Этрускае мастацтва
Мастацтва этрускаў звязана са старажытнаіталійскай культурай Вілановы (IX—V ст. да н.э.), а таксама з іншымі рэгіёнамі Усходняга Міжземнамор'я (Старажытная Грэцыя, Малая Азія, Сірыя, Фінікія).
Архітэктура
правіцьЭтруская архітэктура шмату чым нагадвае грэчаскую. Аднак разам з падабенствам былі і адрозненні. Так, храмы ўзводзіліся на высокіх падмурках — подыумах, іх абкружалі каланады, да якіх вялі лесвіцы. Пры будаўніцтвеве этрускі выкарыстоўвалі клінчатыя аркі (вароты ў Перуджы) і скляпенні (несапраўдныя ступеньчатыя ў VII—VI ст. да н.э. і паўцыркульныя ў III—II ст. да н.э.).
Захаваліся рэшткі прамавугольнай планіроўкі г. Марцабота (каля Балонні) і т.зв. гіпадамавай (г. Спіна ). Гарады, размешчаныя на ўзгорках, спускаліся тэрасамі па іх схілах. Квадратныя ў плане дамы мелі 2- ці 4-схільны дах і адкрыты ўнутраны дворык-атрый. Храмы падымаліся на высокі цокаль-подый, мелі свяцілішчы-цэлы і глыбокі порцік, карніз якога з багата дэкарыраваным фрызам апіраўся на калоны. Вядомы збудаванні двух тыпаў — з трыма цэламі і глыбокім калонным порцікам, а таксама невялікія пабудовы з дзвюма калонамі на галоўным фасадзе, адной цэлай. Адметнай рысай этрускіх храмаў былі калоны тасканскага ордара, які можна лічыць своеасаблівым варыянтам грэчаскага дарычнага. Назва яго паходзіць ад мясцовасці, дзе такі ордар атрымаў найбольшае распаўсюджанне. У параўнанні з дарычным ён адрозніваўся больш цяжкімі прапорцыямі, гладкім, без канелюр ствалом калоны, базай складанага профілю, высокай капітэллю і атыкам. Франтоны і схілы даху ўпрыгожвалі фігурнымі выявамі з расфарбаванай тэракоты. Як і грэкі, этрускі шырока выкарыстоўвалі ў архітэктуры скульптуру, якая большай часткай была выканана з абпаленай гліны — тэракоты, а таксама бронзы і мясцовых парод каменю — вапняку і траверціну.
Шырока развіты замагільны культ абумовіў узвядзенне грабніц. Для пахавання выкарыстоўвалі пячоры, высечаныя ў скалах, а таксама ізаляваныя наземныя будынкі. Апошнія мелі калідор — дромас, які вёў у паглыбленую пахавальную камеру, і насып паўсферычнай формы — тумулус, абкладзены па нізе каменнымі плітамі. Такі від грабніцы аказаў у далейшым моцны ўплыў на раннія пахавальныя будынкі рымлян.
Каля гарадоў размяшчаліся вялікія некропалі (Цэрэ , цяпер Чэрветэры ; Перузія , Тарквініі і інш.). Разнастайнасцю тыпаў адметныя грабніцы-пахавальні: псеўдакупальныя (VII ст. да н.э.), у пячорах і скалістых выступах (каля г. Вальтэра, III ст. да н.э.), у выглядзе насыпнога кургана-тумулуса з вузкім калідорам-дромасам (у некропалі Бандытача ), у Паўночнай Італіі — з несапраўднымі скляпеннямі, што апіраліся на слуп у цэнтры. Многія пахавальныя збудаванні імітавалі жылыя інтэр'еры (грабніца ў Чэрветэры , VII ст. да н.э.).
