Махавэ (індзейцы)

Махавэ (саманазва: Pipa Aha Macav, літаральна «людзі ўздоўж вады») — індзейскі народ на паўднёвым захадзе ЗША. Раней насялялі землі ўздоўж ракі Каларада. Агульная колькасць (2018 г.) — 2 200 чал.[1]

Махавэ
(Pipa Aha Macav)
1854 г.
Агульная колькасць 2200 (2018 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова махавэ
Рэлігія шаманізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы марыкопа, какопа, квечан, явапай

Гісторыя правіць

Махавэ ўпершыню ўзгаданы ў іспанскіх крыніцах пад 1604 г. як земляробчы народ, што лагодна ставіўся да канкістадораў і паказаў ім шлях да Каліфарнійскага заліва. Сувязі паміж махавэ і іспанскімі каланістамі набылі сталы характар толькі з 1775 г. Звычайна яны абмяжоўваліся кароткатэрміновымі экспедыцыямі місіянераў і гандляроў. Аднак да гэтага перыяда махавэ праз іншыя індзейскія народы запазычылі еўрапейскія пшаніцу і канёў. Сярод іх сяліліся выхадцы з місій Каліфорніі.

З 1826 г. землі махавэ наведвалі амерыканскія траперы. Іх прыцягвала значная колькасць баброў, на якіх тубыльцы не палявалі. Ужо ў 1827 г. адбыўся першы ўзброены канфлікт. Дзякуючы гэтаму, а таксама звесткам пра напады на суседнія народы, у ЗША распаўсюдзіўся вобраз махавэ як падступных людзей. У 1854 г. махавэ аказалі дапамогу амерыканскай навуковай экспедыцыі, але ў 1858 г. здзейснілі напад на перасяленцаў з усходу ЗША ў Каліфорнію. Амерыканцы былі вымушаны пабудаваць на іх тэрыторыі крэпасць, што дзейнічала ў 1859 - 1861 гг. і 1863 - 1889 гг. Махавэ былі моцна саслаблены эпідэміямі кохліку ў 1868 г. і воспы ў 1876 г.

Далейшыя адносіны паміж амерыканскімі ўладамі і махавэ мелі спрэчны характар. З 1865 г. махавэ перасяляліся ў рэзервацыю на рацэ Каларада, дзе атрымоўвалі фінансавую і харчовую дапамогу. Большая частка адмаўлялася перасяляцца, але падтрымлівала амерыканскую армію ў барацьбе з іншымі індзейцамі, наймалася на працу на чыгунку, што працавала з 1883 г., гандлявала з пасажырамі і здабытчыкамі. З 1890 г. дзеці махавэ былі абавязаны наведваць амерыканскія школы, што праводзілі палітыку асіміляцыі. У 1903 г. іх прымусілі браць англійскія прозвішчы. У 1910 г. была заснавана рэзервацыя на традыцыйных землях махавэ.

У нашы дні махавэ працягваюць насяляць 2 рэзервацыі. Акрамя іх, у рэзервацыі на рацэ Каларада жывуць прадстаўнікі іншых індзейскіх народаў, у тым ліку хопі і наваха, з якімі махавэ раней ваявалі.

Культура правіць

Асноўнымі заняткамі махавэ здаўна з'яўляліся ручное земляробства, рыбалоўства і паляванне. Вырошчвалі кукурузу, фасолю, гарбузовыя, фізаліс, пазней пшаніцу. Засушлівы клімат і хуткая плынь ракі Каларада вымушалі рабіць ірыгацыйныя збудаванні. Махавэ не ведалі лодак. Для плавання па рацэ ладзілі плыты. Лавілі рыбу і малюскаў з дапамогай плеценых сетак і кашоў. Палявалі на трусоў, радзей на аленяў і антылоп.

Вопратку ладзілі з валокнаў кары. Жанчыны ўпрыгожвалі яе бісерам, арнаментам, пер'ем пеліканаў. Узімку затулялі цела коўдрай з трусовых скур. Для ўпрыгожвання і вызначэння сацыяльнага статусу рабілі татуіроўкі.

Вылучаліся 2 тыпы жытла: лёгкія каркасныя вікіяпы для цёплага сезона і гліняныя хаціны з плоскім дахам, якія займалі ўзімку. Для ацяплення хацін і прыгатавання ежы капалі яміны. У іх разводзілі агонь. Перад хацінай узводзілі лёгкі каркасны ганак. Былі вядомы асобныя пабудовы для захавання збожжа.

Махавэ падзяляліся на 22 патрыярхальныя роды (захаваліся 18 з іх), што ў сваю чаргу аб'ядноўваліся ў 3 буйныя саюзы. На чале рода стаяў правадыр. Яго ўлада перадавалася па спадчыне. Жанчыны лічыліся ніжэйшымі па статусу, чым мужчыны. На ніжэйшым прыступку сацыяльнай лесвіцы знаходзіліся рабы. Імі станавіліся палонныя, якім рабілі спецыяльную татуіроўку на падбародку.

Фальклор прадстаўлены міфамі, легендамі, гераічнымі казаннямі, казкамі. Галоўнымі героямі міфаў былі Matevilya і яго брат Mustamho[2], стваральнікі сусвету.

Мова правіць

Родная мова махавэ адносіцца да качымі-юманскай сям'і моў, распаўсюджаных на паўднёвым захадзе ЗША і Каліфарнійскім паўвостраве. У 2011 г. налічвалася меней за 100 чалавек[3], якія ёй вольна валодалі.

Рэлігія правіць

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні былі заснаваны на кульце продкаў. Першым продкам лічыўся matavi'a, народжаны небам і зямлёй[4]. Ён жа стаў першым нябожчыкам. Яго нашчадкі Matevilya і Mustamho стварылі сучасны сусвет, людзей і жывёл. Важным элементам рэлігіі махавэ былі мроі. Дзякуючы ім бачылі далёкае мінулае і прадбачылі будучыню[5]. Найбольш паспяховыя пераказчыкі мрой выконвалі функцыі шаманаў. Супольныя цырымоніі арганізоўваліся рэлігійнымі правадырамі.

У XIX ст. махавэ прынялі хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі правіць