Што Расія павінна зрабіць з Украінай

«Што Расія павінна зрабіць з Украінай» (руск.: Что Россия должна сделать с Украиной) — артыкул Цімафея Сяргейцава, абнародаваны расійскім інфармацыйным агенцтвам «РИА Новости» 3 красавіка 2022 года[1].

У артыкуле раскрываўся «падрабязны план генацыду, пачынаючы з поўнай ліквідацыі ўкраінскай дзяржавы»[2]. З гэтай нагоды 4 красавіка 2022 года ўкраінскі тэлежурналіст Алег Казанскі адзначыў: «Тут адкрыта бароніцца неабходнасць этнацыду. Гаворка ўжо не пра „дэнацыфікацыю“, а пра „дэўкраінізацыю“. Пра тое, што ўкраінцаў трэба прымусіць адмовіцца ад сваёй нацыянальнасці, мовы і культуры з дапамогай масавых рэпрэсій. Расійская дзяржава ўжо проста адкрыта перайшла да рыторыкі нацысцкіх злачынцаў. Цэлы народ аб’яўляецца няправільным, прапагандуецца неабходнасць знішчэння ўкраінцаў і ўкраінскай дзяржаўнасці. І пасля такіх артыкулаў яны яшчэ спрабуюць апраўдацца за Бучу, сцвярджаюць, што не чынілі там ваенных злачынстваў. Такім чынам, паглядзіце, яны на дзяржаўных сайтах абнародавалі заклікі да генацыду ўкраінцаў»[3]. Артыкул быў апублікаваны ў кантэксце працяглага ўварвання Расіі ва Украіну, у той жа дзень, калі пасля адступлення расійскіх войскаў з украінскага горада Буча былі знойдзены целы дзясяткаў мірных жыхароў[4][5]. Артыкул выклікаў міжнародную крытыку і абурэнне і быў асуджаны як доказ генацыдных намераў[6][7][8].

Змест правіць

Артыкул выступае за «жорсткую цэнзуру» ўкраінскай культуры, маштабнае «перавыхаванне» і «дэўкраінізацыю» ўкраінцаў на тэрыторыях, акупаваных Расіяй падчас уварвання ва Украіну ў 2022 годзе[9][10][11].

Аўтар настойвае на тым, што этнацэнтрызм Украіны з’яўляецца штучным вычварэнствам[12], што існаванне Украіны як нацыянальнай дзяржавы «немагчыма»[10], і што нельга дапусціць існавання самога слова «Украіна»[4][9]. На думку аўтара, Украіна павінна быць дэмантаваная і замененая некалькімі дзяржавамі пад непасрэдным кантролем Расіі[13]. Ён дадае, што «этнічны складнік самаідэнтыфікацыі» Украіны таксама будзе адкінуты пасля яе акупацыі Расіяй[10].

Аўтар сцвярджае, што «хутчэй за ўсё, большасць» украінскага мірнага насельніцтва — «нацысты»[10], якія «тэхнічна» не могуць быць пакараныя як ваенныя злачынцы, але могуць быць падвергнутыя «дэнацыфікацыі»[14]. У той час як Сяргейцаў адзначае, што не існуе нацысцкіх партый, сімвалаў, расісцкіх законаў або іншых доказаў сапраўднага нацызму, ён парыруе гэта, сцвярджаючы, што «украінскі нацызм унікальны дзякуючы сваёй аморфнасці і неадназначнасці», што, паводле Цімаці Снайдэра, эквівалентна «асаблівае расійскае вызначэнне нацызму»[15]. Аўтар сцвярджае, што бандэраўцы насамрэч маргінальныя для «ўкранацызму», а сапраўдная пагроза — праеўрапейства.

