Ігнат Мікалаевіч Даніловіч
Ігнат Мікалаевіч Даніловіч (30 ліпеня (10 жніўня) 1787, в. Грынявічы Вялікія, цяпер Бельскі павет, Падляскае ваяводства, Польшча — 30 чэрвеня (12 ліпеня) 1843, Грэфенберг, Чэхія) — гісторык права і археограф. Адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў ВКЛ. Прафесар (1822 г.).
Ігнат Мікалаевіч Даніловіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 жніўня (8 верасня) 1788 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 30 чэрвеня (12 ліпеня) 1848 (59 гадоў) |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | гісторык |
Навуковая сфера | гісторыя дзяржавы і права[d] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар юрыдычных навук |
Альма-матар | |
Член у | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Біяграфія
правіцьЗ сям’і беларускага уніяцкага святара. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1812 г.), дзе ў 1814—1824 гг. выкладаў права. Пасля раскрыцця таварыства філаматаў звольнены з працы, пакінуў Вільню, бо яму забаронена жыць на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў. У 1825—1829 гг. прафесар Харкаўскага ўніверсітэта, у 1830—1835 гг. працаваў Санкт-Пецярбургу ў камісіі М. М. Спяранскага па падрыхтоўцы збору мясцовых законаў для заходніх губерняў. У 1835—1842 гг. выкладаў права ў Кіеўскім Імператарскім універсітэце св. Уладзіміра і Маскоўскім універсітэтах.
Навуковая дзейнасць
правіцьЯк вучоны і грамадзянін сфарміраваўся ў часы вучобы і працы ў Віленскім універсітэце ў вольналюбівым патрыятычным асяроддзі, у якім панавала глыбокая павага і цікавасць да мінуўшчыны края. Займаўся зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі беларуска-літоўскіх губерняў. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры Статута ВКЛ, падрыхтаваў першае навуковае выданне Статута ВКЛ 1529 (у 1841 г. апублікаваны А. Т. Дзялынскім у «Зборы літоўскіх законаў ад 1389 да 1529»). У працы «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства» (1837) даў характарыстыку гістарычнага развіцця права ў беларуска-літоўскіх губернях, першы спрабаваў высветліць яго крыніцы і сувязь са старажытнарускім і заходнееўрапейскім заканадаўствам, сцвярджаў пра самабытнасць права ВКЛ. Упершыню апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. паводле рукапісу 1519 г., які ў 1822 г. разам з М. К. Баброўскім выявіў у бібліятэцы Супрасльскага манастыра; перавыдадзены асобна пад назвай «Летапісец Літвы і руская хроніка»[2] (1827 г.), Працы Даніловіча «Пра літоўскія летапісы» (1840 г.)[3] і «Паведамленне пра сапраўдных літоўскіх летапісцаў» (1841 г.) далі пачатак навуковым даследаванням беларуска-літоўскага летапісання. Сваімі публікацыямі канчаткова развеяў сумненні асобных вучоных пра існаванне ў ВКЛ летапісання і даказаў, што беларусы і літоўцы ўжо ў XV ст. мелі сваіх гісторыкаў. Разам з М. А. Абаленскім падрыхтаваў і выдаў «Кнігу пасольскую метрыкі Вялікага княства Літоўскага» (Т. 1, 1843 г.). У «Скарбніцы грамат» (Т. 1 — 2, 1860—1862 гг., выдадзены Я.Тышкевічам у Вільні) апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы ад выпісак з Герадота да актаў 1569 г. Марыў пра адраджэнне літоўска-беларускай дзяржавы і мовы Статутаў ВКЛ.
Зноскі
Літаратура
правіць- Маракоў, Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991: Энц. даведнік: У 10 т. Т.1. — Мн:, 2003. — ISBN 985-6374-04-9.
- Улащик, Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания / Н. Н. Улащик. — М.: Наука, 1985.
- Улащик, Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н. Н. Улащик. — М.: Наука, 1973.
- Чамярыцкі, В. Даніловіч Ігнат Мікалаевіч // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1. Абаленскі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: БелЭн, 2007. — 688 с.: іл. — С. 576. — ISBN 985-11-0041-2.
- Чамярыцкі, В. Даніловіч Ігнат Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 576. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Церашковіч, П. Падляшане, якія разбудзілі беларусаў // Наша гісторыя, № 3, 2018, с. 44—47. — ISBN 2617—2305.
- Даніловіч Ігнат Мікалаевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 262. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
Спасылкі
правіць- Даніловіч Ігнат Мікалаевіч на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»