Жывапіс, пластыка
правіцьУ VII—VI ст. да н.э. ў росквіце манументальны жывапіс (пераважна роспісу грабніц). На жывапісе V—IV ст. да н.э. адбіўся старажытнагрэчаскі ўплыў (грабніца «Леапардаў» у Тарквініях). Сярод помнікаў скульптуры статуі і рэльефы з расфарбаванай тэракоты і каменю (антэфіксы, акратарыі, культавая скульптура на франтонах храмаў), пахавальныя антрапаморфныя ўрны-«канопы» з накрыўкай у выглядзе галавы памерлага, манументальныя саркафагі. Прымітыўныя формы партрэта сустракаліся на антрапаморфных урнах і надмагільных стэлах. Развівалася мастацтва тарэўтыкі: літыя бронзавыя статуэткі багоў, прадметы хатняга ўжытку і пахавальнага культу, люстэркі з чаканенымі ці гравіраванымі выявамі.
На выяўленчае мастацтва этрускаў моцнае ўздзеянне аказалі ўсходняя і грэчаская культуры. Да самабытных з'яў адносіцца мемарыяльная пластыка — фігурныя надмагіллі, пахавальныя ўрны-канопы, куды ссыпалі попел памерлых. Урны мелі вечка, упрыгожанае партрэтам нябожчыка. Адметнымі рысамі такіх выяў былі лаканізм і вострая характэрнасць, заснаваная на дэтальным і падрабязным узнаўленні на туры (напрыклад, урны-канопы з Клузіума, каля 600 да н.э.). Форма і пластыка пахавальных сасудаў адрозніваюцца вялікай разнастайнасцю. Іх выконвалі шарападобнымі, выцягнутымі, у выглядзе прамавугольнага аб'ёма-шкатулкі, збана ў форме фігуры чалавека з галавой-вечкам, прыстаўленымі рукамі.
Разам з крэмацыяй у этрускаў існавала і трупапалажэнне. Гэтым тлумачыцца распаўсюджанне вялікіх саркафагаў, часам з фігурнымі вечкамі, упрыгожанымі разнастайнымі каменнымі і керамічнымі анімалістычнымі і антрапаморфнымі выявамі. У канцы VI ст. да н.э. быў выкананы складаны па пластычным дэкоры тэракотавы саркафаг з Чэрветэры з выявай сямейнай пары. Муж і жонка паказаны напаўляжачымі, локцямі яны абапіраюцца на падушку. Мужчына ласкава паклаў руку на плячо жанчыны, якая прытулілася да яго грудзей. Абагульнена трактаваны буйныя рысы твару, міндалепадобныя вочы, прыўзнятыя ва ўсмешцы вусны. Нягледзячы на лаканізм, стрыманасць пластыкі, анатамічныя скажэнні, скульптару ўдалося перадаць настрой спакою, пачуццё ўнутранай згоды паміж гэтымі людзьмі.
Грабніцы этрускі распісвалі разнастайнымі сцэнамі, часам супрацьлеглага зместу — змрочнымі і пагрозлівымі, святочнымі і ўрачыстымі. Гэта аплакванне нябожчыкаў, паляванні, піры, бітвы, спартыўныя спаборніцтвы, міфалагічныя сюжэты. Як і скульптура, роспісы вызначаліся абагуленасцю формы, некаторай грубаватасцю, цяжкімі, нязграбнымі прапорцыямі фігур. Дадзеныя рысы бачны ў кампазіцыях з грабніцы Кампана ў Веях (2-ая пал. VII ст. да н.э.), дзе невядомы майстар паказвае нябожчыка ў акружэнні дэманаў смерці, фантастычных жывёл, пачвар. Пластычнае вырашэнне роспісаў звычайна плоскаснае, яно будуецца на вялікіх лакальных колеравых плямах, набліжаючыся да расфарбоўкі. Фігуры падаюцца абведзенымі па контуры цёмнымі лініямі, што стварае ўражанне сухога, схематычнага малюнка.
Роспісы грабніцы Львіц (VI ст. да н.э.), якая названа так па гэтых выяўленых у люнеце жывёлах, не выказваюць пачуцця смутку. Цэнтральную частку фрыза займаюць фігуры танцораў, музыкантаў. Тут паказаны нават вялікі кратар для змешвання віна. Па нізу кампазіцыі ідзе дэкаратыўная стужка з рознакаляровых пальмет. Яна аддзяляе ўмоўную паверхню мора з птушкамі, дэльфінамі, якія выскокваюць з вады. Сюжэты бакавых сцен пахавальні менш экспрэсіўныя. У адным з іх паказаны юнак, які ляжыць на ложы з чашай у руцэ. Зеленаватыя тоны яго адзення, загарэлае цела, дэкаратыўная арнаментацыя сініх колераў — усё вырашана ў гарманічнай гаме.
