Драўляне
Драўля́не † — славянскае сярэдневяковае аб’яднанне на правабярэжжы Прыпяці ў VIII — XII стст.
Драўляне † | |
Князь Ігар збірае даніну ў драўлян
| |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | правабярэжжа Прыпяці |
Мова | Старажытнаруская |
Рэлігія | політэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | дулебы, дрыгавічы, валыняне |
Паходжанне
правіцьУ «Аповесці мінулых часоў» назва драўлян тлумачыцца тым, што яны жылі ў лясістай мясцовасці, мелі адзінае паходжанне з прыдняпроўскімі палянамі. Як вядома ў наш час, падобныя назвы сустракаліся і ў славян іншых рэгіёнаў Еўропы (гл. Дрэване), а таму могуць паказваць на даўнейшую племянную сувязь.
Археолагі атаясняюць драўлян з носьбітамі Лука-Райкавецкай культуры. В. В. Сядоў лічыў драўлян аўтахтонамі ўкраінскага Палесся, прамымі нашчадкамі дулебаў (у гэтую групу ён таксама ўключаў дрыгавічоў, валынян і палян). Аднак некаторыя гісторыкі сцвярджаюць, што драўляне перасяліліся на землі дулебаў толькі ў VII ст. Гэта часткова пацвярджаецца летапіснымі звесткамі, у якіх драўляне і дулебы пералічваюцца як сучаснікі.
Гісторыя
правіцьУ VIII — X стст. драўляне насялялі тэрыторыю на поўдзень ад Прыпяці, вакол Гарыні. На захадзе межавалі з валынянамі і бужанамі, на ўсходзе — з прыдняпроўскімі палянамі, на поўначы былі аддзелены балотамі шырынёй 50 — 60 км ад дрыгавічоў.
Згодна з летапіснымі звесткамі, у драўлян з самага пачатку была свая княжая ўлада, яны нават прыціскалі палян. Галоўныя племянныя цэнтры — Іскарасцень, Оўруч. У 883 г. Алег заваяваў іх і прымусіў плаціць даніну па адной куніцы.
Той бе Олег велик и страшен и грозен велми был, понеже многи земли приведе ко граду Киеву, и умре от коневы главы; из сухи кости выник змиа и ужали его в ногу. По немь нача княжити Игорь и воева Деревскую землю, рекше Литву, иде пакы тамо в мале дружине, и убьен бысть от Древлян. И о/л. 265 об./стася у него сын Святослав велми детеск. Княгини же его Олга с сыном своимь мьсти кровь мужа своего и князя уби, Мала именемь, и всю Литву высече. Кароткі Уладзімірскі Летапісец
|
«Аповесць мінулых часоў» называе драўлян сярод плямён, якія быццам бы ўдзельнічалі ў 907 г. у паходзе на Візантыю.
Пасля смерці Алега драўляне адмовіліся падпарадкоўвацца новаму кіеўскаму князю Ігару. Таму ў 914 г. Ігар арганізаваў супраць іх ваенную кампанію і запатрабаваў нават большую даніну, чым папярэдняя. У 945 г. ён пад ціскам дружыннікаў зноў напаў на драўлян і ўзяў даніны звыш нормы. Але і гэтага Ігару падалося мала. Ён адпусціў частку дружыны з сабранай данінай у Кіеў, а сам вярнуўся за дадатковымі паборамі. Драўляне на чале са сваім князем Малам вырашылі супраціўляцца, напалі на яго малы атрад каля свайго галоўнага цэнтра Іскарасценя і забілі.
Драўляне адправілі пасольства з 20 лепшых мужоў на ладдзях да Вольгі, удавы Ігара, з прапановай заключыць шлюб з Малам. Аднак кіеўская княгіня пакарала паслоў, засыпаўшы іх зямлёй. Другое пасольства драўлян было спалена. Пад выглядам, што збіраецца весці далейшыя перагаворы, Вольга разам з дружынай напала на драўлянскія землі і забіла яшчэ 5000 чалавек. Варагі абвясцілі новым князем яе малога сына Святаслава і такім чынам канчаткова спынілі спробы драўлян заключыць шлюб на сваю карысць.
У 946 г. Вольга арганізавала аблогу Іскарасценя. Паколькі драўляне ўстойліва трымалі абарону, яна падманам падпаліла горад і атрымала перамогу. Канфлікт з драўлянамі з-за даніны вымусіў княгіню правесці рэформу і ўвесці адзіны збор падатку — палюддзе.
Апошні раз драўляне ўпамінаюцца ў летапісе пад 1136 г., калі князь Яраполк падараваў іх землі царкве.
Культура
правіцьКіеўскія летапісцы даволі прадузята апісвалі культуру драўлян — абвінавачвалі іх у тым, што «жылі звярыным звычаем», не мелі шлюбаў, елі нячыстае, забівалі адзін аднаго, лаяліся пры старэйшых сваяках.
Археолагі выявілі, што драўляне жылі пераважна ў неўмацаваных паселішчах (хаця знойдзена каля 20 гарадзішчаў), будавалі паўзямлянкавыя заглыбленыя жытлы, займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, мелі рамеснікаў. Хавалі нябожчыкаў у курганах. Найстаражытнейшыя пахаванні ў форме спалення. З канца X ст. з’явіліся трупапалажэнні (часам у труне, галавой на захад). У магільнях знойдзены скроневыя пярсцёнкі, бронзавыя гузікі, жалезныя нажы і абручы (для драўляных вёдзер).
Літаратура
правіць- Штыхаў Г. В. Драўляне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 277. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Драўляне // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 282—283. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.