафільм або да якіх у далейшым Кубрык страціў цікавасць у стварэнні, уключаючы сцэнарый «Нямецкі лейтэнант» (у суаўтарстве з Рычардам Адамсам), які расказваў пра групу нямецкіх салдат, дасланых на заданне ў апошнія дні Другой сусветнай вайны. Кубрык планаваў стварыць фільм пад назвай «Я скраў 16 мільёнаў долараў», заснаваны на гісторыі рабаўніка 1930-х гадоў Вілі Сатана. Сатана павінен быў згуляць Кірк Дуглас, але на думку Дугласа сцэнарый апынуўся дрэнна прапрацаваным. Кубрык таксама спрабаваў зацікавіць роляй Кэры Гранта, аднак фільм так і не быў зняты. У 50-х гадах Кубрык, таксама, напісаў сцэнарый да фільма пра Мосбі Рэйнджара, вядомаму пад мянушкай «Шэры прывід», пра героя грамадзянскай вайны ў Амерыцы (на баку паўднёўцаў). У выніку праект не рушыў далей чым чарнавы накід сцэнарыя.

Іншыя нерэалізаваныя праекты

правіць
  • Кубрык заўсёды быў зачараваны працай нацысцкага рэжысёра Файта Харлана (дзядзька жонкі Кубрыка). Падзеі ў фільме павінны былі б адбывацца вакол Ёзэфа Гебельса. Хоць Кубрык працаваў над сцэнарыем на працягу многіх гадоў, фільм не атрымаў развіццё далей, чым грубы накід аповеду.
  • Стэнлі Кубрык хацеў зняць фільм па рамане Умберта Эка — «Маятнік Фуко», які выйшаў у 1988 годзе. Але Эка адхіліў прапанову, незадаволены экранізацыяй яго мінулага рамана «Імя ружы» і тым, што Кубрык не дасць яму напісаць сцэнарый да фільма аднаму. Пасля смерці Кубрыка Эка шкадаваў, што адмовіў яму[10].
  • Перад тым, як прыступіць да працы над фільмам «2001», Тэры Саузерн прапанаваў кубрыку зняць высокабюджэтны парнаграфічны фільм «Блакітны фільм» і тым самым закласці новы жанр. Кубрык адмовіўся ад прапановы, лічачы, што не валодае парнаграфічным тэмпераментам, ён таксама лічыў, што не зможа паспяхова вынайсці новы жанр. Пасля адмовы Кубрыка Саузерн апублікаваў раман «Блакітны фільм», сюжэт рамана апавядаў пра кінарэжысёра Барыса Адрыяна, які спрабаваў зняць падобны фільм. Раман Саузерн прысвяціў Стэнлі Кубрыку. Саузерн пачаў пісаць раман, калі Кубрык быў зацікаўлены ў праекце, але раман выйшаў у 1970-м і неўзабаве Кубрык страціў цікавасць да гэтага праекту.
  • Правы на экранізацыю кнігі «Уладар пярсцёнкаў» былі прададзеныя Джонам Толкінам кампаніі United Artists ў 1968 годзе за 15 млн долараў. Розныя планы па экранізацыі «Уладара пярсцёнкаў» хадзілі з канца 60-х. Так, музыкі гурта «The Beatles» хацелі здымацца ў галоўных ролях патэнцыяльнага фільма, і заявілі Кубрыка ў якасці магчымага рэжысёра. Аднак ён палічыў, што кнігі не падлягаюць экранізацыі[11].
  • Стэнлі Кубрык разглядаў магчымасць адаптаваць раман «Парфумер: Гісторыя аднаго забойцы» Патрыка Зюскінда, для экрана, але ў выніку прыйшоў да меркавання, што твор Патрыка Зюскінда не падлягае экранізацыі. Нягледзячы на меркаванне Кубрыка, раман быў экранізаваны нямецкім рэжысэрам Томам Тыкверам у 2006 годзе.

Рэжысёрскі почырк

правіць

Стэнлі Кубрык ў большасці сваіх фільмаў у аснову сюжэту выбіраў існуючы раман, затым дамаўляўся і разам з аўтарам рэдагаваў сюжэт для будучай экранізацыі. У многіх яго фільмах можна пачуць голас за кадрам (у асноўным ад галоўнага героя), які каменціруе некаторыя сцэны.

Пачынаючы з фільма «Касмічная адысея 2001 года» ва ўсіх яго фільмах, за выключэннем «Суцэльнаметалічнай абалонкі» выкарыстоўваецца папярэдне падрыхтаваныя запісы класічнай музыкі[12]. Акрамя таго, ён часта выкарыстоўвае вясёлае гучанне поп-музыкі ў сцэнах, якія паказваюць разбурэнне і знішчэнне, асабліва у заключных тытрах або апошніх кадрах фільма[13].