У параўнанні з папярэднім часам распісных пахавальняў у V ст. было значна менш. Лепшыя з іх — грабніцы Леапардаў, Трыклінія , Катафалка, Пачвары, Шчытоў з некропаля ў Тарквініях, Малпы каля Клузіума (назвы пахавальняў звязаны з імем таго, хто іх адкрыў, вывучаў, ці з адметнасцю выяў).
3 узмацненнем грэчаскіх уплываў этрускі жывапіс значна мяняецца. Пластыка яго становіцца больш дасканалай, а трактоўка персанажаў — стрыманай і вытанчанай (роспісы пахавальняў Пачвары і Шчытоў, кан. V — пач. IV ст. да н.э.). У кампазіцыях звяртаюць на сябе ўвагу выцягнутыя прапорцыі фігур, што было не выпадковай з'явай, а вынікам пошукаў большай гармоніі. Частымі сталі выявы танцаў, баляў, дзяўчат і юнакоў, якія музіцыруюць, людзей, занятых гімнастычнымі практыкаваннямі, спаборніцтваў барцоў. Пры гэтым характэрныя для этрускіх узораў дынамічнаць прасторавых трактовак фігур, экспрэсіўная рытміка іх рухаў захоўваюцца. У грабніцы Малпы перад сядзячай у крэсле жанчынай у чорным адзенні выяўлены флейтыст і танцоўшчыца, якая балансіруе са свяцільнікам на галаве, а таксама блазны, барцы, атлеты. Каля двух юнакоў, якія боруцца, стаіць трэнер або суддзя. Майстар выразнымі лініямі перадае бездапаможнасць аднаго спартсмена, напружанасць цела яго больш дужага праціўніка.
Пачынаючы з V ст. да н.э. у выяўленчым мастацтве этрускаў значна ўзрастае роля партрэтнасці. Яна характарызуе як мемарыяльную пластыку, так і жывапіс, паступова займаючы дамінуючае значэнне. Пільная ўвага да характэрных рыс асобы стане ў будучым асновай бліскучых дасягненняў рымскага партрэта.
Кераміка
правіцьСярод твораў мастацтва этрускаў высокага ўзроўню дасягнула кераміка. Па форме яна нагадвае вырабы грэчаскіх майстроў. Аднак, пачынаючы з фармоўкі і да графічных ці жывапісных упрыгожанняў, гэта тыпова этруская з'ява. Ганчары абпальвалі сасуды да чорнага тону, а потым паліравалі іх, прадрапвалі на паверхні малюнак. Ад гэтага кераміка паходзіла хутчэй на бронзавыя ці медныя вырабы. Пасудзіны тыпу букеро імітавалі вырабы з металу (VII ст. да н.э.), з чорна- і чырвонафігурнай размалёўкай на мясцовыя тэмы і сюжэты (дэманы, фантастычныя істоты, драпежнікі, сцэны замагільнага жыцця).
Упрыгажэнні
правіцьВядомы арыгінальныя залатыя ўпрыгожанні этрускаў VII—VI ст. да н.э. (булы — медальёны на ланцужках, завушніцы і інш.; ліццё, штампоўка, філігрань, зернь).
Заняпад
правіць3 другой паловы V ст. да н.э. пачаўся паступовы заняпад этрускіх гарадоў, галоўным чынам у сувязі з няспыннымі ваеннымі дзеяннямі з Рымам, пад уладу якога яны трапілі ў III ст. да н.э. Нягледзячы на гэта, своеасаблівае мастацтва этрускаў не толькі захавала адносную самастойнасць, але і аказала ўплыў на мастацтва Старажытнага Рыма, увайшло важнай часткай у яго культуру.
Літаратура
правіць- Зельскі А., Мартыненка Т. Этрускі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — 472 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б. А. Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4