Якуб Герасімавіч Міско
Якуб (Якаў) Герасімавіч Міско (1 чэрвеня 1911, в. Чамяры, Слонімскі павет, Гродзенская губерня, цяпер Слонімскі раён, Гродзенская вобласць — 23 кастрычніка 1981, Мінск; Падпольны псеўданім: Лазар[1], Псеўданімы: Асот) — беларускі празаік, публіцыст, журналіст, паэт, перакладчык, крытык.
Якуб Герасімавіч Міско | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 1 чэрвеня 1911 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 23 кастрычніка 1981 (70 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | празаік, публіцыст, журналіст, паэт, перакладчык, крытык |
Мова твораў | беларуская |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сялянскай сям’і[2]. Падчас Першай сусветнай вайны разам з сям’ёй у бежанстве ў Расіі, вучыўся там у пачатковай школе[2]. У 1921 годзе сям’я вярнулася на радзіму[2]. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі ў 1925—1929 гадах[3], яго мусілі выключыць за актыўны ўдзел у вучнёўскім страйку, наладжаным у першы дзень апеляцыйнага працэсу ў справе Сялянска-Работніцкай Грамады (29.2.1929)[4]. Паводле меркавання А. Сідарэвіча, лёс Я. Міско гэта частка трагедыі заходнебеларускіх хлопцаў, які паверылі у камунізм, чым карысталіся камуністычныя дзеячы, у прыватнасці І. Дварчанін[4]. У 1932—1934 гадах працаваў у галоўным сакратарыяце арганізацыі «Змаганне», у 1933—1934 — кіраўнік рэдакцыі віленскай «Беларускай газеты» (да № 6[1]), легальнага выдання КПЗБ. На працягу 1930-х гадоў неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, некалькі гадоў правёў у турмах.[3]
Арыштаваны органамі НКУС 1 лістапада 1939 года як «правакатар»[5]. Пасля ўмяшання П. Панамарэнкі[3] вызвалены і рэабілітаваны ў перыяд з 20.4.1940 да 26.4.1940 УНКУС Баранавіцкай вобласці[5]. Тым жа часам, 25 сакавіка або красавіка 1940 года, у в. Чамяры былі арыштаваныя яго браты, сяляне-аднаасобнікі Васіль ды Іван Міско, якія былі асуджаны як «правакатары» да 8 гадоў ППК. Былі вывезеныя ў Карэлію (ці ў «Карлаг» у Казахстане)[удакладніць], дзе Васіль загінуў, малодшы Іван здолеў вярнуцца ў родныя Чамяры[5]. Асабовая справа Якуба Міско № П-5991 з фотаздымкам захоўваецца ў архіве УКДБ Гродзенскай вобласці[5]. Пасля вызвалення працаваў дома ў Чамярах на гаспадарцы[2], потым у 1940—1941 гадах літсупрацоўнікам лідскай раённай газеты «Уперад».[3]
У час Вялікай Айчыннай вайны на фронце, пачынаў вайну радавым, быў франтавым разведчыкам, дайшоў да Берліна[2], дэмабілізаваўся ў званні маёра. У вайну аднавяскоўцы выбралі Герасіма, бацьку Якуба, солтысам за што ён разам з сям’ёю быў асуджаны за «калабарацыянізм» да высылкі, паводле Я. Брыля, дазнаўшыся пра высылку родных, Міско біўся ў рыданнях[4]. У 1948 годзе паступіў у Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, скончыў яго ў 1949 годзе. У 1947—1976 гадах працаваў у «Сельской газете»; у 1976—1981 — у часопісе «Коммунист Белоруссии». Член Саюза журналістаў Беларусі (з 1958).[3]
Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.[3]
Творчасць
правіцьДэбютаваў ў друку ў 1926 годзе ў падпольным часопісе вучняў Віленскай беларускай гімназіі «Наперад». Публікаваўся ў польскіх газетах.[3]
Пісаў не толькі журналісцкія матэрыялы, але і апавяданні, гумарэскі, артыкулы пра былых дзеячаў Заходняй Беларусі[2], водгукі і рэцэнзіі на кнігі М. Танка, Я. Брыля, А. Адамовіча, М. Машары, В. Казько і інш. Перакладаў з польскай, украінскай, рускай моў.[3] Пераклаў на беларускую паасобныя творы К. Брандыса, М. Жулаўскага[6], Е. Путрамента, М. Каўнацкай[2].
Аўтар успамінаў пра вызваленчую барацьбу ў Заходняй Беларусі.[3]
Прызнанне
правіцьБібліяграфія
правіць- Міско Я. Было яно калісьці: Дакументальная аповесць // Маладосць. 1980, № 9.
- Міско Я. Маё маўклівае сэрца: З літаратурнай спадчыны / Склад. Я. Брыль — Мн., 1983;
Зноскі
- ↑ а б Саламевіч І. У. Беларуская газета…
- ↑ а б в г д е ё ж Чыгрын С. Чалавек маўклівага сэрца…
- ↑ а б в г д е ё ж з і Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 2.
- ↑ а б в Сідарэвіч А. Разведчыкі і «калабаранты»…
- ↑ а б в г Маракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары… Т. 3. Кн. 2.
- ↑ Жулаўскі М. Чырвоная рака. перакл. Я. Міско. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР. Рэд. мастацкай літ-ры, 1955. — 249 с.
Літаратура
правіць- Башлакоў М. Рэха ўдзячнай памяці: Старонкі ўспамінаў // Беларусь. 1984, № 4;
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.;
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.;
- Міско Якаў Герасімавіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т. 4;
- Саламевіч І. У. Беларуская газета // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2. — С. 370.
- Сідарэвіч А. Разведчыкі і «калабаранты»: беларусы за беларусаў / Наша ніва. 12.09.2014;
- Цітовіч Г. Паклон даўняму сябру // ЛіМ. 1981, 12 чэрв.;
- Чыгрын С. Чалавек маўклівага сэрца: Да 100-годдзя нашага земляка пісьменніка і журналіста Якуба Міско // Газета Слонімская. № 731. 2011, 8 чэрв.;
- ЭГБ, т. 5.