Сядзіба Тукалаў (Малыя Шчытнікі)

Малыя Шчытнікі

Сядзіба Тукалаў — сядзібна-паркавы комплекс у в. Малыя Шчытнікі Брэсцкага раёна.

Славутасць
Сядзіба Тукалаў
Сядзібны дом у пачатку XX ст.
Сядзібны дом у пачатку XX ст.
52°14′06″ пн. ш. 23°29′32″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Гісторыя правіць

 
Сядзіба ў 1893 годзе

Сядзіба паводле пісьмовых крыніц была вядома ўжо ў XVI ст. З 1512 г. да пачатку XVII ст. Шчытнікамі валодаў род Гарнастаяў, адзін з прадстаўнікоў якога Івашка Гарнастаевіч зрабіў даволі высокую кар’еру і выкупіў у Берасцейскім павеце шэраг фальваркаў. Пазней Шчытнікі былі ва ўласнасці Сапегаў. У 1708 г. Тэрэза Гасеўская выйшла замуж за гетмана вялікага літоўскага Казіміра Сапегу і запісала маёнтак Шчытнікі на мужа. Пасля яе смерці ў 1710 г. Шчытнікі набыў фельдмаршал Флемінг і яго жонка Францішка Ізабела, таксама з роду Сапегаў. Наступнымі ўладальнікамі двара сталі Чартарыйскія, а ад іх сядзібу набыў разам з Воўчынам род Панятоўскіх[1].

Адзін з нашчадкаў Панятоўскіх Станіслаў, падскарбі вялікі літоўскі, у 2-й палове XVIII ст. пабудаваў у Шчытніках уніяцкую царкву, якая неўзабаве была пашкоджана, а ў пачатку XIX ст. адноўлена новай уладальніцай фальварка Францішкай Талочка з даўняга роду Паніквіцкіх, дачкой Марціна Талочкі. Прыкладна ў 1820 г. пры Паніквіцкіх быў пабудаваны даволі вялікі драўляны палац на мураваным падмурку[1].

 
Уязная брама і сядзіба на здымку, зробленым да 1939 года

Ад Паніквіцкіх сядзіба перайшла ва ўласнасць роду Тукалаў, у прыватнасці Соф’і Тукалы. У 1895 г. дом быў знішчаны пажарам, а ў пачатку XX ст. ён адноўлены. Былая сядзіба перабудавана пасля Другой сусветнай вайны пад жыллё. Царква была зачынена, занядбана, у 1980-я гады адноўлена і перададзена праваслаўным вернікам[1].

На сённяшні дзень ад ансамбля засталіся рэшткі парку, сажалка, часткова дом, мураваная вазоўня і капліца. Парк мае плошчу 3,5 га. Парк мае перспектыву аднаўлення, яго рэшткі з’яўляюцца дэндралагічнай каштоўнасцю[1].

Архітэктура правіць

 
Сучасны выгляд перабудаванай сядзібы

Сядзіба мела выгляд аднапавярховага прамавугольнага ў плане драўлянага будынка на мураваным падмурку, накрытага высокім і гладкім чатырохсхільным дахам. У сярэдняй частцы палац меў балкон і порцік, завершаны шчытком на чатырох чатырохгранных калонах. Дах будынка завершаны двума сіметрычна размешчанымі комінамі. Вокны мелі розную велічыню і былі афарбаваны ў белы колер. Сцены звонку ашаляваны дошкамі[1].

Зноскі

  1. а б в г д Малыя Шчытнікі // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.

Літаратура правіць

  • Малыя Шчытнікі // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.

Спасылкі правіць