Беларускі трэці дзяржаўны тэатр
Беларускі трэці дзяржаўны тэатр — тэатральная група пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка (з 1931 — Канстанціна Саннікава), якая была створана ў Мінску і дэбютавала 10 жніўня 1920 года пастаноўкай камедыі «Суд» паводле сцэнарыя заснавальніка тэатра.
У розныя часы меў назвы: «Трупа беларускіх артыстаў пад загадам Галубка» (Трупа Галубка), з 1924 — «Другая беларуская дзяржаўная трупа», з 1926 — «Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр», з 1932 — «Беларускі трэці дзяржаўны тэатр» (БДТ-3) з базай у Гомелі[1].
Гісторыя
правіцьПершапачаткова калектыў працаваў пры Беларускім рабочым клубе і іграў спектаклі для гледачоў ускраін Мінску. Пазней выступаў таксама ў менскіх клубах імя Леніна, Луначарскага, Дзям'яна Беднага, «Камуна» і ў «Беларускай хатцы».
Першымі акцёрамі трупы былі члены сям'і Уладзіслава Галубка — жонка Ядвіга Аляксандраўна, іх сын, дочкі Багуся, Міла і Люся, а таксама іншыя выканаўцы пераважна маладога пакалення: Андрэй Блажэвіч (Вангін) Б. Бусел (Райзман), Міхась Васілёк (Грынблат), Н. Клачко, І. Крыцкі, Л. Скжындзіеўская, Ю. Фляйто[2]. Працаваць акцёрамі актыўна ішлі і беларускія пісьменнікі — Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Алесь Дудар, Ілары Барашка. Іншыя акцёр: Антон Антонавіч Згіроўскі.
Пра першы дэбют сваёй трупы Уладзіслаў Галубок пісаў:
|
Распачаўшы працу ў сталіцы, Трупа беларускіх артыстаў выправілася ў падарожжы па Беларусі, такім чынам, стаўшы аб'язным тэатрам. Артысты не мелі ўласнага транспарту, таму часта на выпадковых павозках ці санях, а часта і пешшу пераходзілі паміж беларускімі мястэчкамі[4].
Адна з актрыс тэатра Таццяна Шашалевіч успамінала:
|
Папулярнасць тэатру шырылася вельмі інтэнсіўна, аднак у канцы 1920-х ідэалагічныя органы СССР пачалі звужаць кола яго дзейнасці, абвінавачваючы кіраўніцтва ў абмежаваным, нацыяналістычным рэпертуары і нізкім, прымітыўным узроўні яго сцэнічнага ўвасаблення. У пачатку 1930-х гг. Уладзіслава Галубка адхілілі ад мастацкага кіраўніцтва тэатру. У канцы 1931 года яго мастацкім кіраўніком быў прызначаны Канстанцін Саннікаў[2] — дзед беларускага грамадскага дзеяча і кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Андрэя Саннікава. За Галубком пакінулі адміністрацыйна-гаспадарчую працу і працу акцёра[4]. У 1934 годзе для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву, дзе выкладалі сістэму Станіслаўскага, знаёмілі з дасягненнямі расійскага і замежнага тэатраў. Тэатр Галубка жа пачалі пераводзіць у іншы кірунак — бытавы рэалістычна-псіхалагічны, у рэчышчы якога працавала абсалютная большасць сцэнічных калектываў таго часу[4].
З гэтага часу ў тэатральным рэпертуары пачалі пераважаць сучасныя савецкія творы, якія ставіліся на многіх тагачасных сцэнах: «Ярасць» Я. Янкоўскага, «Мой сябар» М. Пагодзіна, «Энтузіясты» Е. Серабракова і Е. Тарвід, «Дыктатура» і «Дзяўчаты нашай краіны» І. Мікітэнкі , «Суд» У. Кіршона, «Чужое дзіця» В. Шкваркіна, «Гадзіншчык і курыца» І. Качаргі і інш. Большасць спектакляў былі заідэалягізаваная, галоўная ўвага звярталася на паказ энтузіязму савецкіх людзей і іх барацьбу з шпіёнамі, дыверсантамі і «ворагамі народа»[2]. У 1936 годзе ставілася і класіка: расійская — «Даходнае месца» Аляксандра Астроўскага і «Пушкінскі спектакль» паводле твораў Аляксандра Пушкіна, замежная — «Падступства і каханне» Фрыдрыха Шылера[2].
