Сядзіба Рдултоўскіх (Верхняе Чэрніхава)

Верхняе Чэрніхава

Сядзіба Рдултоўскіх — колішняя сядзіба ў в. Верхняе Чэрніхава Баранавіцкага раёна. Старадаўні двор[1].

Славутасць
Сядзіба Рдултоўскіх
53°14′50″ пн. ш. 26°14′06″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рашэннем Баранавіцкага райвыканкама ад 28 сакавіка 1994 года № 99 створаны батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «парк Верхня-Чэрніхаўскі», пераўтвораны 21 снежня 2010 года. Займае плошчу 6,5 га[2].

Парк правіць

Палац не захаваўся, захаваўся толькі парк, які быў закладзены ў другой палове XIX ст. Спалучаў невялікую пейзажную частку, пладовы сад, гаспадарчы двор і сажалкі за межамі паркавай зоны. Вылучаецца кампактнасцю і дакладнай агульнай арганізацыяй паркавай прасторы. Паводле даследавання А. Т. Федарука, парк належыць да тыпу пейзажных перыяду эклектыкі. Цэнтрам кампазіцыі быў палац, размешчаны ў глыбіні парку. На самым высокім месцы над схілам узвышша знаходзіцца партэрны ўчастак, які мае выгляд адкрытай пляцоўкі дыяметрам да 60 м. За палацам размяшчалася пейзажная частка парку, моцна зарослая кустамі. З рэдкіх раслін тут растуць ліпа амерыканская, лістоўніца еўрапейская. На жаль, у 1980 г. тут знік адзін з лепшых у Беларусі экзэмпляраў вяза голага Кампердоўна  (англ.). Усяго ў парку налічваецца каля 25 відаў дрэў. Цэнтральная традыцыйная алея адсутнічае, па перыметры парк абкружаюць ліпавая і каштанавая алеі разам з валам і каналам, абсаджанымі карагачом[1].

Каля палаца стаяла невялікая цагляная вежа, а пры ўездзе ў сядзібу існавала мураваная каплічка[1].

Біяразнастайнасць правіць

З паўднёвага боку парку знаходзіцца вялікі пладовы сад, уздоўж якога з двух бакоў размяшчаецца аднарадная ліпавая алея. Перад домам захаваліся каштаны і зараслі спірэі. З усходняга боку знаходзіцца партэрны ўчастак у выглядзе адкрытай пляцоўкі дыяметрам каля 60 м, з якой адкрываецца від на наваколлі парку. Парк атачаюць каштанавая і ліпавая алеі. Алеі па перыметры акружаны валам і абсаджаны спірэяй дубраўкалістай і акацыяй дрэвападобнай. Белая акацыя, лістоўніца еўрапейская, ясень звычайны сустракаюцца невялікімі групамі. У падросце дамінуе клён платанападобны[3].

У травастоі пераважаюць злакі. Усяго ў парку адзначана 83 віды раслін, з іх 30 відаў дрэў і кустоў і 53 віды травяністых раслін[3].

На тэрыторыі парку адзначаны грыб галавач гіганцкі (Calvatia gigantea), унесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Пладовыя целы дыяметрам 10—28 см былі выяўлены ў цэнтральнай частцы парку пад лістоўніцай[3].

У парку Верхняе Чэрніхава зафіксавана 255 відаў жывёл, з іх 214 відаў беспазваночных і 41 від пазваночных. Па колькасці відаў жывёл парк саступае ў Баранавіцкім раёне толькі паркам Туганавічы і Паўлінава. Сярод беспазваночных па колькасці відаў дамінуюць насякомыя — 194 віды. Найбольш шматлікімі сярод іх з’яўляюцца цвердакрылыя і паўцвердакрылыя (133 і 22 віды адпаведна). Лідыруе па колькасці відаў сярод жукоў сямейства Стафілініды (Staphylinidae)  — 51 від. У парку ў гняздзе звычайнай зелянушкі зелянушкі звычайнай (Carduelis chloris) былі знойдзены два асобнікі Aleochara sparsa, які з’яўляецца новым відам стафілінід для фаўны Беларусі і адзначаны таксама ў парку Дамашэвічы. Уяўляе цікавасць знаходжанне ў парку клапа з сямейства Слепнякі (Miridae) Polymerus holosericeus, які таксама ўпершыню адзначаецца для фаўны Беларусі. Сярод пазваночных, як і ў іншых парках, лідыруюць птушкі — 30 відаў, з якіх на гнездаванні адзначана 14 відаў. У парку знойдзена таксама 5 відаў сысуноў і 4 віды земнаводных[3].

У паркавым сажалцы адзначаны 2 віды рыб[3].

У парку Верхняе Чэрніхава зафіксаваны 3 віды жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Самец свiрстуна палявога (Anthus campestris) быў адзначаны на паўднёвай ускраіне парку. Акрамя таго, на ўсходняй ускраіне парку неаднаразова адзначалася звычайная пустальга (Falco tinnunculus) ў момант палявання. На гнездаванні гэтыя віды на тэрыторыі парку не зафіксаваны. У парку была выяўлена адна асобіна арэшнікавай соні (Muscardinus avellanarius) (у гняздзе перад адыходам у зімовую спячку). Уяўляе цікавасць знаходжанне ў парку мармуровай бронзаўкі (Liocola marmorata), унесенай у Дадатак да Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь (недастаткова даных (DD)). Гэты буйны жук фіксаваўся ў дуплаватых ліпах у 2005 (два асобнікі імага і пяць асобнікаў лічынак) і 2006 (тры асобнікі імага і сем асобнікаў лічынак) гадах[3].

У парку была адзначан звычайная вавёрка (Sciurus vulgaris)[3].

Зноскі

  1. а б в Верхняе Чэрніхава // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
  2. Памятники природы местного значения
  3. а б в г д е ё Старинные парки Барановичского района: резерваты биоразнообразия и объекты экотуризма [Текст] : монография / С. К. Рындевич, А. Г. Рындевич, В. Н. Зуев. — Барановичи : РИО БарГУ, 2008. — 239[5] с. — 120 экз. — ISBN 978-985-498-101-7.

Літаратура правіць

  • Верхняе Чэрніхава // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.

Спасылкі правіць