Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай (Гарадзішча)
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай — рымска-каталіцкі касцёл у гарадскім пасёлку Гарадзішча Баранавіцкага раёна. Размяшчаецца па вул. Міцкевіча, на ўзгорку на былой рыначнай плошчы, за савецкім часам від на яго забудаваны райвыканкамам. Пабудаваны ў стылі барока.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі | |
---|---|
53°19′38,72″ пн. ш. 26°00′25,21″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Гарадскі пасёлак | Гарадзішча |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Пінская дыяцэзія |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Ян Каменскі |
Дата пабудовы | XVIII стагоддзе |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьПершы драўляны касцёл пабудаваны ў 1494 г. ў гонар Найсвяцейшай Дзевы Марыі па фундацыі Некраша Валадковіча[1] . Паводле іншых звестак, першы храм быў заснаваны Хадкевічамі на ўсход ад старажытнага замка[2]. У цэнтры мястэчка на пагорку была пастаўлена Троіцкая царква. У 1640 (1662?) годзе з цэглы пабудавана ўніяцкая царква па фундацыі ваяводы Яна Камінскага[3][1] [4].
У XVII ст. абодва праваслаўныя храмы прыйшлі ў заняпад. Траян-Пятроўскі побач з рэшткамі праваслаўнай Троіцкай царквы ўзвёў кальвінскі збор. Наступны ўладальнік мястэчка старадубскі маршалак Гаўрыла Керло ператварыў яго ў касцёл. У 1864—1866 гг. большасць насельніцтва перайшла ў праваслаўе, касцёл быў закрыты і перададзены праваслаўным, 19 сакавіка 1868 г. пераасвячоны ў праваслаўную Троіцкую царкву. Храм знаходзіўся ў дрэнным стане, у канцы 1872 г. новы ўладальнік мястэчка Л. А. Спічакаў звярнуўся да старшыні дэпартамента дзяржаўнай эканоміі генерал-ад’ютанта К. У. Чэўкіна з просьбай аб рамонце і перабудове храма. У студзені 1873 г. губернскі архітэктар С. П. Іваноў стварыў план рэканструкцыі храма. Праект не быў прыняты, над царквой былі надбудаваны з левага боку апсіды вежа-званіца і 5-галоўе ў завяршэнні. У 1874—1876 гг. царква перабудавана пры актыўным садзейнічанні губернатара В. І. Чэрыкава, у 1919 г. ператворана ў касцёл. Перабудаваны ў 1930 г., зараз адноўлены[4].
Архітэктура
правіцьПомнік архітэктуры барока. Аднанефавы храм з прамавугольным прытворам пад двухсхільным дахам, са скарочанымі крыламі трансепта і паўкруглай апсідай, двухсхільны дах над якой пераходзіць уступам у канічнае пакрыццё. Вертыкальнасць кампазіцыі касцёла падкрэслена магутнымі лапаткамі-пілонамі і высокімі арачнымі аконнымі праёмамі з вонкавымі і ўнутранымі адхіламі. Іх ліштвы ўтоплены ў тоўшчу магутных сцен (шырыня 0,8 м) і аформлены паўкалонамі. Плоскасныя фасады акаймаваны шырокім тонкапрафіляваным карнізам, а нізкі цокаль апрацаваны закругленымі архітэктурнымі абломамі буйных чляненняў. Дынаміку архітэктурнай кампазіцыі ўзмацняе асіметрычна прыбудаваная да паўночнага боку апсіды 3-ярусная (2 васьмерыкі на чацверыку) шатровая званіца. Паміж апсідай і званіцай дабудавана сакрысція. Галоўны ўваход вырашаны арачным праёмам, фланкіраваным лапаткамі, завершаны 2-гранным шчыпцом з люкарнай па цэнтры[4].
У інтэр’еры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем на падпружных арках, апсіда — конхай, каля заходняй сцяны на 2 слупы ўзняты хоры[4].
Зноскі
- ↑ а б Żyskar J. Nasze kościoły. Djecezja Mińska. Warszawa, 1912. T. 1.
- ↑ Описание церквей и приходов Минской епархии. I. Новогрудский уезд. Мн., 1879. С. 34—40.
- ↑ Żmigrodzki J. Nowogródek i okolice. Nowogródek, 1931. S. 53.
- ↑ а б в г Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — С. 86-87. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
Літаратура
правіць- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — С. 86-87. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5.
- А. Н. Кулагин. 124. Костёл // Свод памятников истории и культуры Белоруссии (руск.) / АН БССР, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора; Редкол.: С. В. Марцелев (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1990. — Брестская область. — 424 с.: ил. — ISBN 5-85700-017-3.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай (Гарадзішча)
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай (Гарадзішча) на сайце Radzima.org
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай (Гарадзішча) на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі Ружанцовай (Гарадзішча) на сайце Catholic.by (бел.)