У сваім аглядзе фільма «Суцэльнаметалічная абалонка» Роджэр Эберт адзначыў, што многія фільмы Кубрыка выкарыстоўваюць буйныя планы, дзе выкарыстоўваецца галава персанажа, нахіленая ўніз, і яго вочы, накіраваныя ўверх[14]. Кубрык таксама актыўна выкарыстоўвае шырокавугольную здымку, характар адсочвання здымкі, спецыфічнае выкарыстанне буйных планаў, незвычайнае панарамаванне, наплыў і выкарыстанне кадраў з доўгімі паралельнымі сценамі. Многія з фільмаў Кубрыка маюць адсылкі на папярэднія фільмы Кубрыка. Найбольш вядомым прыкладам гэтага з’яўляецца з’яўленне альбома з саўндтрэкам фільма «2001 год: Касмічная адысея», у краме Мелодыя ў фільме «Завадны апельсін». Менш відавочнай з’яўляецца спасылка на мастака з імем Людовік ў «Бары Ліндане» з фільма «Завадны апельсін».

Кубрык старанна сачыў за выпускамі сваіх фільмаў у іншых краінах. Рэжысёр не толькі пакідаў за сабой поўны кантроль над працэсам дубляжу на замежныя мовы; часам ён асабліва здымаў альтэрнатыўны матэрыял для розных краін. Так, напрыклад, у «Ззянні» тэкст для пішучай машынкі Джэка быў зняты на розных мовах, прычым на кожнай мове была знайшлі падыходная прымаўка. У фільме «З шырока зачыненымі вачамі» для розных краін загалоўкі газет і папяровыя запіскі былі такім жа чынам знятыя на розных мовах. Пасля смерці Кубрыка ліцэнзійным выдаўцам яго фільмаў не дазваляецца ствараць новыя галасавыя пераклады да фільмаў, над якімі ён меў творчы кантроль; у краінах, дзе не існуе аўтарызаваных дубляжоў (у іх ліку знаходзіцца і Беларусь) у якасці перакладу дапушчаныя толькі субтытры. Акрамя таго, Кубрык скурпулёзна сачыў за якасцю перакладу сцэнарыя на замежныя мовы; як правіла, ён прымушаў перакладаць замежныя версіі дыялогаў назад на англійскую мову для параўнання з арыгіналам.

Стэнлі Кубрык перад здымкамі сваіх фільмаў праводзіў дбайныя даследаванні на іх тэму, і пасля яго смерці ў яго маёнтак былі знойдзены тысячы скрынак з матэрыяламі яго даследаванняў. У 2007 годзе яго жонка, Крысціяна Кубрык, перадала ўвесь архіў лонданскаму ўніверсітэту мастацтваў.

Фільмаграфія

правіць

Зноскі

правіць
  1. Кубрик Стэнли // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1973. — Т. 13 : Конда — Кун. — С. 549–550. Праверана 27 верасня 2015.
  2. а б Itaú Cultural Stanley Kubrick // Enciclopédia Itaú CulturalSão Paulo: Itaú Cultural, 2001. — ISBN 978-85-7979-060-7 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. а б Los Angeles TimesEl Segundo: 1999. — ISSN 0458-3035; 2165-1736 Праверана 10 сакавіка 2021.
  4. а б Bell A. Encyclopædia BritannicaEncyclopædia Britannica, Inc., 1768.
  5. Proleksis enciklopedija, Opća i nacionalna enciklopedija — 2009. Праверана 10 сакавіка 2021.
  6. Deutsche Nationalbibliothek Record #11856739X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 мая 2021.
  7. http://www.kinopoisk.ru/news/2088078/
  8. Geoffrey Cocks The Wolf at the Door: Stanley Kubrick, History and the Holocaust p. 151
  9. Ciment, Michel. Kubrick on Barry Lyndon. Архівавана з першакрыніцы 18 жніўня 2011. Праверана 31 мая 2007.
  10. The Armani of literature — In Depth — theage.com.au(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 кастрычніка 2012. Праверана 18 лютага 2015.
  11. J.R.R. Tolkien encyclopedia by Michael D. C. Drout, p. 15. See also interview in «Show» magazine vol. 1, Number 1 1970
  12. A Clockwork Orange and The Shining. CO’s Walter Carlos and Shining’s Wendy Carlos are one and the same.
  13. The closing scenes or credits of Doctor Strangelove, A Clockwork Orange, The Shining, and Full Metal Jacket all employ jolly music in an ironic way in their closing credits or final scenes. However, although the closing scenes of Jacket have the soldiers singing the Mickey Mouse song, the closing credits use the Rolling Stones song Paint it Black
  14. Full Metal Jacket :: rogerebert.com :: Reviews. Rogerebert.suntimes.com. Архівавана з першакрыніцы 24 жніўня 2011. Праверана 25 кастрычніка 2008.

Спасылкі

правіць
 
У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Стэнлі Кубрык