Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла (Новадзевяткавічы)
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла — мураваны каталіцкі храм у аграгарадку Новадзевяткавічах Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці. Помнік архітэктуры XVIII стагоддзя.
Каталіцкі храм | |
Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла | |
---|---|
52°54′58″ пн. ш. 25°10′06″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Аграгарадок | Новадзевяткавічы |
Канфесія | Каталіцтва |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Дэканат | Слонімскі |
Архітэктурны стыль | барока[1] |
Архітэктар | Антоніа Кжэкзоці |
Заснавальнік | Тадэвуш Слізень |
Будаўніцтва | 1786—1790 гады |
Стан | дзейнічае |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Гісторыя
правіцьХрам пабудаваны ў 1786—1790 гадах па фундацыі Тадэвуша Слізеня і Сафіі Чацвярцінскай-Слізень. Утвараў адзіны архітэктурны ансамбль з палацам, быў злучаны з ім ліпавай алеяй[2].
Праект храма выканаў прыдворны архітэктар Антоніа Кжэкзоці, роспіс інтэр’ера ажыццявіў мастак Фелікс Кашубскі, а абразы для касцёла маляваў Павел Фрыкшодэр. Дата завяршэння будаўніцтва захавалася на камені каля званіцы: «Сафія Чацв. Падкаморніца Слонімская, 1790 г.»[2]
Пасля 1831 года — парафіяльны, у 1866 годзе, пасля падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, касцёл быў зачынены. Прычынай гэтага стала тое, што ксёндз Васілеўскі падтрымліваў паўстанцаў і «прымаў і адпраўляў банды мяцежнікаў»[2].
У 1869—1872 гадах храм быў нязначна перабудаваны па праекце Леанарда Кржыжаноўскага і Мікалая Ціхвінскага[1], і працягнуў функцыянаванне ў якасці праваслаўнай царквы. У 1867 годзе маёмасць касцёла была часткова перададзена ў ружанскі і косаўскі касцёлы.
Намаганні Альфрэда Слізеня ў канцы XIX стагоддзя вярнуць храм як родавую маёмасць «засталіся без увагі». У перыяд з 1921 да 1939 года, калі Новадзевяткавічы ўваходзілі ў склад міжваеннай Польшчы, храм быў вернуты каталіцкай царкве і рэканструяваны. На 1932 год налічваў 408 парафіян[1].
За савецкім часам, у 1939 годзе касцёл быў зачынены, у ліпені 1944 года згарэў, у 1950 годзе будынак храма быў прыстасаваны пад склад мінеральных угнаенняў, а пазней і зусім закінуты. Пад канец XX стагоддзя касцёл знаходзіўся ў вельмі дрэнным стане і меў патрэбу ў сур’ёзнай рэстаўрацыі.
У 1990 годзе будынак храма быў вернуты каталіцкай царкве. У рэстаўрацыі касцёла, якая распачалася ў 2001 годзе па праекце В. Ю. Атаф, прымалі ўдзел як праваслаўныя, так і каталікі[2]. Аднавіліся набажэнствы.
Архітэктура
правіцьПершапачаткова касцёл быў пабудаваны ў пераходным стылі ад позняга барока да класіцызму, г. зв. «станіславаўскім класіцызму»[2][3].
Храм быў вырашаны 1-нефавым аб’ёмам з паўкруглай апсідай і бакавымі сакрысціямі. З перабудовай пад царкву яго архітэктура набыла рысы рэтраспэктыўна-рускага стылю. Над порцікам франтальнага 2-яруснага фасада ўзвышаўся шпіль званічкі, якая ў час перабудовы была заменена на 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам, а галоўны ўваход аформлены старажытна-рускім рундуком, вуглы плоскаснага фасада аформлены калонкамі-бочкамі. Над вальмавым чарапічным дахам быў узведзены 8-гранны барабан з цыбулепадобным купалам.
Малітоўная зала перакрыта цыліндрычным скляпеннем, над уваходам на 4 слупах навісалі хоры, 3 алтары былі счасаны, крыпта замуравана.
Званіца
правіцьПерад касцёлам размешчана брама-званіца, якая была пабудавана адначасова з самім храмам ў 1790 годзе. Твор барочна-класіцыстычнай архітэктуры. Уяўляе двухярусную пабудову: першы 4-гранны ярус руставаны, над прамавугольным праездам меў гербавы картуш з «Пагоняй». Другі ярус-звон меў у аснаванні валютныя сплывы і завяршаўся фігурным купалам з гадзіннікам-курантамі.
Зноскі
- ↑ а б в Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 258
- ↑ а б в г д Юрый Марціновіч.. Аднаўленне святыні з’яднала католікаў і праваслаўных на Слонімшчыне . Catholic.by (18 кастрычніка 2018). Праверана 5.5.2020.
- ↑ Новадзевяткавічы . Vedaj.by — Славутасці і выбітнасці Беларусі. Праверана 5.5.2020.
Літаратура
правіць- Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. — С. 258