У 1930-я гады адбылася кардынальная змена ўсяго творчага кірунку тэатра. Значна павысілася пастановачная культура спектакляў, іх прафесійны ўзровень, але без уліку народных традыцый і асаблівасцей калектыву. У выніку тэатр шмат у чым быў знівеліраваны, страціў сваю нацыянальную самабытнасць і непаўторнасць[2].
Пасля арышту Уладзіслава Галубка і яго расстрэлу 28 верасня 1937 года, найбольш імаверна, у Курапатах, тэатр расфарміравалі[4]. Акцёры пачалі ўладкоўвацца ў іншыя калектывы, а некаторыя ўвогуле сыйшлі з сцэны[4].
Рэпертуар
правіцьУ першыя гады працы рэпертуар тэатра фарміраваўся найбольш з п'ес Уладзіслава Галубка[4], які напісаў каля сарака альбо больш за сорак драматычных твораў, галоўным чынам меладрамы і бытавыя камедыі, якія ўзнімалі праблемы сацыяльнай няроўнасці і маралі: «За мураванай сцяной», «Бязвінная кроў», «Апошняе спатканне», «Бязродны», «Завяўшыя кветкі», «Дарагія госці», «Культурная цешча», «Патэнтаваны кум» і інш[2].
Таксама ставіліся творы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча «Пінская шляхта», Янкі Купалы «Паўлінка», Каруся Каганца «Модны шляхцюк», Леапольда Родзевіча «Збянтэжаны Саўка» і «У кавалёвай хаце», Міхася Чарота «Слуцкая варона» і «Мікітаў лапаць» і найбольш Францішка Аляхновіча — «Птушка шчасця», «Чорт і баба», «Манька», «Цені», «Страхі жыцця», «Калісь», «Бутрым Няміра» і «Лес шуміць» паводле аповесці У. Караленкі[2].
Акрамя беларускіх драматычных твораў трупай ставіліся і папулярныя на Беларусі творы замежых аўтараў: Антона Чэхава «Сватанне», Марка Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні» і «Па рэвізіі», Элізы Ажэшкі «Рысь» паводле апавядання «У зімовы вечар».
Год | Назва п'есы і аўтара; імя рэжысёра і мастака |
---|---|
1920 | «Суд» і «За мураванай сцяной» (У. Галубок), «Пашыліся ў дурні» (М. Крапіўніцкі), «Міхалка» (Далецкія) — рэж. і мастак Ул. Галубок |
1921 | «Птушка шчасця» і «Чорт і баба» (Ф. Аляхновіч), «За ідэю камунізму» (Я. Васілёк), «Праменьчык шчасця» («Госць з катаргі»), «Бязвінная кроў», «Душагубы» («Чорная душа»), «Акрываўлены падатак» («Белы вянок»), «На курорце», «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка», «Хвароба ў добрым здароўі»), «Залаты бог» (Ул. Галубок) — рэж. Ул. Галубок |
1922 | «Манька», «Цені», «Страхі жыцця», «Калісь» (Ф. Аляхновіч), «Паўлінка» (Я. Купала), «Фанатык» (Васіль Хмель), «Ганка» («Ні тая, ні другая»), «Апошняе спатканне», «Мужычае шчасце», «Былое», «Бязродны», «Дарагія госці», «Жаніхі» («Марцовыя кавалеры»), «Завяўшыя кветкі», «Культурная цешча», «Патэнтаваны кум» і «Ліхадзеі» («Бабы-ліхадзейкі», Ул. Галубок), «Модны шляхцюк» (К. Каганец), «Па рэвізіі» (М. Крапіўніцкі), «Як яны жаніліся» (В. Валодзьскі), «Слуцкая варона» (М. Чарот), «Сватанне» (А. Чэхаў) — рэж. Ул. Галубок |
1923 | «Лес шуміць» (Ф. Аляхновіч), «Антось Лата» (Я. Колас), «Падкідыш», «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка», «Хвароба ў добрым здароўі» — новы варыянт), «Князь Качаргін», «Пан Сурынта» («Блуд»), «Дзіця вуліцы», «Залатая рыбка», «Плытагоны», «Ветрагоны» («Дваяжэнцы», «Хціўцы», Ул. Галубок), «Рысь» (Ждановіч паводле Э. Ажэшкі), «Пінская шляхта» (В. Дунін-Марцінкевіч), «Мікітаў лапаць» (М. Чарот), «Збянтэжаны Саўка» і «У кавалёвай хаце» (Л. Родзевіч) — рэж. Ул. Галубок |
