Іван Сямёнавіч Сапега
Іван Сямёнавіч Сапега, Івашка Сапежыч (~1450 — 1517) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар (з 1488) і маршалак гаспадарскі (з 1504), сакратар вялікі літоўскі (з 1506), ваявода віцебскі (1511—1514) і падляшскі (з 1514).
Іван Сапега | |
![]() | |
Іван Сапега. Невядомы мастак, 1709 | |
Герб «Ліс» | |
Нараджэнне | каля 1450 |
---|---|
Смерць | 4 снежня 1517 |
Пахаванне | |
Род | Сапегі |
Бацька | Сямён Сапега |
Маці | Настасся Паўшанка[d] |
Жонка | невядомая Альжбета з Глябовічаў |
Дзеці | ад 1-га шлюбу: Павел, Міхал, Фёдар, Даброхна, Ганна |
Заснавальнік коданьскай лініі роду Сапегаў, заклаў асновы яе лаціфундыі[1].
БіяграфіяПравіць
Прадстаўнік шляхецкага роду Сапегаў герба «Ліс», другі сын Сямёна, пісара гаспадарскага, і Настассі Паўшанкі. Меў брата Багдана, заснавальніка чарэйска-ружанскай лініі роду.
Пісар гаспадарскі Казіміра Ягелончыка з 1488 г. Пасол у Маскву (1497, 1498, 1499), у Рым у 1501 г., дзе дамогся ад папы зацвярджэння мітрапаліта Іосіфа I Балгарыновіча, там далучыўся да Фларэнційскай царкоўнай уніі. 3 1501 г. канцлер вялікай княгіні Алены Іванаўны. У 1502 г. пасол да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 г. — у Маскву, заключыў 6-гадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ (1500—1503). Маршалак гаспадарскі з 1504 г. Пасля абрання на сталец Жыгімонта Старога (1506) тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. У 1505 г. зноў пасол у Маскву, аднак працягнуць тэрмін перамір’я не ўдалося. Намеснік віцебскі ў 1508—1514 (з 1511 г. ваявода). Пасол у Маскву ў 1508 г., заключыў мір, якім скончана вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім (1507—1508). У 1512 вёў перамовы ў Каралеўстве Польскім з кароннай радай пра дапамогу ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522).
Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад камандаю гетмана Канстанціна Астрожскага. Камандаваў часткай войска ў бітве на Бярэзіне 27 жніўня 1514 і ў Аршанскай бітве (1514)[2]. Ваявода падляшскі з 1514 г. Заснавальнік коданьскай лініі роду Сапегаў, заклаў асновы яе латыфундыі. У 1504 збудаваў мястэчка Іказнь і Іказненскі замак, заснаваў мястэчка Кодань з замкам (на левым беразе Буга каля Берасця). У выніку войнаў страціў смаленскія маёнткі, але атрымаў ад вялікіх князёў новыя — на Браслаўшчыне, Падляшшы і Берасцейшчыне[1].
Пахавалі І. Сапегу ў царкве Святога Духа ў Кодні.
Сям’яПравіць
Быў двойчы жанатым. Імя і паходжанне першай жонкі невядомыя, другі раз ажаніўся з Альжбетай Глябовіч. У першым шлюбе нарадзіліся дзеці:
- Павел (пам. 1579), ваявода падляшскі і новагародскі
- Міхал (пам. каля 1540)
- Фёдар (пам. каля 1548), дваранін гаспадарскі
- Даброхна (пам. па 1528), жонка кашталяна люблінскага Яна Тэнчынскага
- Ганна, жонка старосты чаркаскага і канеўскага Яна Неміровіча
Зноскі
- ↑ 1,0 1,1 ЭнцВКЛ, 2005
- ↑ Грыцкевіч А. Сапегі //Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001.
ЛітаратураПравіць
- Грыцкевіч А. Сапегі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 547. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.