Віленская піярская друкарня

Віленская піярская друкарня — друкарня, якая існавала ў Вільні з сярэдзіны XVIII стагоддзя прыкладна да 1840 года. Належала ордэну піяраў[1]

Віленская піярская друкарня
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр
Тып арганізацыі друкарня

Праект друкарні існаваў ад часу стварэння калегіума і толькі доўгая спрэчка з езуітамі перашкаджала яго рэалізаваць. Педагагічная дзейнасць піяраў у Вільні выклікала актыўны пратэст з боку езуітаў. Дэкрэтам Аўгуста III піярскія школы ў Вільні і яго ваколіцах былі зачынены да 1741 г. Некаторай згоды паміж сабой піяры і езуіты дасягнулі ў 1753 г., калі езуіцкі правінцыял Себасцян Выкоўскі заключыў у Нясвіжы з піярамі дамову, згодна з якой піяры мелі права трымаць шляхецкую школу (канвікт)[2].

Пасля заключэння нясвіжскага пагаднення Мацей Догель, былы настаўнік Шчучынскай піярскай школы, які хацеў мець друкарню на высокім узроўні, на ўласныя сродкі купіў абсталяванне ў Францыі. Адначасова ён атрымаў ад караля Аўгуста III прывілей на адкрыццё пры калегіуме друкарні. Кароль не толькі даў дазвол ад 6 лістапада 1754 года (Варшава), але і ўзяў новае выдавецтва пад сваю апеку, надаўшы яму афіцыйны тытул «Typografia Regia et Reipublicae»[2].

Новая друкарня, паводле прывілея, павінна была служыць для грамадскай карысці («pro publico Reipublicae usui»), што перавышала задачы звычайнай ордэнскай друкарні[2].

Першым выданнем новага прадпрыемства павінен быў стаць падрыхтаваны Догелем збор знешнепалітычных трактатаў «Дыпламатычны кодэкс Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага» (Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lithuaniae). І хоць дзеля аховы аўтарскіх правоў на гэтае выданне 10 снежня 1754 года атрыманы асобны прывілей Аўгуста III, аднак шэраг абставін перашкаджаў яго з’яўленню на свет. Катастрофай стаў пажар 1754 года ў Варшаве, што знішчыў сабраныя для выдання рукапісы. У 1755 годзе пад уплывам езуітаў была прынятая пастанова, якая забараняла Догелю выдаваць «Кодэкс...» без пісьмовага дазволу канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага (таксама і кароннай канцылярыі)[2].

Калі ўсе перашкоды былі пераадолены і Догель атрымаў дазвол на друкаванне першых трох тамоў, выхад кнігі затрымаўся з-за памылкі на тытульным аркушы. Памылку заўважылі, калі ўжо было надрукавана некалькі соцень паасобнікаў. Нарэшце 19 лістапада 1758 г. на спецыяльнай аўдыенцыі Догель урачыста перадаў каралю і вялікаму князю літоўскаму Аўгусту III першы том сваёй працы з прысвячэннем. Пазней выйшлі пяты і чацвёрты тамы, а другі і трэці так і не пабачылі свет[2].

Быў выдадзены таксама зборнік дакументаў «Граніцы Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага»[1]. Сярод іншых выданняў піярскай друкарні можна адзначыць гістарычныя творы: два выданні (1762 і 1772 гг.) «Звычаяў старажытных рымлян», чатыры выданні (1761,1769,1778 і 1698 гг.) «Каротка сабранай свяшчэннай гісторыі Старога і Новага Запаветаў»[2], пераклады прац французскіх вучоных П. Саліньяка «Польская гісторыя» (т. 1—5, 1763—67)[1], кніга Вальтэра «Век Людовіка XIV» (1793)[1], Шарля Луі Мантэск’ё «Uwagi nad przyczynami wielkosci y upadku Rzeczypospolitey Rzymskiey»[2] і пераклад Бернарда Сіруця[2] кнігі Жана Русэта дэ Мюсі «Гісторыя расійскага народа»[1] (Rousset de Missy, Jean. Historya Panstwa Rossyyskiego napisana językom oyczystym przez Iwana Nestesuranoja[2], т. 1—5, 1781[1]). Апублікавана перакладзеная з лацінскай мовы кніга Ш. Старавольскага «Апісанне Польскага каралеўства часоў Жыгімонта III» (1765)[1].

Увогуле, пераклады складалі значную частку прадукцыі піярскай друкарні — 22%. 3 іх 65% — свецкая літаратура і гісторыя, медыцына, тэхніка, педагогіка, ваенная справа і інш. На працягу XVIII ст. мовы, з якіх перакладалі піяры, размеркаваліся наступным чынам: французская — 61%, лацінская — 31%, італьянская — 6%, англійская — 2%. Французская мова была настолькі распаўсюджаная, што часта праз яе рабіліся пераклады з іншых моў — напрыклад, кніга імператара Фрыдрыха II «Nauka żołnierska» (1771 г., выданне фінансаваў Міхал Агінскі) была перакладзена піярамі не з нямецкага арыгінала, а з французскага перакладу. Гарацый у піяраў выйшаў пад назвай «Зборнік сатыр вершам польскім, адным з літоўскіх абывацеляў выкладзены». Гэтым «літоўскім абывацелем» быў Марцін Матушэвіч, берасцейскі кашталян, аўтар мемуараў[2].

«Апісанне раслін у правінцыі ВКЛ…» Станіслава Баніфацыя Юндзіла (1791).

Але асноўнае месца сярод прадукцыі друкарні займалі падручнікі для піярскіх школ: польскай і французскай моў, філасофіі (у т.л. «Логіка» і «Выбраныя філасофскія меркаванні» К. Нарбута, 1769, 1771), прыродазнаўчых навук, матэматыкі, педагогікі (у т.л. творы Я. А. Каменскага, 1767—1768). У 1774 годзе выйшла «Усеагульная гісторыя» Я. Пучынскага[1].

Выдавалася мастацкая літаратура, п’есы для школьнага тэатра (Я. Кушаля, Я. Збікоўскага і інш.)[1].

Творы рэлігійнай тэматыкі складалі каля чвэрці ўсіх выданняў. Сярод іх працы па агіяграфіі, багаслоўі, літургіцы, казанні (М. Ф. Карповіча, Е. Цяпінскага і інш.). Агулам у 1758—1799 гады друкарня выдала каля 320 кніг[1].

Крыніцы

правіць
  1. а б в г д е ё ж з і Віленская піярская друкарня на сайце Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае»
  2. а б в г д е ё ж з і Гісторыя беларускай кнігі : у 2 т. Т. 1: Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага / М. В. Нікалаеў ; [навуковыя рэдактары тома: В. В. Антонаў, А. І. Мальдзіс; мастак Г. І. Мацур]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2009. — С. 359-362. — 423 с. — 2 500 экз. — ISBN 978-985-11-0481-5.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць