Адкрыць галоўнае меню

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Шарашова)

Каталіцкі храм
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
Траецкі касьцёл Шарашова 113Г000657 2.jpg
52°33′47″ пн. ш. 24°12′55″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Гарадскі пасёлак Шарашова
Канфесія Каталіцтва
Епархія Пінская дыяцэзія
Пружанскі дэканат
Архітэктурны стыль класіцызм
Дата пабудовы 1848 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000657шыфр 113Г000657
Стан дзейнічае

Касцё́л Найсвяце́йшай Тро́йцы — мураваны каталіцкі храм у гарадскім пасёлку Шарашове Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, помнік архітэктуры класіцызму[1].

ГісторыяПравіць

Першы драўляны Троіцкі касцёл у Шарашове быў пабудаваны ў 1539 годзе па распараджэнні Боны Сфорцы. У сярэдзіне XVII стагоддзя будынак згарэў у пажары, аднак быў адбудаваны наноў з дрэва. Другі храм праіснаваў да XIX стагоддзя і таксама быў знішчаны агнём[2].

Узвядзенне новага цаглянага касцёла пачалося ў 1841 годзе і завяршылася асвячэннем святыні ў 1848 годзе біскупам Вацлавам Грынявіцкім. Будаўніцтва вялося на сродкі вернікаў і ахвяраванні мясцовых шляхціцаў Кернажыцкіх. Паколькі дзяржава падтрымлівала пабудову толькі праваслаўных храмаў, шарашоўскі касцёл стаў адзіным каталіцкім храмам на Пружаншчыне, пабудаваным у той час[3]. У канцы XIX стагоддзя парафія налічвала 2750 вернікаў.

Пасля Другой сусветнай вайны ў 1948 годзе бальшавікі арыштавалі святара Альберта Бакіноўскага, а касцёл забралі ў прыхаджан і ператварылі ў склад, каштоўнасці былі раскрадзены[4]. Нягледзячы на гэта, католікі на працягу 40 гадоў збіраліся на набажэнствы каля сцен храма.

28 ліпеня 1988 года касцёл Найсвяцейшай Тройцы быў вернуты прыхаджанам, аднавілася парафія. 23 кастрычніка 1991 года епіскап Казімір Свёнтак наноў асвяціў храм. У 1995 годзе перад касцёлам парафіянамі і ксяндзом Э. Лоекам была пастаўлена капліца ў гонар 800-годдзя нараджэння Святога Антонія. У 1995 і 2005 гадах былі адрамантаваны дах і фасад касцёла. У 2007 годзе будынак быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

АрхітэктураПравіць

 
Інтэр’ер. Алтарная частка.

Размешчаны ў цэнтры мястэчка, на вул. Перамогі, 3а. Помнік архітэктуры позняга класіцызму[5]. Прамавугольны ў плане будынак, накрыты вільчыкавы дахам з вальмай над апсідай. Галоўны фасад фланкіраваны дзвюма чатырохграннымі аднаяруснымі шатровымі вежамі, аб’яднанымі атыкам з трохвугольным франтонам. У верхніх ярусах вежаў знаходзяцца арачныя праёмы. Фасад упрыгожаны дзвюма скульптурамі апосталаў, пастаўленых у бакавых арачных нішах. Такія ж скульптуры размешчаны і ў прамавугольных нішах на бакавых гранях ніжняга яруса вежаў. Над прамавугольным уваходным праёмам прарэзана паўцыркульнае акно, якое асвятляе хоры. Фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраваны арачнымі броўкамі з замкавым каменем, і пілястрамі ў прасценках[6].

Інтэр’ер трохнефны, падзелены шасцю калонамі. Скляпенні цыліндрычныя. На дзвюх калонах высяцца хоры. Алтарная частка займае шырыню цэнтральнага нефа і па баках абмежавана сакрысціямі з тэрасамі на іх перакрыццях. Алтар вырашана карынфскай каланадай, у ім змешчаны 2 драўляныя скульптуры святых і абраз «Укрыжаванне» XIX стагоддзя. На бакавой сцяне апсіды змешчаны амбон[3].

У інвентарным апісанні касцёла 1746 года згадваецца арган. Па звестках 1820 года, у храме знаходзіўся 8-рэгістравы пазітыў з 2 мяхамі, праспект якога быў афарбаваны ў белы колер і аздоблены залачоным драўляным разбеннем, які згарэў разам са старым будынкам храма ў 1828 годзе. У 1875 годзе Павел Верпахоўскі з Вялікай Бераставіцы змайстраваў у цяперашнім касцёле 25-рэгістравы арган, аб чым захавалася абвестка ў часопісе «Przegląd Katolicki» за 1875 год. Дадзены інструмент захаваўся да нашых дзён[7].

ПробашчыПравіць

  • Францішак Рамейка (1913 — ?)
  • Уладзіслаў Марковіч (1924—1934)
  • Альберт Бакіноўскі (1935—1948?)[8]
  • Яцэк Дубіцкі (цяперашні час)

На касцёльных могілках у 1848 годзе быў пахаваны ўніяцкі святар, доктар багаслоўя Міхаіл Баброўскі, які ў 1833 годзе быў сасланы ў Шарашова, дзе адпраўляў набажэнствы на беларускай мове[6].

ЗноскіПравіць

  1. Шарашова — парафія Найсвяцейшай Тройцы. Беларусь. Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі (27 лістапада 2012).
  2. Андрусь Хваёвы. Шарашова: крызіс штурхае да сваіх каранёў (бел.) . Тут і цяпер (7 чэрвеня 2011).
  3. 3,0 3,1 Пракаповіч Н.С. Летапіс духоўнасці: культавая архітэктура. Всё о Ружанах (27 лістапада 2012).
  4. Юрый Жыгамонт Деревня Шерешево (Беловежская пуща): После восстания Кастуся Калиновского здесь вешали арестованных повстанцев (руск.) . Новыя падарожжы дылетанта (27 лістапада 2012).
  5. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1984.— 368 см іл. С. 377
  6. 6,0 6,1 Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 371
  7. Арган у Шарашоўскім касцёле Найсвяцейшай Тройцы (бел.) . Арганы Беларусі. Праверана 18 кастрычніка 2019.
  8. Леанід Маракоў Святыні Беларусі, што згадваюцца ў даведніку, і святары, якія ў іх служылі. Даведнікі пісьменніка, гісторыка, энцыклапедыста Леаніда Маракова «Рэпрэсаваныя грамадскія i культурныя дзеячы Беларусі» (27 лістапада 2012).

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць