Ігнат Уладзіміравіч Канчэўскі
Ігна́т Уладзі́міравіч Канчэ́ўскі (псеўданім — Ігнат Абдзіраловіч; 9 красавіка 1896, Вільня — 21 красавіка 1923, Вільня) — беларускі філосаф, паэт, публіцыст; аўтар праграмнага эсэ «Адвечным шляхам».
Ігнат Уладзіміравіч Канчэўскі | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 28 сакавіка (9 красавіка) 1896 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 21 красавіка 1923 (27 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Жонка | Людміла Канчэўская[d] |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | публіцыст, паэт, філосаф |
Мова твораў | беларуская |
Грамадская дзейнасць | |
Член у | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў 1896 годзе ў Вільні ў сям’і сакратара акруговага ваеннага суда, бацька ў сталым веку прыняў сан праваслаўнага святара[1]. Брат Арсена Канчэўскага. Паводле паходжання прозвішча, продкі Ігната Канчэўскага, прынамсі па бацькавай лініі, былі, імаверна, рутэнізаваныя балты (літоўцы).
У 1913 годзе скончыў Віленскае рэальнае вучылішча. Паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, але неўзабаве перавёўся ў Маскоўскі ўніверсітэт, спачатку на прыродазнаўчы, а пасля гісторыка-філалагічны факультэт, дзе вучыўся ў 1913—1916 гадах[2].
Не паспеў скончыць навучанне праз Першую сусветную вайну. У 1916 годзе, калі яму споўнілася 20 гадоў і ён стаў паўналетнім, быў прызваны ў расійскае войска. Скончыўшы школу прапаршчыкаў трапіў на Румынскі фронт. Рэвалюцыю 1917 года сустрэў ува Украіне. Падзяляў праграму эсэраў, падтрымліваў украінскі нацыянальны рух, праводзіў агітацыю сярод вайскоўцаў 44-га ўкраінскага палка. Сышоў з войска і ад’ехаў на Дон, дзе пабраўся шлюбам з сяброўкай школьных гадоў, дачкой казацкага афіцэра Людмілай Віталеўнай Паляковай. Пасля шлюбу пераехаў у Маскву, дзе паступіў на Вышэйшыя кааператыўныя курсы пры ўніверсітэце імя А. Л. Шаняўскага[2].
Па заканчэнні курсаў працуе інструктарам ад Цэнтральнага саюза льнаводаў у таварыстве кааператываў у Сычоўцы Смаленскай губерні. Пасля абвяшчэння Савецкай Беларусі ў 1919 годзе пераехаў у Менск, працуе ў Саўнаргасе і займаецца культурна-асветніцкай дзейнасцю. Улетку 1919 года займае пасаду кіраўніка Беларускага цэнтральнага саюза спажывецкіх таварыстваў[2].
Прынамсі з верасня 1919 года ў Вільні, якая на той час занятая палякамі. Сябра Цэнтральнай беларускай Рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Працуе ў Віленскім саюзе кааператываў. Улетку 1920 года захварэў на сухоты, праз сабраныя грамадой грошы атрымлівае лячэнне ў прыватным яўрэйскім шпіталі Мішмэрэс-Хойлім, яго стан палепшыўся. Друкаваў вершы, палітычныя артыкулы, рэцэнзіі ў віленскай прэсе. Актыўна пісаў вершы і артыкулы па кааперацыі. Аўтар эсэ «Адвечным шляхам» (Вільня, 1921) пра драматызм беларускіх гістарычных лёсаў. 28—30 лістапада на з’ездзе паўнамоцнікаў Віленскага саюза кааператываў абраны на пасаду сакратара. У 1922 годзе яго імя з’яўлялася ў папярэдніх спісах на выбарах у сейм, ён ішоў ад вёскі Дукшты Свянцянскага павета. Вёў геаграфічны гурток у Віленскай беларускай гімназіі, дзе таксама заклаў вучнёўскі кааператыў. Найбольшая колькасць публікацый Канчэўскага змешчана ў газеце «Наша будучына», якую выдавала Беларуска рэвалюцыйная арганізацыя, старшынёй якой быў ягоны брат Арсень[2].
