Уладзімір Васілевіч Анічэнка

(Пасля перасылкі з У. Анічэнка)

Уладзімір Васільевіч Анічэ́нка (20 ліпеня 1924, Янаўка, Хоцімскі раён, Магілёўская вобласць — 2 лютага 2001) — беларускі мовазнавец. Доктар філалагічных навук (1970), прафесар. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1976)[3].

Уладзімір Васільевіч Анічэнка
Дата нараджэння 20 ліпеня 1924(1924-07-20)
Месца нараджэння
Дата смерці 2 лютага 2001(2001-02-02) (76 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мовазнавец, славіст, беларусазнавец, выкладчык універсітэта
Навуковая сфера мовазнаўства[1], славістыка[1], беларусазнаўства[1] і гістарычнае мовазнаўства[d][2]
Месца працы
Навуковая ступень доктар філалагічных навук
Навуковае званне прафесар
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР
Узнагароды

Біяграфія

правіць

Нарадзіўся 20 ліпеня 1924 года ў мнагадзетнай сялянскай сям’і ў вёсцы Янаўка Хоцімскага раёна. Летам 1941 г., напярэдадні вайны, ён закончыў Хоцімскую сярэднюю школу. У пачатку вайны ўдзельнічаў у эвакуацыі калгасных коней на ўсход, у Расію. Калі вярнуўся дамоў, вёску ўжо занялі немцы. Уладзімір быў арыштаваны і адпраўлены ў Магілёўскі канцлагер, адкуль ён уцёк разам з сябрам Міколам. Па дарозе дамоў іх зноў арыштавалі і вывезлі на прымусовыя работы ў судэцкі горад Мост (Чэхія), дзе іх чакала катаржная праца на шахце, падчас якой яго не пакідала думка пра пабег. І Уладзімір з Міколам і чэхам Юрыем, схаваўшыся ў ваганетцы з вуглём, уцяклі з шахты. Пасля доўгага блукання з дапамогай мясцовых жыхароў яны трапілі ў Арліцкія горы, дзе разам з іншымі вязнямі стварылі партызанскі атрад «Эда», у якім і змагаліся з фашыстамі да канца вайны[4].

Пасля вайны працягваў службу ў Савецкай Арміі, ён працаваў супрацоўнікам дывізійнай газеты «Гвардзеец». Пасля дэмабілізацыі ў 1947 г. па рэкамендацыі Старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Лынькова працаваў літаратурным супрацоўнікам у Ваўкавыскай гарадской газеце «Зара»[4].

У 1947 годзе быў залічаны на філалагічны факультэт БДУ. У час вучобы быў выдатнікам, старастам курса і ўзначальваў студэнцкі дыялекталагічны гурток, які пад кіраўніцтвам Марыі Жыдовіч займаўся вывучэннем беларускіх народных гаворак. У 1952 г. з адзнакай закончыў універсітэт і адразу ж паступіў у аспірантуру Інстытута мовазнаўства Акадэміі навук БССР. Навучанне ў аспірантуры завяршылася датэрміновай паспяховай абаронай у 1955 г. кандыдацкай дысертацыі «Дзеяслоўныя формы прошлага часу ў беларускай мове па матэрыялах Літоўскай метрыкі XV—XVI ст.ст.» (навуковы кіраўнік — дацэнт А. Я. Бірыла)[4].

Працаваў навуковым супрацоўнікам у сектары гісторыі мовы Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Акадэміі навук БССР. У 1970 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі»[4].

З 1970 г. працаваў загадчыкам кафедры спачатку рускай і беларускай моў, а затым — беларускай мовы. З 1991 г. па 2001 г. быў прафесарам кафедры беларускай мовы і загадчыкам лінгвістычнай лабараторыі пры навукова-даследчым сектары Гомельскага ўніверсітэта[4].

У навуцы

правіць

Даследаваў гісторыю беларускай мовы[3]. Вывучаў (1960-я гг.) беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі старажытнай пары. Стваральнік гомельскай школы беларусістыкі[5], ініцыятар вывучэння мовы Усходняга Палесся і стварэння анамастычных слоўнікаў Гомельшчыны. Даследаваў спадчыну Скарыны і Янкі Купалы. Адзін з аўтараў «Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы» (1970)[3].

У апошнія гады свайго жыцця займаўся падрыхтоўкай да выдання рукапісу «Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка», які, на жаль, не быў апублікаваны[4].

Выхаваў больш за 20 кандыдатаў і дактароў навук мовазнаўства.

Асабіста

правіць
  • «Лінгвістычная Скарыніяна», цыкл прац.
    • «Слоўнік мовы Скарыны». У 3 т.
  • «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі». — Мн., 1969, доктарская дысертацыя.
  • «Александрыя», выданне рукапісаў твору прыгожага пісьменства 17 ст.
  • «Марфалогія ўсходнеславянскіх моў». — Мн., 1973
  • «Беларускі казачны эпас». — Мн., 1976
  • «Гістарычная лексікалогія ўсходнеславянскіх моў». — Гомель, 1978

Супольна

правіць
  • «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы». У 2 т. (у сааўтарстве).
  • «Слоўнік мовы Янкі Купалы». У 8 т., як кіраўнік калектыву лексіколагаў.
  • Набожнае слова і антычная мудрасць крочаць побач (1997, разам з А. А. Станкевіч)[6].

Узнагароды

правіць

Узнагароджаны ордэнамі Вялікай Айчыннай вайны II ступені, «Чэхаславацкі партызан» і інш. Дзяржаўная прэмія Беларусі ў галіне навукі (за цыкл прац «Лінгвістычная Скарыніяна»), медаль імя Скарыны.

За вялікі ўклад у развіццё Скарыніяны, за падрыхтоўку Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка і ў сувязі з 75-годдзем У. Анічэнка быў удастоены ганаровай царкоўнай узнагароды — «Крыж Сергія Раданежскага»[4].

Зноскі

  1. а б в Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. Czech National Authority Database Праверана 9 мая 2023.
  3. а б в Аниченко Владимир Васильевич // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 19. — 737 с.
  4. а б в г д е ё Уладзімір Васільевіч Анічэнка. old.gsu.by. Праверана 10 кастрычніка 2024.
  5. Д. Паўлавец. Руплівец мовазнаўчай нівы // Беларуская лінгвістыка. — Вып.49. — Мн., 2000. — С. 91.
  6. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 149. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).

Літаратура

правіць
  • Д. Паўлавец. Руплівец мовазнаўчай нівы // Беларуская лінгвістыка. — Вып.49. — Мн., 2000. — С. 90, 91.
  • Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 36. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі

правіць