Астрашыцкі Гарадок
Астрашы́цкі Гарадо́к[2] (трансліт.: Astrašycki Haradok, руск.: Острошицкий Городок) — аграгарадок у Мінскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Усяжа. Адміністрацыйны цэнтр Астрашыцкагарадоцкага сельсавета. Насельніцтва 2390 чал. (1995). Знаходзіцца за 24 км на поўнач ад Мінска, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Калодзішчы; на шашы Мінск — Лагойск.
Аграгарадок
Астрашыцкі Гарадок
| ||||||||||||||||||||||
Астрашыцкі Гарадок — даўняе мястэчка гістарычнай Меншчыны.
Назва
правіцьТапонім «Астрашы́цкі Гарадо́к»[3] складаецца з дзвюх частак: азначэнне «Астрашыцкі» паказвае на блізкасць да вёскі Астрошыцы, назва «Гарадок» сведчыць пра існаванне тут невялікага замка (горада)[4].
Гісторыя
правіцьПершы пісьмовы ўспамін пра Гарадок («Астрашыцкі» дадалося пазней) датуецца 1567 годам. Паводле інвентара (1650) у мястэчку існавалі драўляны замак, гандлёвая плошча, царква, карчма і крамы; 3 вуліцы (Мінская, Глебкавіцкая і Кавальская), 51 двор. Замак меў абарончыя сцены і 4 кутнія вежы, яго абкружалі сажалкі і штучны роў. Да замка вёў мост, уваход праз браму-вежу «прускага муру» унутры якой былі жылыя, гаспадарчыя і абарончыя памяшканні. Леваруч ад брамы стаяў 1-павярховы драўляны палац, вакол якога высаджваліся зёлкі. Жылыя памяшканні палаца мелі размаляваныя дзверы і столь, печы і каміны з каляровай кафлі. За палацам размяшчаліся варыўня, кухня, пякарня, псярня, лазня, бровар. Праваруч ад брамы стаялі дом «прускага муру» з жылымі пакоямі, каморай, вазоўняй, стайняй і свіран. Перад замкам знаходзіліся стайня, вадзяны млын і тартак.
Станам на 1734 года у Астрашыцкім Гарадку было 24 двары. Паводле інвентару 1745 года — 30 двароў, драўляны палац, звярынец, фальварак з 2 жылымі будынкамі, пякарняй, стайнямі, аборай, броварам і інш. За сядзібай былі ставы з млынамі і рыбныя сажалкі.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Астрашыцкі Гарадок апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Мінскім павеце Мінскай губерні. У першай палове XIX стагоддзя за 1 км ад мястэчка збудавалі мураваны 2-павярховы палац, дзе размяшчалася сабраная М. Тышкевічам калекцыя твораў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Існаваў вялікі парк, у якім быў звярынец. Станам на 1886 год у мястэчку існавалі 2 царквы, капліца, школа, рудня, майстэрня вырабу меднага посуду для бровара, 11 крам, заезны дом, 4 млыны. На 1917 год — 324 двары.
У 1919 годзе Астрашыцкі Гарадок увайшоў у БССР, дзе 20 жніўня 1924 года стаў цэнтрам Астрашыцка-Гарадоцкага раёна (з 1935 года ў Мінскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1987 год тут было 1789 двароў, на 1995 год — 938 двароў. У 2000-я гады Астрашыцкі Гарадок атрымаў афіцыйны статус аграгарадка.
Насельніцтва
правіць- XIX стагоддзе: 1897 год — 1115 муж.
- XX стагоддзе: 1917 год — 1564 чал.; 1987 год — 1789 чал.[5]; 1995 год — 2390 чал.
Інфраструктура
правіцьУ Астрашыцкім Гарадку працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры.
Турыстычная інфармацыя
правіцьСлавутасці
правіць- Капліца (XIX ст.)
- Могілкі яўрэйскія
- Сінагога
- Царква Праабражэння Гасподняга (XIX ст.)
Страчаная спадчына
правіць- Палацава-паркавы комплекс Тышкевічаў (XVII—XVIII стагоддзі)
- Царква Святога Духа (1773; грэка-каталіцкая)
Вядомыя асобы
правіць- Таццяна Дзмітрыеўна Самусенка (1938—2000) — беларуская фехтавальшчыца (на рапірах), трохразовая алімпійская чэмпіёнка.
- На могілках пахаваны Уладзімір Ільіч Содаль (1937—2015) — беларускі літаратуразнавец, журналіст, даследчык, краязнавец.
- Варлен Леанідавіч Бечык (1939—1985) — беларускі савецкі крытык і літаратуразнавец.
- Ларыса Лявонцьеўна Кароткая (1919—2012) — беларускі літаратуразнавец, педагог, кандыдат філалагічных навук, дацэнт. Маці Варлена Бечыка.
- Іегуда Жухавіцкі (1868 — ?) — беларускі скрыпач і музычны педагог.
- Вячаслаў Якаўлевіч Семянько (нар. 1947) — беларускі графічны дызайнер і сцэнограф.
Крыніцы
правіць- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
- ↑ Дзяржаўны цэнтр картаграфа-геадэзічных матэрыялаў і дадзеных Рэспублікі Беларусь Архівавана 5 сакавіка 2016.
- ↑ к // Краткий топонимический словарь Белоруссии / В. А. Жучкевич. — Минск: Издательство Белорусского государственного университета, 1974. — 447 с. — 12 700 экз. С. 81.
- ↑ ЭГБ 1993, с. 222.
Літаратура
правіць- Віталёва В. В., Якімовіч Ю. А. Астрашыцкі Гарадок // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 222. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Gródek (4) // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack (польск.). — Warszawa, 1881. — S. 818.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Астрашыцкі Гарадок