Шарль Б’е Гудеэ (фр.: Charles Blé Goudé; нар. 1 студзеня 1972) — івуарыйсі палітык, заснавальнік руху «Маладыя патрыёты». У 2010—2011 гадах займаў пасаду міністра па справах моладзі, занятасці і прафесійнай падрыхтоўкі Кот-д’Івуара. У перыяд Першай і Другой Івуарыйскіх войнаў выступаў на баку Ларана Гбагбо. Знаходзіўся на лаве падсудных Міжнароднага крымінальнага суда за злачынствы супраць чалавечнасці, але быў апраўданы.

Шарль Б’е-Гудэ
Нараджэнне 1 студзеня 1972(1972-01-01) (52 гады)
Адукацыя
Дзейнасць палітык
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

Нарадзіўся 1 студзеня 1972 года. Па нацыянальнасці — бэтэ.

У 1990 годзе ўступіў у Федэрацыю студэнтаў і школьнікаў Кот-д’Івуара. У 1996-м стаў нацыянальным сакратаром арганізацыі, затым, у 1998-м, ён змяніў Гіём Саро на пасадзе генеральнага сакратара, тым самым узначаліўшы Федэрацыю.

У перыяд з 1994 па 1999 год Гудэ восем разоў быў заключаны ў турму за ўдзел у антыўрадавых студэнцкіх мерапрыемствах. У 2001 годзе ён стварыў Панафрыканскі кангрэс моладзі і патрыётаў. Рух выступіў супраць імперыялізму і неакаланіялізму.

У 2002 годзе, з пачаткам грамадзянскай вайны, падтрымаў прэзідэнта Ларана Гбагбо. Гудэ заснаваў рух «Альянс юных патрыётаў за нацыянальны ўздым», таксама вядомы як «Маладыя патрыёты». Арганізацыя адрознівалася радыкальнай нацыяналістычнай ідэалогіяй. У 2004 годзе на фоне французска-івуарскага канфлікту лідар руху выступіў па тэлебачанні з заклікам даць адпор французскім войскам. Прыхільнікі Гудэ зладзілі пагром кварталаў, дзе пражывалі замежнікі, а таксама напалі на 43-і батальён марской пяхоты УС Францыі[1].

Гудэ неаднаразова рабіў публічныя заявы, заклікаючы да гвалту ў дачыненні да аб’ектаў і міратворцаў ААН, а таксама замежнікаў у цэлым. За гэта ў студзені 2006-га яму быў забаронены выезд з краіны, а яго банкаўскія актывы замарожаны[2].

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года палітык прызначаны міністрам па справах моладзі, занятасці і прафесійнай падрыхтоўкі ва ўрадзе прэм’ер-міністра Жана Аўсу-Куад’ё[3]. Аднак праз некалькі месяцаў Гудэ страціў гэтую пасаду ў сувязі з перамогай апазіцыі ў ваенным канфлікце з прэзідэнтам Гбагбо. Неўзабаве экс-міністр адправіўся ў выгнанне[4].

17 студзеня 2013 года Гудэ быў арыштаваны ў горадзе Акра (Гана) і перададзены Міжнароднаму крымінальнаму суду[5]. Яму прад’явілі абвінавачванні ў здзяйсненні злачынстваў супраць чалавечнасці падчас канфлікту 2010—2011 гадоў. Першае судовае пасяджэнне па справе Гудэ прайшло 28 студзеня 2016-га. 15 студзеня 2019 года палітык быў апраўданы[6]. У маі 2021 года з Гудэ былі зняты абмежаванні, якія тычаліся ўмоўна-датэрміновага вызвалення[7].

Адукацыя правіць

У 1991 годзе скончыў бакалаўрыят у Абіджанскім універсітэце. Пазней вучыўся на ступені магістра ў галіне кіравання і прадухілення канфліктаў у Манчэстэры (Вялікабрытанія), але, не атрымаўшы дыплом, вярнуўся на радзіму ў сувязі з пачаткам грамадзянскай вайны. Авалодаў англійскай мовай[8][9].

Бізнес правіць

Шарль Гудэ ў значнай ступені выйграў ад свайго асаблівага становішча ў асяроддзі Ларана Гбагбо. Згодна французскім дыпламатычным крыніцам, ён стаў вельмі паспяховым бізнесменам, меў значныя долі ад даходаў гатэляў, начных клубаў, рэстаранаў, станцый тэхнічнага абслугоўвання і нерухомасці ў Кот-д’Івуары. Па словах амерыканскіх дыпламатаў, фінансаванне яго дзейнасці цалкам ажыццяўлялася за кошт Гбагбо і яго набліжаных[10].

Ідэалогія правіць

Доўгі час Гудэ быў заўзятым антызаходнікам і прытрымліваўся нацыяналістычных настрояў. За палітыкам лічыліся крайнія выказванні і злачынствы супраць замежнікаў. У лістападзе 2005 года ён заявіў, што шкадуе аб злоўжываннях у дачыненні да жыхароў краін Захаду і назваў сябе пацыфістам, выступаючы за ненасілле і адмову ад зброі як сродак дасягнення ўлады[11].

Крыніцы правіць