Ён сцвярджае, што ўкраінцы павінны «засвоіць вопыт» вайны «як гістарычны ўрок і адкупленне [сваёй] віны». Пасля вайны ў якасці пакарання могуць быць выкарыстаны прымусовыя работы, турэмнае зняволенне і смяротнае пакаранне. Пасля гэтага насельніцтва будзе «інтэгравацца» ў «рускую цывілізацыю»[10]. Аўтар апісвае запланаваныя дзеянні як «дэкаланізацыю» Украіны[12][13].

Як піша ў Haaretz Антон Шэхаўцоў, артыкул з’яўляецца пашыранай версіяй артыкула 2016 года расійскага аглядальніка Аляксандра Жучкоўскага, якога звязваюць з расійскім імперскім рухам. У гэтым артыкуле Жучкоўскі заклікаў да дэгуманізацыі ўкраінцаў, кажучы: «Гэта натуральна і правільна, бо мы ваюем не супраць людзей, а супраць ворагаў, […] не супраць людзей, а супраць украінцаў»[16].

Рэакцыі правіць

Унутраная рэакцыя правіць

Намеснік старшыні Савета бяспекі Расіі Дзмітрый Мядзведзеў паўтарыў асноўныя тэзісы артыкула праз некалькі дзён пасля яго публікацыі. Паводле слоў Мядзведзева, «гарачая частка ўкраінскага грамадства малілася Трэцяму Рэйху», Украіна — нацысцкая дзяржава, падобная да Трэцяга Рэйху, якую трэба «дэнацыфікаваць» і «выкараніць», а вынікам гэтага будзе крах Украіны як дзяржавы[17]. Мядзведзеў сцвярджае, што калапс — гэта шлях да «адкрытай Еўразіі ад Лісабона да Уладзівастока»[17].

26 красавіка 2022 года Мікалай Патрушаў заявіў, што «амерыканцы з дапамогай сваіх стаўленікаў у Кіеве вырашылі стварыць антыпод нашай краіны, цынічна выбраўшы для гэтага Украіну, спрабуючы раз’яднаць адзіны па сутнасці народ» і што «вынікам палітыкі Захаду і падкантрольнага яму кіеўскага рэжыму можа быць толькі распад Украіны на некалькі дзяржаў»[18].

Міжнародныя рэакцыі правіць

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што артыкул з’яўляецца доказам планаў Расіі правесці генацыд грамадзян Украіны[7]. Ён адзначыў, што для абазначэння генацыду ўкраінцаў у артыкуле выкарыстоўваюцца тэрміны «дэўкраінізацыя» і «дэеўрапеізацыя». На яго думку, гэта адзін з доказаў для будучага трыбунала над расійскімі ваеннымі злачынствамі ва Украіне[6][19]. Па словах прадстаўніка Украіны на расійска-ўкраінскіх мірных перамовах Міхаіла Падаляка, гэты артыкул з’яўляецца афіцыйным заклікам да масавых забойстваў украінцаў з-за іх нацыянальнай прыналежнасці і будзе разглядацца як такі Міжнародным крымінальным судом (Нідэрланды)[8].

У красавіку 2022 года дэпутат нямецкага Бундэстага Томас Хайльман падаў у суд на аўтара артыкула. На думку Хайльмана, артыкул можа быць парушэннем Канвенцыі аб папярэджанні генацыду і пакаранні за яго[20]. У маі 2022 года Генеральная пракуратура Украіны распачала дасудовае расследаванне па гэтай справе[21].

Крытыка правіць

Па словах дырэктара Фінскага інстытута міжнародных адносін Мікі Аалтолы, артыкул паказаў, што расійская ваенная прапаганда «развіваецца ў трывожным кірунку»[22]. Як піша Meduza, артыкул з’яўляецца «па сутнасці планам генацыду ўкраінцаў»[12].

