61-я знішчальная авіябаза

61-я знішча́льная авіяцы́йная ба́за — злучэнне ваенна паветраных сіл Рэспублікі Беларусь. Месца дыслакацыі — Баранавічы.

61-я знішчальная авіяцыйная база
Зверху: нарукаўны знак 61-й ЗАБ.
Знізу: Помнік МіГ-29 каля КПП 61-й ЗАБ.
Гады існавання 1951–1994 гг. (як знішчальны авіяполк)
з 1994 г. (як самастойная адзінка)
Краіна  Беларусь
Падпарадкаванне Генеральны штаб Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь
Уваходзіць у Заходняе аператыўнае камандаванне
Тып авіяцыйная база
Складаецца з
Дыслакацыя аэродром «Баранавічы»
Камандзіры
Дзеючы камандзір Юрый Пыжык[1]

Гісторыя правіць

15 снежня 1950 года ў Беларусі пачалося фарміраванне папярэдніка цяперашняй авіябазы — 61-га знішчальнага авіяпалка супрацьпаветранай абароны. У студзені 1951 года была створана 39-я знішчальная авіяцыйная дывізія войск СПА, у яе склад увайшоў 61-ы знішчальны полк. 01.05.1951 г. палку быў уручаны Баявы Сцяг. Гэты дзень і стаў адзначацца як гадавіна стварэння часці. У 1951 г. 61-ы знішчальны авіяполк быў пераведзены на штат палка першай лініі.

На ўзбраенні 61-га знішчальнага палка спачатку стаялі самалёты МіГ-15, По-2, Як-11. Першыя рэактыўныя крылатыя машыны паступалі ў кантэйнерах, збіраліся на стаянках аэрадрома ў суровых зімовых умовах. Лётчыкі палка ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Карэі. У 1953 годзе яго асабісты склад прыступіў да асваення новага тыпу авіяцыйнай тэхнікі — самалётаў Як-25М і Міг-17, а ў 1959 годзе на ўзбраенне паступілі звышгукавыя самалёты-перахватчыкі Су-9.

У 1962—1965 гг. полк выконваў баявыя задачы з лядовых аэрадромаў у раёне Зямлі Франца-Іосіфа па ахове паўночнай Дзяржаўнай мяжы СССР. У 1968—1971 гг. полк пачаў асваенне самалётаў МіГ-25П, Міг-25. У 1984—1985 гг. на ўзбраенне палка паступілі знішчальнікі МіГ-23, у 1991 г. — Су-27, а яшчэ праз два гады — МіГ-29.

У 1992 г. згодна з дырэктывай Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь 11-ы корпус супрацьпаветранай абароны быў скасаваны, і 61-ы авіяполк увайшоў у склад Ваенна-паветраных сіл Беларусі, а ў 1994 г. ён быў ператвораны ў 61-ю знішчальную авіябазу.

18 чэрвеня 2004 года ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь асабістаму складу 61-й знішчальнай авіябазы былі ўручаны новыя Баявы Сцяг і Грамата Прэзідэнта. З 2004 года на ўзбраенне авіябазы пачалі паступаць першыя мадэрнізаваныя на 558-м АРЗ знішчальнікі МіГ-29БМ («беларускі мадэрнізаваны», тып «9.11»), а пасля і папярэдне ўдасканаленыя двухмесныя Су-27УБМ1[2].

Сёння авіябаза ў Баранавічах — адна з дзвюх знішчальных часцей беларускіх Ваенна-паветраных сіл (другая, 927-я авіябаза, знаходзіцца ў г. Бяроза). У 2004 г. на ўзбраенне 61-й авіябазы пачалі паступаць першыя ў рэспубліцы мадэрнізаваныя знішчальнікі МіГ-29БМ, а затым Су-27УБМ1. Першы публічны паказ звяна мадэрнізаваных МіГ-29БМ адбыўся ў час паветранага парада ў Мінску 3 ліпеня 2004 года.

7 снежня 2012 года на аэрадроме ў Баранавічах адбылося ўрачыстае пастраенне асабовага складу 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ВПС і войскаў СПА Беларусі, падчас якога адбыўся афіцыйны вывад знішчальнікаў Су-27 з баявога складу ВПС і войскаў СПА Беларусі. Абсталяваная знішчальнікамі Су-27 1-я эскадрылля 61-й знішчальнай авіябазы была заснавана 1 снежня 2012 года. Пасля гэтага ў складзе 61-й знішчальнай авіябазы засталіся толькі дзве эскадрыллі, абсталяваныя знішчальнікамі МіГ-29, якія і ўяўляюць сабой усю знішчальную авіяцыю Беларусі[3].

