Заходне-Беларуская ландшафтная правінцыя

Заходне-Беларуская ландшафтная правінцыя — адна з пяці правінцый фізіка-геаграфічнага раянавання Беларусі.

Заходне-Беларуская ландшафтная правінцыя на карце.

Цягнецца ад заходняй мяжы Беларусі на паўночны ўсход, выкліньваецца ў раёне гарадоў Лепель і Новалукомль. Займае 20,4 % тэрыторыі краіны. У межах правінцыі пралягае водападзел Чорнага і Балтыйскага мораў. Характэрна складаная ландшафтная структура з перавагай узвышаных (узгорыста-марэнна-эразійных, камава-марэнных) і сярэдневышынных (другасна-марэнных, водна-ледавіковых) ландшафтаў.

Тэрыторыя прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Фундамент перакрыты асадкавымі пародамі дэвону, мелу, палеагену, неагену. Для антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 100—180 м (зрэдку 300 м) характэрны марэнныя адклады — супясчаныя, сугліністыя, пясчана-жвірова-галечныя. Сучасны рэльеф правінцыі сфарміраваны сожскім ледавіком, пазней моцна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі.

Цэнтральную частку правінцыі займае Беларуская града, якая складаецца з узвышшаў (Мінскага, Ашмянскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага). Пераважаюць вышыні 180—300 м. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты Беларусі — горы Дзяржынская (345 м), Лысая (342 м), Маяк (335 м). У межах Беларускай грады вылучаюць З ярусы рэльефу. Верхні (больш за 260 м) з буйнаўзгорыстым рэльефам пераважна складзены з град. Другі ярус (220—260 м) прадстаўлены сярэдне- і дробнаўзгорыстым рэльефам, марэна часта перакрыта лёсападобнымі пародамі. У рэльефе наступнай ступені (да 200 м) пераважаюць зандравыя раўніны дзюнна- ўзгорыстай формы, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Для Беларускай грады характэрна густая сетка яроў і лагчын.

На поўдні правінцыі працягваецца дэнудаваная марэнная Капыльская града (180—200 м) з хвалістай, месцамі дробнаўзгорыстай паверхняй. Паміж Ашмянскім і Мінскім узвышшамі размешчана Вілейская нізіна (160—180 м), на крайнім захадзе — Нёманская нізіна (100—160 м). Тут жа знаходзіцца самы нізкі пункт краіны з вышынёй каля 85 м. Узвышшы і нізіны раздзелены Лідскай і Стаўбцоўскай марэннымі раўнінамі (150—180 м).

Клімат правінцыі цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад −4,9° да −7,2 °C, ліпеня 17°—18 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2000—2300°, працягласць вегетацыйнага перыяду 180—200 сут. Ападкаў выпадае 600—700 мм за год (на Навагрудскім узвышшы больш за 750 мм).

Найбольш тыповыя для рэгіёна дзярнова-падзолістыя глебы (74 %) і дзярнова-палева-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць толькі 6 %. У далінах рэк тыповыя поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах — тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу.

Лясістасць каля 30 %. У складзе лясоў хвойнікі (58 %), вытворныя драбналістыя фармацыі (19,5 %), яловыя і шыракаліста-хваёвыя (13,5 %). Каля 3 % тэрыторыі займаюць лугі, 6 % — балоты.

Літаратура правіць