Пружанская раўніна

(Пасля перасылкі з Бельская раўніна)

Пружанская раўніна — фізіка-геаграфічны раён на паўднёвым захадзе Беларусі, належыць да Перадпалесся, тэрытарыяльна супадае з аднаіменным геамарфалагічным раёнам. Размяшчаецца ў паўночна-заходняй частцы Брэсцкай вобласці і паўднёва-заходняй частцы Гродзенскай вобласці. Мяжуе з Ваўкавыскім узвышшам на поўначы, Баранавіцкай раўнінай на ўсходзе, Высокаўскай раўнінай і Брэсцкай нізінай на поўдні, Нараўска-Ясельдзінскай нізінай на захадзе. Дамінуюць водна-ледавіковыя ландшафты.

Пружанская раўніна на карце Беларусі.

Геалогія правіць

У тэктанічных адносінах тэрыторыя прымеркавана да паўночна-ўсходняй часткі Падляска-Брэсцкай упадзіны, заходніх схілаў Палескай седлавіны, Івацэвіцкага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Глыбіня залягання крышталічнага фундамента паніжаецца з поўначы на поўдзень ад 600 да 900 м і з усходу на захад ад 300 да 700 м.

Платформавы чахол прадстаўлены вендскімі і кембрыйскімі, сілурскімі і ардовікскімі, юрскімі і мелавымі, палеагенавымі і неагенавымі адкладамі. Зверху на палеаген-неагенавых пясках і глінах залягаюць антрапагенавыя ўтварэнні, магутнасць якіх змяняецца ад 60-100 да 200 м, павялічваецца ў паглыбленнях карэннага ложа. Асноўную частку разрэза антрапагена складаюць бярэзінскія, нараўскія, дняпроўскія, сожскія ледавіковыя і водна-ледавіковыя тоўшчы.

Даледавіковы рэльеф уяўляе расчлянёную, крыху нахіленую на поўнач і захад паверхню. Характэрны ўзвышаныя масівы вышынёй да 100—210 м на ўсходзе і 80 м на захадзе. Яны раздзелены лагчынамі, урэзанымі (да 70 м) у скляпенне карэнных парод.

Рэльеф правіць

Асноўную частку тэрыторыі займае спадзістахвалістая водна-ледавіковая раўніна, якая змяняецца на асобных участках марэнай. Краявыя грады з прылеглымі зандрамі раздзелены сістэмай скразных далін (на большай частцы затарфаваныя). На захадзе сустракаюцца камы і озы. Шырока прадстаўлены эолавыя грады і бугры.

Найбольш прыўзнята паўночная частка, міжрэччы Саломенкі і Правай Лясной, дзе размешчана максімальная адзнака (гара Грабоўская, 192 м). Ва ўсходнім напрамку вышыні паступова ўбываюць, за выключэннем крайняга паўночнага ўсходу, дзе максімальныя значэнні дасягаюць 189 м (Бронная гара).

Пашыраны краявыя ўтварэнні сожскага ўзросту па лініі ШарашоваПружаны і МалечБярозаБронная Гара. Выдзяляецца ледавіковы комплекс, аснову якога складае Пружанскі вуглавы масіў у міжрэччы Ясельды і Папярэчнай. Тут развіты ўзгорыста-градавы рэльеф з адноснымі перавышэннямі 10-15 м. У паўднёва-заходнім і паўднёва-ўсходнім напрамках ад яго адыходзяць галіны канцова-марэнных град. Заходняя ў выглядзе дугі цягнецца ад Шарашава ўздоўж левабярэжжа Левай Лясной, затым правабярэжжа Правай Лясной да гары Белавеж. Гэта акумулятыўная насыпная форма, у межах якой сустракаюцца камы і озы. Усходняя галіна адносіцца да тыпу напорных. Цэнтральную яе частку займае Бярозаўская гляцыядыслакацыя, што працягнулася на 30 км. Яна прымеркавана да ўзвышанай часткі ложа і мае лускавата-насоўную будову з удзелам дыслакаваных парод мелу, палеагену, антрапагену. Краявыя ледавіковыя ўтварэнні займаюць верхні гіпсаметрычны ўзровень да адзнак 170 м.

Сярэдні ярус рэльефу прадстаўлены марэннай раўнінай, што распасціраецца на паўночны захад ад Пружанаў. Паверхня спадзістахвалістая (адносныя перавышэнні складаюць каля 5 м), ускладняецца невялікімі тэрмакарставымі паніжэннямі. У паўднёвым напрамку цягнуцца водна-ледавіковыя раўніны, якія паніжаюцца да адзнак 155—150 м.

Неад’емным элементам рэльефу з’яўляюцца шматлікія лагчыны, якія расчляняюць паверхню раўнін і краявых град. Днішчы многіх з іх затарфаваныя, унаследаваныя сучаснымі рачнымі далінамі, рэчышчы якіх у большасці каналізаваныя. Шырыня лагчын звычайна каля 1,5 км, у месцах азёрападобных расшырэнняў да 2-3 км.

Гідраграфія правіць

Па поўначы раёна праходзіць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. Тэрыторыя дрэнуецца рэкамі Нараў, Правая Лясная, Левая Лясная, Ясельда, каналамі Мухавец, Вінец і інш.

Рэкі Правая Лясная і Левая Лясная асвоілі маргінальную даліну, іх прытокі заклаліся па субсеквентных лагчынах. У плане рэкі ўтвараюць радыяльна-цэнтрабежны, у цэнтральнай частцы раёна паралельны рысунак гідрасеткі. Рачныя даліны адносяцца да тыпу поймавых.

Глебы і расліннасць правіць

 
У нацыянальным парку «Белавежская пушча».

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, у паніжэннях пашыраны тарфяна-балотныя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя, па далінах рэк поймавыя (алювіяльныя) глебы.

Лясістасць каля 40 %. Распаўсюджаны хваёвыя і драбналістыя лясы; сустракаюцца дубровы з дамешкам хвоі, елкі, ясеня. На тэрыторыі раёна знаходзіцца Белавежская пушча.

Літаратура правіць

  • Бакарасов В. А. Пружанская равнина // Природа Беларуси. Энциклопедия. В 3 томах. Том 1. Земля и недра / Редкол. Т. В. Белова и др. — Минск: Беларуская энцыклапедыя, 2010. — ISBN 978-985-11-0472-3 (руск.)