Антон Адынец

паэт, перакладчык, мемуарыст
(Пасля перасылкі з Антон Эдвард Адынец)

Анто́н (Анто́ні) Э́двард Адыне́ц (25 студзеня 1804, в. Гейстуны Ашмянскага пав. Віленскай губерні, цяпер Ашмянскі раён, Гродзенская вобласць — 15 студзеня 1885, Варшава; Псеўданім: Inocenty Staruszkiewicz) — беларускі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. Пісаў на польскай мове.

Антон Адынец
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 25 студзеня 1804(1804-01-25)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 15 студзеня 1885(1885-01-15)[1] (80 гадоў)
Месца смерці
Пахаванне
Грамадзянства
Бацька Тадэвуш Адынец
Маці Тэрэза з Гнатоўскіх[d]
Жонка Соф’я з Мацкевічаў[d]
Дзеці Тэрэза з Адынцоў[d]
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці мовазнавец, мемуарыст, перакладчык, паэт, пісьменнік, драматург
Кірунак рамантызм
Мова твораў польская
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія

правіць
 
«Уласнасць паэта Антонія Эдварда Адынца. Тут ён нарадзіўся ў 1804 г.», малюнак Н. Орды

Паходзіў са шляхецкага роду Адынцоў герба «Адынец». Нарадзіўся ў сям’і Тадэвуша Адынца і Тэрэзы з Гнатоўскіх.[2]

Вясной 1811 года выехаў на вучобу да бліжэйшых суседзяў Скшыдлеўскіх.

З 1813 года пачаў вучыцца ў Барунскай базыльянскай школы.

У 1820 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт, у 1823 годзе, па волі бацькі мусіў наведваць юрыдычны факультэт, але як вольны слухач меў доступ да лекцый па польскай і лацінскай літаратуры на філалагічным. Ва ўніверсітэце стаў сябрам таварыства філарэтаў, якому прысвяціў «Песню філарэтаў» (пазней Ф. Багушэвіч зрабіў пераробку гэтага твора пад назвай «Песня»).

Сябраваў з А. Міцкевічам, Т. Занам, І. Дамейкам, І. Ходзькам, І. Лялевелем. Пабачыўшы паэтычныя здольнасці Адынца, Ян Чачот узяў яго пад сваю апеку, за гэта сябры празвалі Чачота Ментарам, а Адынца — Тэлемахамгрэчаскай міфалогіі, Ментар—выхавальнік Тэлемаха). Па справе таварыства быў зняволены з лістапада 1823 да лютага 1824 года.

Вызвалены вырашыў выехаць на пэўны час у Варшаву, дзе правёў 1826—1829 гады. На той час ужо выйшла яго першая кніга паэзіі «Poezje», «зборнік быў непрыхаваным перайманнем Міцкевіча, прычым не толькі ў паэтычным, але і ў друкарскім плане»[3].

У 1829 годзе разам з А. Міцкевічам выправіўся вандраваць па Германіі, Швейцарыі і Італіі.

Антоні Эдвард і Адам Міцкевіч развіталіся ў 1830 годзе ў Жэневе. У тым жа 1830 годзе прыехаў у Парыж, дзе сустракаўся з многімі тагачаснымі славутасцямі, у прыватнасці з Вікторам Гюго. Пазней наведаў Лондан. Некалькі гадоў жыў у Дрэздэне, дзе перакладаў творчасць Вальтэра Скота і Джорджа Байрана. Сюды ж прывёз Зоф’ю з Мацкевічаў, з якой пазней узяў шлюб у Караляўцы. У яе гонар Адам Міцкевіч назваў Зосяй адну з галоўных гераіняў паэмы «Пан Тадэвуш»[4].