У пачатку 1920-х гадоў захварэў на туберкулёз і пасля некалькіх гадоў беспаспяховага лячэння[3] памёр 21 красавіка 1923 года ў Вільні. Пахаваны на віленскіх Вайсковых могілках.
Сям’я
правіцьБыў жанаты з Людмілай Канчэўскай (1897 — 20 снежня 1976, Варшава). Мелі дачку Алену (1919 — 13 кастрычніка 1990), у шлюбе мела прозвішча Егерман, была педагогам і памерла ў Варшаве[4].
Светапогляд
правіцьАснова светапогляднай і жыццёвай пазіцыі І. Канчэўскага — адданасць беларускай справе, любоў да Бацькаўшчыны, самаахвярная праца на карысць народа. У філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» (1921) раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Галоўнай мэтай народа лічыў дзяржаўную незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з галоўных перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сацыяльнага аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам».
Паэтычная творчасць
правіцьВершы друкаваў пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч[5] і Ганна Галубянка. Паэтычная творчасць вызначаецца філасофскай пранікнёнасцю ў сутнасць народнага жыцця, спалучэннем прыгажосці беларускага слова з нацыянальным светапоглядам, замілаваннем да чалавека, верай у адраджэнне і будучы росквіт Бацькаўшчыны (вершы «Па святой зямлі…», «Вераснёвае пано», «Так прыгожы старыя званіцы…», «На матывы Р. Тагора», верш у прозе «Мы разам…»).
Бібліяграфія
правіць- «Па сьвятой зямлі…»
- «Верасьнёвае пано»
- «На матывы Р. Тагора»
- верш у прозе «Мы разам…»
- І. К. «Каапэрацыя ў 1922 годзе». // Наша будучыня : газэта / рэдактар-выдавец А. Амельяновіч, рэдактар Л. Родзевіч. — Вільня : «Друк», 25 сьнежня 1922. — № 3. — С. 1, 2.
- Ігнат Канчэўскі. «Закладайма народныя выдавецтва!» // Наша будучыня : газэта / рэдактар-выдавец А. Амельяновіч, рэдактар Л. Родзевіч. — Вільня: «Друк», 13 студня 1923. — № 2. — С. 3.
- Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Вільня: Беларускае Выдавецкае Т-ства, 1921. 71 с.
- Абдзіраловіч І. Адвечным шляхам: Дасьледзіны беларускага сьветагляду / Прадмова С.Дубаўца. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — 44 с.
Зноскі
- ↑ Калеснік У. Фантазмы Ігната Канчэўскага // Калеснік У. Зорны спеў. Літаратурныя партрэты, нарысы, эцюды. — Мн., 1975. — С. 140 [Электронны рэсурс] // Kamunikat.org. — Беларуская інтэрнэт-бібліятэка. — Дата доступу: 21.12.2020. — Рэжым доступу: http://kamunikat.org/download.php?item=12769-1.pdf, вольны.
- ↑ а б в г Быстрык А. 2011.
- ↑ Арлоў, Уладзімер (2020). ІМЁНЫ СВАБОДЫ (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) [Uładzimir Arłou. The Names of Freedom (The Library of Freedom. ХХІ century.)] (PDF) (in Belarusian) (4-е выд., дап. ed.). Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода — Radio Free Europe/Radio Liberty. pp. 122—123.
- ↑ Фота магілы Алены Егерман з Канчэўскіх (польск.)
- ↑ Псеўданім узяты пад моцным уплывам аповесці М. Гарэцкага «Дзьве душы».
Літаратура
правіцьІгнат Уладзіміравіч Канчэўскі ў Вікікрыніцах | |
Ігнат Уладзіміравіч Канчэўскі на Вікісховішчы |
- Быстрык А. Віленскі перыяд жыцця і дзейнасці Ігната Канчэўскага (1919—1923). — Вільня: 2011.
- Дубянецкі С. Канчэўскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977. — С. 78—88.
- Конан У. У свабодзе і творчасці — ратунак для свету // Вобраз—90. — Мн., 1990.
- Конан У. «…Нас злучае супольнасць ахвяры»; Ігнат Канчэўскі, 1896—1923 // Вяртання маўклівая споведзь. — Мн., 1994.