У маі 2014 года змяшаныя дзяжурныя сілы забяспечвалі ахову паветранай прасторы падчас правядзення ў Мінску чэмпіяната свету па хакеі з шайбай. Дзяжурства ажыццяўлялася з аэрадрома Баранавічы і Мачулішчы (дзяжурная пара МіГ-29)[2].

Камандзіры правіць

  • 1951 г. — ? — падпалкоўнік Васіль Шашонак
  • 1994 г. — 1999 г. — палкоўнік Валяр’ян Самойла
  • 1999 г. — 2004 г. — палкоўнік Алег Траццякоў
  • 2004 г. — 2007 г. — палкоўнік А. Марфіцкі
  • 2007 г. — 2011 г. — палкоўнік Юрый Вараб’ёў
  • 2011 г. — 2016 г. — палкоўнік Аляксандр Пацехін
  • 2016 г. — н.ч. — палкоўнік Юрый Пыжык[2]

Здарэнні правіць

  • 23 мая 1996 года падпалкоўнік Уладзімір Мікалаевіч Карват выконваў навучальна-трэніровачны палёт. Неўзабаве пасля ўзлёта штатныя сістэмы самалёта пачалі выходзіць са строю, лётчыку было загадана вярнуцца на аэрадром. Пасля адмовы сістэмы кіравання лётчык атрымаў загад катапульціравацца, але ў гэты час самалёт знаходзіўся над вёскамі Арабаўшчына і Вялікае Гацішча, і Карват да апошняга спрабаваў адвесці самалёт у старану. У 22:54, праз 14 секунд пасля паведамлення пра тое, што самалёт стаў некіруемым, Су-27 разбіўся за кіламетр ад Арабаўшчыны. Уладзімір Карват быў пасмяротна ўдастоены звання «Герой Беларусі»[4] (ён стаў першым Героем Беларусі).
  • 30 жніўня 2009 года пры выкананні паказальных палётаў у польскім горадзе Радам загінулі палкоўнікі Аляксандр Марфіцкі і Аляксандр Жураўлевіч, якія за праяўленую мужнасць і гераізм былі ўзнагароджаны пасмяротна ордэнамі «За асабістую мужнасць»[5].
  • 23 верасня 2010 года падчас выканання фігур вышэйшага пілатажу на малых вышынях на МіГ-29УБ, прадухіляючы падзенне самалёта на населеныя пункты, адвялі машыну ў раён лясіста-балоцістай мясцовасці, дзе і адбылося яе крушэнне, разбіліся камандзір эскадрыллі падпалкоўнік Сяргей Каваленка і маёр Аляксандр Жыгайла[6].
  • 11 лістапада 2014 г. пры правядзенні планавых палётаў адбылася аварыя МіГ-29 (борт № 18). Ваенны лётчык 2-га класа Аляксей Даўгіх адвёў некіруемую машыну ў бок ад вёскі Дарава Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці і катапультаваўся. Самалёт зваліўся ў кіламетры ад жылых дамоў, ніхто не пацярпеў[2].

Зноскі

  1. Покинул должность командир 61-й истребительной авиационной базы. Фоторепортаж Архівавана 26 студзеня 2019.
  2. а б в г Истребители из Барановичей: 65 лет на страже белорусского неба
  3. Су-27 зняты з узбраення ў Беларусі
  4. Указ Президента Республики Беларусь от 21 ноября 1996 г. № 484 «О присвоении В. Н. Карвату звания „Герой Беларуси“» Архівавана 25 студзеня 2019. (руск.)
  5. Алесь ГИЗУН Людмила СТЕЦКО. Погибли, спасая чужие жизни (руск.)(недаступная спасылка). «Вечерний Брест» (4 верасня 2009). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2019.
  6. Александр Горбач. Огромное небо одно на двоих (руск.)(недаступная спасылка). «intex-press» Новости города Барановичи (29 верасня 2010). Архівавана з першакрыніцы 25 студзеня 2019.

Спасылкі правіць