Аляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі
Аляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі (18 чэрвеня 1911, в. Мінкі, цяпер у межах Смаргоні, Смаргонскі раён — 26 верасня 2002) — беларускі культурны дзеяч, кампазітар, педагог. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1960).
Аляксандр Канстанцінавіч Шыдлоўскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 18 чэрвеня 1911 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 26 верасня 2002 (91 год) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Месца працы | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьУ час Першай сусветнай вайны сям’я Шыдлоўскіх у бежанстве ў Сімбірску. Пасля вяртання, у 1921 годзе А. Шыдлоўскі паступіў у Віленскую беларускую гімназію, дзе пазнаёміўся з беларускімі дзеячамі міжваеннага часу — Р. Шырмам, С. Паўловічам, М. Гарэцкім, А. Станкевічам. У гімназіі далучыўся да падпольнага беларускага камуністычнага руху, за што быў з гімназіі выключаны. Удзельнік нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі, за што неаднаразова арыштаваны польскімі ўладамі. У 1928 годзе стаў інструктарам беларускага парламенцкага клуба ў польскім Сейме «Змаганне». Пасля выключэння з Віленскай беларускай гімназіі перавёўся ў Клецкую беларускую гімназію, дзе вучыўся ў 1929—1930 гадах[1]. Праз нейкі час быў арыштаваны і прыгавораны да 5 гадоў турмы.
Пасля вызвалення А. Шыдлоўскі жыў і працаваў рабочым у Варшаве. У 1938 годзе А. Шыдлоўскі разам са сваім братам Язэпам Урбановічам ствараюць апошнюю ў Польшчы легальную беларускую арганізацыю — Беларускае культурнае таварыства ў Варшаве. Праца арганізацыі была скіравана да беларускіх рабочых у Варшаве. Тымчасам А. Шыдлоўскі пасябраваў з паэтам-падпольшчыкам М. Танкам. У гэты ж час А. Шыдлоўскі збіраў беларускія народныя песні, апрацоўваў іх, спяваў у беларускіх хорах.
З 1940 г. — артыст Беларускага ансамбля песні і танца. У час Вялікай Айчыннай вайны А. Шыдлоўскі быў артыстам хору Рыгора Шырмы, выступаў перад параненымі ў шпіталях, работнікамі тылу, ездзіў па франтах. З 1950 года А. Шыдлоўскі жыў у Гродне, з 1951 настаўнік, з 1960 — дырэктар, у 1972—1996 — вядучы спецыяліст Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці (з 1991 — метадычны цэнтр).
Аўтар вядомых песень «Ой, ты, Нёман родны», «Песня пра Гродна», «Колькі ў небе зор». Выйшаў асобны зборнік «Песні» (1964). Таксама А. К. Шыдлоўскі стварыў некалькі песенных калектываў.
Памяць
правіцьУ 2011 годзе на будынку Гродзенскага абласнога Дома народнай творчасці па Савецкай вуліцы, 8, у якім Шыдлоўскі працаваў у 1960—1995 гг., устаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар У. Панцялееў).
Зноскі
- ↑ Дзяржаўны архіў Гродзенскай вобласці (ДАГВ) Ф. 568. Воп. 1. Спр. 4.
Літаратура
правіць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2004. — Т. 18. Кн. 1. — С. 8. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 1).
- Беларускі фальклор: энцыклапедыя. Т. 2. — Мн., 2006.