Спрэчным застаецца пытанне, ці ён браў удзел у паўстанні 1830—1831 гадоў[5]. Справа супраць А. Адынца была закрыта Мінскай губернскай следчай камісіяй у 1834 годзе.[2]

У 1837 годзе вярнуўся ў Гейстуны, а з 1838 года жыў у Вільні. У 1829 годзе быў рэдактарам альманаха «Melitele», а ў 1841—1859 гадах—газеты на рускай і польскай мовах «Kurier Wileński» («Виленский вестник»). Увайшоў у кола энтузіястаў, якія марылі пра культурнае адраджэнне Літвы, заняпалага пасля закрыцця Віленскага ўніверсітэта. У гэта кола таксама ўваходзілі Адам Ганоры Кіркор, Мікалай Маліноўскі, Ігнат Ходзька, Уладзіслаў Сыракомля.

Паступова погляды Адынца сталі кансерватыўнейшымі. У прыватнасці, у 1858 годзе ён удзельнічаў у выданні «Віленскага альбома» у гонар Аляксандра II, для якога напісаў верш, дзе называў цара спадчыннікам Ягелонаў, што выклікала скандал і абурэнне віленскай грамадскасці: «імя А. Э. Адынца атачала павага перад памяццю Адама, а сам верш яго далёка перасягнуў усе ганебнасці»[6].

З 1866 года жыў у Варшаве. У 1867 годзе пачаў публікаваць у варшаўскім выданні «Kronika Rodzinna» падборку ўласных лістоў да сяброў з цыклу «Лісты з падарожжа», дзе распавядаў пра еўрапейскае падарожжа з Міцкевічам. Гэта публікацыя была ўспрынята з небывалым энтузіязмам.

Уладзіслаў Міцкевіч згадваў:

«Варшава, куды ён пераехаў, аказалася для Адынца больш міласцівай, чым Вільня. Акрамя таго, што галоўную віну Варшава пераклала на Кіркора і Маліноўскага, і, можа, справядліва, у арыстакратычных колах сталіцы таксама мелі надзею на магчымае змяненне царскіх адносін… Адынец маліўся Богу, ад Бога чакаў ён цуду ўваскрэсення Польшчы, але не ад народнага паўстання… Адынец належаў да тых, хто адмовіўся ад усялякіх надзей, хто лічыў, што без якіх-небудзь патрыятычных маніфестацый чакае нас канец няволі, у чым ён памыляўся: без падтрымкі кожны агонь згасае»[3].

Ёсць звесткі, што ў 1884 годзе, калі разам з Дамейкам Адынец наведваў Беларусь, сустракаўся ў Крошыне з Паўлюком Багрымам. У сваёй творчасці часта выкарыстоўваў сюжэты з гісторыі Беларусі, перакладаў сусветную класіку.

Творы Адынца пераклалі на беларускую мову Кастусь Цвірка[7], Антон Францішак Брыль.

  • У кн: Філаматы і філарэты. — Мінск: Беларускі кнігазбор, 1998. С. 352—360.
  • Успаміны пра мінулае. — Мінск: Лімарыус, 2020.
  • Выбраныя вершы з нагоды і без. Мінск, 2023 («Паэты планеты»).

Зноскі

  1. а б Antoni Edward Odyniec // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. а б Удзельнікі паўстання…
  3. а б Фядута Аляксандр. Трэба жыць доўга і перажыць усіх: Антоні Эдвард Адынец і яго ўспаміны // Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. — Мінск: Лімарыус, 2020. — С. 7-26.
  4. Цвірка, К. Тэлемак з-пад Ашмянаў. Жыццё і творчасць Антонія Эдварда Адынца // Роднае слова. — 1994. — № 3. — С. 9.
  5. Лугаўцова С. Л. Рэцэнзія на: Адынец, А. Э. Успаміны пра мінулае // Архіварыус. № 19. Мінск: НГАБ, 2020. — С. 288—301.
  6. З успамінаў Якуба Гейштара. Цытуецца паводле: Фядута Аляксандр. Трэба жыць доўга і перажыць усіх: Антоні Эдвард Адынец і яго ўспаміны // Адынец А. Э. Успаміны пра мінулае. — Мінск: Лімарыус, 2020. — С. 7-26.
  7. Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць