Інстытут матэматыкі НАН Беларусі
Інстытут матэматыкі НАН Беларусі — профільная арганізацыя беларускай акадэмічнай навукі ў галіне матэматыкі. Утвораны ў 1959 годзе.
Інстытут матэматыкі | |
---|---|
![]() | |
Абрэвіятура | ІМ |
Краіна | |
Адрас | Мінск, Першамайскі раён, вул. Сурганава, д. 11 |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | распрацоўка матэматычных мадэляў і спосабаў рашэння прыкладных пытанняў |
Тып арганізацыі | навуковая |
Кіраўнікі | |
Дырэктар | Васіль Рыгоравіч Сафонаў |
Намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце | Сяргей Віктаравіч Бахановіч |
Навуковы сакратар | Таццяна Сяргееўна Бусел |
Заснаванне | |
Дата заснавання | Чэрвень 1959 |
Колькасць супрацоўнікаў | 94 (2019 г.) |
Матчыная арганізацыя | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Папярэднік | Інстытут фізікі і матэматыкі АН БССР |
im.bas-net.by | |
![]() |
Гісторыя інстытута
правіцьІнстытут быў створаны ў 1959 годзе ў выніку рэарганізацыі Інстытута фізікі і матэматыкі Акадэміі навук БССР. Першапачаткова называўся Інстытутам матэматыкі і вылічальнай тэхнікі АН БССР[1] і ўваходзіў у склад Аддзялення фізіка-матэматычных, хімічных і геалагічных навук, а з 1963 — у Аддзяленне фізіка-матэматычных навук. 10 лютага 1965 г. адбылася рэарганізацыя: на базе шэрагу лабараторый арганізаваны самастойны Інстытут тэхнічнай кібернетыкі АН БССР (з 2002 — Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі НАН Беларусі), а назва назва Інстытута была зменена на сучасную — Інстытут матэматыкі. 4 красавіка 1975 заснавана Аддзяленне Інстытута матэматыкі АН БССР у Гомелі (зараз — Лабараторыя тэорыі і дастасавання канечных груп).
З 1987 Інстытут уваходзіць у склад Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі. На пачатак 2019 года у Інстытуце 94 чалавекі, іх — 53 навуковых супрацоўнікі, у т.л. 18 дактароў і 29 кандыдатаў навук. Інстытут падтрымлівае актыўныя творчыя сувязі з вядучымі навуковымі ўстановамі многіх краін, з’яўляецца арганізатарам шэрагу міжнародных канферэнцый, школ, сімпозіўмаў.
Структура Інстытута
правіць- Аддзел алгебры (з гомельскай Лабараторыяй дастасавання канечных груп)
- Аддзел вылічальнай матэматыкі і матэматычнага мадэлявання
- Аддзел дыферэнцыяльных ўраўненняў
- Аддзел нелінейнага і стахастычнага аналізу
- Аддзел тэорыі лікаў і дыскрэтнай матэматыкі
- Аддзел функцыянальнага аналізу і дынамічных сістэм
Навуковыя кірункі
правіцьАсноўнымі кірункамі навуковай дзейнасці інстытута з’яўляюцца:
- алгебра, алгебраічная геаметрыя і тэорыя лікаў;
- дыферэнцыяльныя ўраўненні і тэорыя ўстойлівасці;
- вылічальная матэматыка і матэматычнае мадэляванне;
- паралельныя вылічэнні, матэматычная кібернетыка і стахастычны аналіз;
- нелінейны аналіз і тэорыя працэсаў кіравання.
Распрацаваны: тэорыя вырашальных і нільпатэнтных лінейных груп і труп падстановак; прыведзеная К-тэорыя, яе унітарны і спінарны варыянты; эфектыўныя метады рашэння дыяфантавых ураўненняў; метрычная тэорыя трансцэндэнтных лікаў, у якой вырашана праблема Малера; тэорыя характарыстычных паказчыкаў Ляпунова дыферэнцыяльных сістэм з малымі адхіленнямі; тэорыя ўраўненняў у поўных вытворных; лікавыя метады і праграмныя сродкі рашэння шматмерных задач матэматычнай фізікі; тэорыя набліжанага функцыянальнага інтэгравання; тэорыя пабудовы паралельных алгарытмаў, адэкватных шматпрацэсарным выліч. сістэмам; алгарытмы і метады рашэння задач камбінаторнай аптымізацыі і вылічальнай геаметрыі; тэорыя поліэдральнага квазідыферэнцыравання нягладкіх адлюстраванняў і мультыадлюстраванняў; аператарныя метады даследавання шматнараметрычных дыскрэтных сістэм кіравання; якасная тэорыя аптымальнага кіравання і канструктыўныя метады рашэння экстрэмальных задач. Вырашаны праблемы апраксімацыі і максімальнасці ў арыфметычных групах. Даследаваны ўласцівасці рашэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў Пенлеве і сістэм Пфафа.
Вядомыя навукоўцы
правіць- Мікалай Паўлавіч Яругін — арганізатар Інстытута
- Уладзімір Іванавіч Крылоў — арганізатар Інстытута
- Дзмітрый Аляксеевіч Супруненка
- Яўген Аляксеевіч Барбашын
- Уладзімір Пятровіч Платонаў
- Мікалай Аляксеевіч Ізобаў
- Сяргей Антонавіч Чуніхін
- Уладзімір Генадзевіч Спрынджук
- Іван Васільевіч Гайшун
- Фаіна Міхайлаўна Кірылава
- Валянцін Вікенцьевіч Гарохавік
- Эдуард Іосіфавіч Груда
- Мікалай Васілевіч Шкут
- Анатоль Іосіфавіч Яблонскі
Дырэктары Інстытута ў розныя гады
правіць- Мікалай Паўлавіч Яругін — арганізатар Інстытута, акадэмік АН БССР, 1959—1977
- Уладзімір Пятровіч Платонаў — 9-ы прэзідэнт АН БССР, акадэмік АН БССР, 1977—1992
- Іван Васільевіч Гайшун — акадэмік НАН Беларусі, 1992—2018
- Сяргей Уладзіміравіч Лемяшэўскі — 2018—2022
- Васіль Рыгоравіч Сафонаў — з 2023
Узнагароды
правіцьДасягненні навукоўцаў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (1972), Ленінскай прэміяй (1978), Дзяржаўнымі прэміямі БССР (1974, 1978, 1982), Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (1998), прэміяй Савета Міністраў СССР (1986), прэміямі Ленінскага камсамола (1970, 1987) і ЛКСМБ (1976, 1984, 1990), прэміямі НАН Беларусі (1993, 1995).
Крыніцы
правіцьЛітаратура
правіць- Інстытут матэматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 269. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).