Паводле оксфардскага эксперта па справах Расіі Сэмюэла Рамані, артыкул «адлюстроўвае мейнстрым крамлёўскага мыслення»[23]. Амерыканскі гісторык Цімаці Снайдэр напісаў, што тэкст «прапагандуе ліквідацыю ўкраінскага народа як такога»[24]. Пазней ён адзначыў, што ў ім выкарыстоўваецца спецыяльнае вызначэнне слова «нацыст»: «нацыст — гэта ўкраінец, які адмаўляецца прызнаць сябе рускім». На ягоную думку, артыкул раскрывае генацыдныя намеры Расіі[15].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Цімафей Сяргейцаў, РІА «Навіны» (4 красавіка 2022). "«Што Расія павінна зрабіць з Украінай»". Партал «Наша Ніва». Архівавана з арыгінала 4 красавіка 2022. Праверана 9 ліпеня 2022.
  2. «Польскае тэлебачанне» (4 красавіка 2022). "Расійскае інфармацыйнае агенцтва раскрывае план генацыду ўкраінцаў". Беларускае Радыё «Рацыя». Праверана 9 ліпеня 2022. Архівавана 4 чэрвеня 2023.
  3. Алег Казанскі, «Цэнзар.нэт» (4 красавіка 2022). "РІА «Навіны» апублікавала артыкул «Што Расія павінна зрабіць з Украінай» з заклікамі да «дэўкраінізацыі» і знішчэння нацыянальнай свядомасці". Прэс-цэнтр «Хартыі'97». Праверана 9 ліпеня 2022.
  4. а б A Kremlin paper justifies erasing the Ukrainian identity, as Russia is accused of war crimes (5 красавіка 2022).
  5. "Російський посібник з геноциду" [украінская]. 10 April 2022.
  6. а б Котубей, Олеся. На державному російському сайті вийшла стаття "Що Росія має зробити з Україною" (4 красавіка 2022).
  7. а б Article 'What Russia should do with Ukraine' is evidence for future tribunal - Zelensky.
  8. а б В ОП напомнили России о международных судах из-за статьи о "перевоспитании" украинцев.
  9. а б "Russische Nachrichtenagentur ruft zur Vernichtung der Ukraine auf". Der Tagesspiegel Online [нямецкая]. 4 April 2022.
  10. а б в г д Russian state media: 'Ukronazism' greater threat to world than Hitler. The Jerusalem Post.
  11. Samantha, Lock (5 April 2022). "Zelenskiy says more than 300 people killed and tortured in Bucha – as it happened".
  12. а б в Russia's war against Ukraine Daily updates as Moscow's full-scale invasion enters its second month. Meduza.
  13. а б Russische Nachrichtenagentur ruft zum Völkermord auf. n-tv.de.
  14. Killings in Ukraine amount to genocide, Holocaust expert says. The Independent (4 красавіка 2022).
  15. а б "Russia's genocide handbook - The evidence of atrocity and of intent mounts". Thinking about... - Opening the future by understanding the past. 8 April 2022.
  16. "The Shocking Inspiration for Putin's Atrocities in Ukraine". Haaretz [англійская].
  17. а б Wie soll der Krieg in der Ukraine enden? Dieser russische Text lässt Böses erahnen. watson.ch.
  18. https://rg.ru/2022/04/26/patrushev-zapad-sozdal-imperiiu-lzhi-predpolagaiushchuiu-unichtozhenie-rossii.html
  19. Zelenskyy on RIA Novosti article: One piece of evidence for a future tribunal.
  20. "Немецкий депутат подал иск на автора статьи о денацификации Украины в РИА «Новости»". Deutsche Welle.
  21. Ukraine presses charges against author of Russia's manifesto calling for genocide of Ukrainians.
  22. Venäjän propaganda viestii kansanmurhaa - "huolestuttavaa, kammottavaa" (фін.). Verkkouutiset (4 красавіка 2022).
  23. 'Genocide masterplan': Experts alarmed after Kremlin intellectual calls for 'cleansed' Ukraine. news.yahoo.com.
  24. An article in the official state Russian news agency RIA Novosti.... Твітэр.

Спасылкі правіць