1924 | «Праменьчык шчасця» («Госць з катаргі» — новы варыянт), «Душагубы» («Чорная душа» — новы варыянт), «Пан князь» (Ул. Галубок) — рэж. Ул. Галубок |
1925 | «Беларускія зажынкі» (Ул. Галубок), «Бутрым Няміра» (Ф. Аляхновіч) — рэж. і мастак Ул. Галубок |
1926 | «Плытагоны» (новы варыянт; Е. Міровіч, Ул. Галубок) — рэж. Ул. Галубок |
1927 | «Фанатык» («Васіль Хмель», новая рэдакцыя), «Пінская мадонна» (Ул. Галубок) — рэж. Ул. Галубок, мастак Марыкс; «У ліпнёвую ноч» (Б. Гарчынскі) — рэж. Крыловіч |
1928 | «Краб» і «Ганка» («Ні тая, ні другая» — новы варыянт, Ул. Галубок), «Лес цёсны» (М. Ільінскі) — рэж. Ул. Галубок; «Таміла» (А. Ляжневіч паводле аднайменнага рамана Ф. Д'юшэна — рэж. М. Міцкевіч |
1929 | «Кастусь Каліноўскі» (Еўсцігней Міровіч) — рэж. Ф. Ждановіч; |
1930 | «Ярасць» (Я. Яноўскі) — рэж. Ф. Ждановіч; «Дыктатура» (псэўд. І. Мікітэнка — Міцкевіч, З. Азгур), «Віхор» («Гарачы віхор», В. Сташэўскі), «Гальштук» (А. Глебаў) — рэж. М. Міцкевіч |
1932 | «Энтузіясты» (Серабракоў), «Травід» (К. Саннікаў, Дз. Крэйн), «Мой сябар» М. Пагодзіна (К. Саннікаў, І. Ахрэмчык), «Контратака» Курдзіна (К. Саннікаў, С. Шавалдышава і Л. Яфрэмаў) |
1933 | «Дзяўчаты нашай краіны» (Мікітэнка) — рэж. Міровіч; «Суд» (Кіршон) — рэж. К. Саннікаў; «Белая зброя» (Ул. Галубок) |
1934 | «Гісторыя пяці хвастоў» Л. Левіна (К. Саннікаў, рэж.-кансультант А. Дзікі, Б. Матрунін), «Чужое дзіця» Шкваркіна (Розанаў, Елісееў) |
1935 | «Гадзіншчык і курыца» («Майстры часу») Качаргі (Міровіч, Елісееў), «Рыкашэт» Ул. Галубка (Розанаў, Елісееў), «Сяржант Дроб» Э. Самуйлёнка (К. Саннікаў, Марыкс) |
1936 | «Даходнае месца» А. Астроўскага (Міровіч, Матрунін), «Сям'я Волкавых» А. Давурына (К. Саннікаў, Марыкс) |
1937 | «Пушкінскі спектакль» («Каменны госць», сцэны з «Барыса Гадунова» і «Цыганы» А. Пушкіна; В. Пацехін, Л. Кудрыцкі), «Падступства і каханне» Ф. Шылера (К. Саннікаў, Елісееў), «Мяцеж» Дз. Фурманава і С. Паліванава (рэж. Пацехін) |
Зноскі
- ↑ ГАЛУБОК Уладзіслаў // Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
- ↑ а б в г д е ё А. В. Сабалеўскі. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр // Тэатральная Беларусь: Энцыклапедыя: У 2 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн., 2002. — Т. 1. — С. 140—143. — 568 с.
- ↑ Галубок У. Творы. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1983. — С. 593—595.
- ↑ а б в г д е Анатоль Сабалеўскі Тэатр Уладзіслава Галубка // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 5.
- ↑ Шашалевіч Т. Першы народны // Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1979. — С. 78.
Літаратура
правіць- Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок. — Мн., 1969.
- Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. — Мн., 1979.
- Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. — Мн., 1967.
- Гісторыя беларускага тэатра: У 3 т.. — Мн., 1985. — Т. 2.
- Станаўленне і развіццё рэжысуры ў беларускіх драматычных тэатрах (1841—1970 гг.): Бібліягр. паказ.. — Мн., 1989. — С. 44—63.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Беларускі трэці дзяржаўны тэатр