Даніла (князь друцкі)

князь друцкі ў XIII ст.

Даніла (сярэдзіна XIII ст. — 2-я палова XIII ст.[1]) — князь друцкі.

Даніла
Нараджэнне XIII стагоддзе
Смерць XIII стагоддзе
Род Друцкія
Дзеці Міхаіл Данілавіч
Дзейнасць арыстакрат

Вядомы толькі з памянніка Кіева-Пячэрскай лаўры ў спісе канца XV ст., куды занесены род кіеўскага ваяводы князя Дзмітрыя Пуцяціча і шэраг родзічаў пачынаецца з «князя Данила Дрюцкого, князя Михаила, князя Михаила, князя Димитриа, князя Симеона, князя Иоанна…»[2]. Відавочна, апошні ў пераліку — бацька князя Дзмітрыя Пуцяціча, перадапошні — дзед. Няма ў гэтым шэрагу ні братоў бацькі, ні братоў дзеда, пэўна адзначана толькі простая лінія продкаў князя па мячы.[1][3]

Жыццё князя Данілы прыпадала на сярэдзіну — 2-ю палову XIII ст., бо друцкі князь Міхаіл Міхайлавіч згаданы пад 1330 годам, значыць, яго бацька — князь Міхаіл Данілавіч жыў на мяжы XIII—XIV ст., а дзед яшчэ раней.[1]

Паводле Васіля Вароніна, імя Даніла было не з папулярных[3]. У родзе ж Рурыкавічаў свецкія і хросныя імёны даваліся не адвольна, а адсылалі да пэўнага продка, радзей родзіча, што як меркавалася адыграе на лёсе названага. Паводле Фёдара Успенскага, першы вядомы Даніла сярод Рурыкавічаў нарадзіўся ў 1201 годзе, а наступныя, напэўна, былі звязаны з ім сваяцтвам[заўв. 1][4]. Таксама Фёдар Успенскі дапускае ранейшае ўжыванне імя Даніла як хроснага чарнігаўскімі князямі Ольгавічамі[5]. Такім чынам, для друцкага князя імя Даніла магло быць як адзіным, так і толькі хросным, тады ён меў і свецкае. Бацькі Данілы маглі займаць месца ў сувязях выяўленых Успенскім, але даследчык не ведаў гэтага князя, не згаданага радаводнымі кнігамі, і не ўлічыў у сваіх разважаннях.

Звесткамі памянніка даследчыкі звычайна не карысталіся[6], але спробы іх інтэрпрэтацыі вядомы з пачатку XX ст.[3]. Лізавета дэ Вітэ выказала думку пра тоеснасць друцкага князя Данілы з унукам князя Данілы Раманавіча — Данілам Мсціславічам, адзіны раз згаданым пад 1280 годам[заўв. 2][7]. Супадзення імён аднак недастаткова для высноў[3].

Магчыма, апроч Міхаіла, князь Даніла меў прынамсі яшчэ аднаго сына. Нейкі Андрэй Данільевіч без тытула вядомы з дарчага запісу сярэдзіны — 2-й паловы XIV ст. сяльца «на Просмужци» Траецкаму прыдзелу Сафійскага сабора ў пергамінным Полацкім Евангеллі-Апракасе. На думку Андрэя Кузьміна, пра княжацкае паходжанне Андрэя Данільевіча могуць сведчыць санкцыі дарчага запісу супраць князёў і баяр, што просты чалавек або баярын не мог сабе дазволіць. Храналагічна Андрэй Данільевіч можа быць сынам князя Данілы, але пэўна гэта не вядома.[8][9]

ЗаўвагіПравіць

  1. У 1201 годзе нарадзіўся Даніла, сын галіцкага князя Рамана Мсціславіча, па кім бацька назваў яго не зразумела. Імя Данілы Раманавіча было адначасова свецкім і хросным, што можа сведчыць пра яго ўжыванне Рурыкавічамі раней як хроснага. Наступны Даніла, сын пераяслаў-залескага князя Яраслава Усеваладавіча, нарадзіўся ў 1227 годзе, выбар імя і яму быў бы незразумелым, калі б жонкі князёў Яраслава і Данілы не былі сёстрамі, а князі адпаведна сваякамі. Наданне імя па сваяку не было шырокай практыкай, але не выбівалася з традыцыі, пагатоў для малодшых сыноў. У гэтым кантэксце варта згадкі маці князя Яраслава — Шварнаўна[ru], бо ў 1230-я гады князь Даніла назваў Шварнам свайго сына. Дыскусіі пра імёны Шварна і Шварнаўны цягнуцца некалькі стагоддзяў. Прытым Шварнавен было тры сёстры не княжацкага паходжання, усе яны сталі жонкамі рускіх князёў, сучаснікаў галіцкага князя Рамана. Жонка князя Рамана, маці Данілы, таксама была не княжацкага паходжання і вядома толькі як Раманава[ru]. Напэўна, імя Данілы ў дзвюх галінах Рурыкавічаў адсылае да іх агульнага продка, хоць і не па мячы, на думку Фёдара Успенскага, ён мог быць з роду маці князя Данілы або нават з роду адной з яго бабаў. Падобная сітуацыя і з імем Аляксандр сярод Рурыкавічаў, прычым у гэтых самых галінах роду.
  2. Даніла Мсціславіч (пасля 1264 — пасля 1280) — княжыч луцкі. Сын луцкага князя Мсціслава Данілавіча і дачкі палавецкага хана Цягака, шлюб якіх адбыўся ў 1253 годзе. Адзіны раз згадваецца Іпацеўскім летапісам, калі зімою 1279—1280 гадоў на загад залатаардынскага хана Тула-Бугі разам з бацькам браў удзел ва няўдалым паходзе на Кракаў. Далейшы лёс невядомы.

Зноскі

ЛітаратураПравіць

  • Варонін В. Друцкія князі XIV стагоддзя // БГА. — 2002. — Т. 9. — № 1-2 (16-17).
  • Древний помянник Киево-Печерской лавры (конца XV и начала XVI ст.). — Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. — 1892. — Т. 6.
  • Кузьмин А. В. Опыт комментария к актам Полоцкой земли второй половины XIII-начала XV в. (окончание) // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — 2007. — № 4 (40). — С. 50-68.
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Выбор имени у русских князей в X—XVI вв.: Династическая история сквозь призму антропонимики.. — М.: Индрик, 2006. — 904 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-85759-339-5.
  • Литвина А. Ф., Успенский Ф. Б. Русские имена половецких князей: Междинастические контакты сквозь призму антропонимики / Отв. ред. Ю. В. Кагарлицкий. — М.: ПОЛИМЕДИА, 2013. — 280 с. — ISBN 978-5-7576-0305-6.
  • Полоцкие грамоты XIII ­— начала XVI в.. — М.: Университет Дмитрия Пожарского, 2015. — Т. 2. — ил., карт.; 522 с.
  • Де Витте Е. И. Комментарии к древнейшим помянникам Киево-Печерской лавры и Киево-Златоверхо-Михайловского монастыря // ЧИОНЛ. — 1913. — В. 2. Приложение. — № 23. — С. 79.